Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Няхай мне давядзецца iсцi хоць сто год! - сказаў ён. - Я ўсё роўна буду iсцi, пакуль не дайду да вяршынi.
I не паспеў ён прамовiць гэтыя словы, як убачыў маленькага Дзядка, якi глядзеў на яго хiтрымi вачыма.
- Дык табе хочацца на вяршыню? - спытаўся Дзядок. - Што ж табе там такое трэба?
- Мне патрэбна кветка жыцця, добры пане, - адказаў Анры. - Яна патрэбная мне, каб вылечыць маю маму, iначай яна памрэ.
Дзядок закiваў галавой i, упершыся вострым падбародкам у залатую гульку на сваiм кiйку, доўга глядзеў на Анры. Нарэшце ён сказаў:
- Мне падабаецца твой ясны i шчыры твар, мой хлопча. Я чарадзей гэтай гары, i я дазволю табе прайсцi да вяршынi, але пры ўмове, што ты пажнеш i абмалоцiш усё маё збожжа, зробiш муку i спячэш з яе хлеб. Калi ж усё будзе зжата, абмалочана, змолата i спечана, паклiч мяне. Прылады, якiя спатрэбяцца табе ў працы, ты знойдзеш у тым вунь равочку. А пшанiчныя палi перад табой.
Дзядок знiк, а Анры спалохана акiнуў вокам бязмежныя пшанiчныя палi, якiя шырылiся па ўсiм схiле. Але ён нядоўга стаяў разгублены. Тут жа скiнуўшы куртку, ён адшукаў у равочку серп i рашуча ўзяўся за працу. Ён жаў сто дзевяноста пяць дзён i столькi ж начэй.
Калi ж усё было зжата, Анры ўзяў у равочку цэп i пачаў малацiць пшанiцу на млыне, якi стаяў на ўскрайку поля. Ён малоў дзевяноста пяць дзён. А калi ўсё было змолата, пачаў мясiць цеста i пячы хлеб. Ён мясiў i пёк яшчэ сто дваццаць дзён, а калi хлябы выпякалiся, складаў iх на палiчкi, як кнiжкi ў бiблiятэцы. Калi ж усё было нарэшце скончана, ён вельмi ўзрадаваўся i паклiкаў Дзядка. Дзядок адразу ўзнiк перад iм. Ён пералiчыў усе чатырыста шэсцьдзесят восем тысяч трыста дваццаць дзевяць хлябоў, пакаштаваў па маленькiм кавалачку ад першага i апошняга, потым падышоў да Анры i, ласкава ўсмiхнуўшыся, сказаў:
- Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за добрую працу.
Ён выняў з кiшэнi маленькую драўляную табакерку i, аддаўшы яе Анры, хiтра прамовiў:
- Калi вернешся дадому, адчынi гэтую табакерку. Ты знойдзеш у ёй табаку, якой нiколi раней не бачыў.
Анры нiколi не нюхаў табакi, i чарадзееў падарунак здаўся яму зусiм не цiкавым. Але ён быў добры хлопчык i не хацеў пакрыўдзiць Дзядка. Ён зрабiў задаволены выгляд i горача падзякаваў яму за падарунак.
Дзядок у адказ усмiхнуўся i раптам знiк.
Глава 4
Збор вiнаграду
Анры рушыў далей i з радасцю заўважыў, што цяпер кожны крок наблiжае яго да вяршынi. Гадзiны за тры ён прайшоў амаль две трэцi дарогi. Але раптам наперадзе вырас высокi мур, якога здалёк было чамусь не вiдаць. Анры пайшоў уздоўж мура i праз тры гадзiны з жахам заўважыў, што мур агiнае ўсю гару i ў iм няма нi дзвярэй, анi шчылiны, праз якую можна было б пралезцi.
Анры сеў на зямлю i задумаўся - як яму быць? Ён вырашыў чакаць i чакаў сорак пяць дзён, але мур стаяў, i нiчога з iм не рабiлася. Тады Анры сказаў:
- Няхай мне давядзецца чакаць хоць сто год! Я ўсё роўна не сыйду з гатага месца!
I не паспеў ён прамовiць гэтыя словы, як кавалак мура са страшным грукатам абрынуўся i з пралому да яго выйшаў Асiлак з палiцаю ў руцэ.
- Ты хочаш прайсцi, мой хлопчык? - спытаўся Асiлак. - Але што табе трэба за гэтым мурам?
- Мне патрэбна кветка жыцця, спадар Асiлак, - адказаў Анры. - Яна патрэбная мне, каб вылечыць маму, бо яна памiрае. Калi вы прапусцiце мяне, я зраблю ўсё, што вы загадаеце.
- Праўда? - узрадаваўся Асiлак. - Ты мне падабаешся. Я адзiн з чарадзеяў гэтай гары, i я прапушчу цябе да вяршынi, калi ты напоўнiш вiном мае скляпы. Вiнаграднiкi перад табой: збяры вiнаград, выцiснi сок, разлi сок у бочкi, а бочкi складзi ў скляпы. Усё, што спатрэбiцца табе ў працы, ты знойдзеш пад мурам. А калi ўсё будзе зроблена, паклiч мяне.
Анры паглядзеў вакол i ўбачыў, што ва ўсе бакi, колькi хапае вачэй, цягнуцца вiнаграднiкi.
- Што ж, - падумаў Анры, - сабраў жа я Дзядку яго збожжа, то i Асiлкаў вiнаград сабраць здолею. Дый вiно з вiнаграду зрабiць не так цяжка, як хлеб з пшанiцы.
Ён зняў куртку, знайшоў каля мура садовы нож i пачаў рэзаць гронкi ды складаць iх у цэбры. Ён збiраў вiнаград цэлыя трыццаць дзён. А калi ўсё было сабранае, пачаў выцiскаць сок i залiваць яго ў бочкi, а поўныя бочкi складаць у скляпы. Усё гэта заняло яшчэ дзевяноста дзён. Калi ж вiно было зробленае, бочкi складзеныя i скляпы поўныя, Анры паклiкаў Асiлка, i той адразу ўзнiк перад iм. Агледзеўшы ўсе бочкi, Асiлак пакаштаваў вiна з першай i апошняй i, павярнуўшыся да Анры, сказаў:
- Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Асiлка дарма.
Ён выняў з кiшэнi кветку калючага чартапалоху i, аддаўшы яе Анры, сказаў:
- Калi ты вернешся дадому i табе чаго-небудзь захочацца, панюхай гэты чартапалох.
Асiлкаў падарунак здаўся Анры не надта шчодрым, але хлопчык узяў яго з удзячнай усмешкаю. У тое ж iмгненне Асiлак свiснуў так, што ўся гара скаланулася; мур разам з Асiлкам знiклi, i Анры рушыў далей.
Глава 5
Паляванне
Калi да вяршынi заставалася iсцi ўсяго паўгадзiны, дарогу Анры перагарадзiла шырокая прорва. Яна была такая шырокая, што пераскочыць цераз яе было нiяк немагчыма, i такая глыбокая, што дна ў яе было зусiм не вiдаць. Але Анры гэта не напалохала. Ён пайшоў па беразе i iшоў вельмi i вельмi доўга, але ўрэшце вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку. I тады ён зразумеў, што прорва агiнае ўсю гару.
- Што рабiць? - падумаў Анры. - Ледзь толькi мне ўдаецца адолець адну перашкоду, як узнiкае другая. Як жа мне перабрацца на той бок?
На вочы беднаму хлопчыку набеглi горкiя слёзы. Ён пачаў разважаць ды меркаваць, як яму перайсцi цераз прорву, але колькi нi думаў, так i не змог нiчога прыдумаць. Ён, сумна сеў на беразе каля прорвы, i ў тую ж хвiлiну пачуў страшны рык. Азiрнуўшыся, ён убачыў усяго за дзесяць крокаў ад сябе вялiзнага Воўка, якi глядзеў на яго вогненнымi вачыма.
- Што ты робiш у маiх уладаннях? - спытаўся Воўк сярдзiтым голасам.
- О, спадар Воўк! - адказаў яму Анры. - Я шукаю кветку жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае. I калi вы дапаможаце мне перабрацца на той бок, я абяцаю зрабiць усё, што вы загадаеце.
- Ну што ж, хлопча, калi ты здолееш пералавiць усю дзiчыну ў маiх лясах, усiх жывёл i птушак, а пасля iх спячэш цi падсмажыш, клянуся гонарам чарадзея гэтай гары - я прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў паляваннi й кухарстве, ты знойдзеш пад гэтым дрэвам. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне. I, прамовiўшы гэтыя словы, Воўк знiк. Анры зноў акрыяў духам. Ён узяў пад дрэвам лук са стрэламi i пайшоў у лес бiць курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў ды цецерукоў. Але страляць ён не ўмеў i не мог нi ў кога пацэлiць. Так прайшло цэлыя восем дзён. Ён пачаў быў ужо трацiць надзею, калi раптам убачыў Крумкача, якога ўратаваў, калi йшоў да гары.
- Ты ўратаваў мне жыццё, - пракаркаў Крумкач, - i я абяцаў, што таксама табе прыдамся. Вось я i прыляцеў, каб дапамагчы. Бо, калi ты не выканаеш Воўчага загаду, ён з'есць цябе замест дзiчыны. Хадзi за мной: я буду паляваць, а ты будзеш напаляванае збiраць ды смажыць.
Сказаўшы гэта, Крумкач паляцеў наперад i глюгай ды пазурамi пачаў забiваць усякую жывёлу цi птушку, што траплялася яму па дарозе. Так ён паляваў сто пяцьдзесят дзён i набiў за гэты час мiльён васемсот шэсцьдзесят тысяч семсот дваццаць шэсць казуляў, курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў, цецерукоў ды перапёлак.
Калi Крумкач забiваў iх, Анры адразу iх разбiраў, абскубаў цi абельваў, а потым пёк або смажыў. Калi ж усё было скончана, Анры расклаў нагатаваную дзiчыну на ўзлеску, i Крумкач сказаў яму:
- Бывай, Анры, цяпер перад табой засталася апошняя перашкода. I хоць я не змагу табе дапамагчы, не страчвай надзеi. Чараўнiцы бароняць сыноўскую любоў!
I не паспеў Анры падзякаваць Крумкачу, як той знiк. Тады Анры паклiкаў Воўка i сказаў яму:
- Вось, спадар Воўк, гэта ўся дзiчына з вашых лясоў. Я згатаваў яе, як вы мне загадвалi. Калi ласка, прапусцiце цяпер мяне цераз прорву.
Воўк агледзеў дзiчыну, пакаштаваў смажанага i печанага, аблiзнуўся i адказаў Анры:
- Ты добры i слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Воўка дарма, i ён нiчым табе не сплацiў.
Сказаўшы гэта, Воўк пабег у лес, прынёс палку i паклаў яе перад Анры.
- Вось табе мой падарунак, - сказаў ён. - Калi ты здабудзеш кветку жыцця i табе захочацца апынуцца дзе-небудзь далёка, сядай на гэтую палку, як на каня, i яна перанясе цябе, куды ты пажадаеш.
Анры хацеў закiнуць дурацкую палку ў лес, але падумаў, што гэта будзе няветлiва, i падзякаваў Воўку.
- А цяпер сядай мне на спiну, - сказаў Воўк.
Анры залез Воўку на спiну, той разбегся i так моцна скочыў, што пераляцеў над усёю прорвай i апынуўся на другiм беразе. Анры злез на зямлю, падзякаваў Воўку i рушыў далей.
Глава 6
Рыбалка
Нарэшце ён заўважыў агароджу сада, дзе расла чароўная кветка. Яго сэрца зайшлося ад шчасця, i, задраўшы галаву ўгору, ён пабег, колькi хапала сiлы. Але раптам адчуў, што некуды падае. Ён адразу адскочыў назад i ўбачыў перад сабой роў, поўны вады. Роў быў шырокi i вельмi доўгi, так што не было вiдаць, дзе ён канчаецца.
- Чарадзейныя казкi (на белорусском языке) - Шарль Перро - Прочая детская литература
- Маленький горбун - София Сегюр - Прочая детская литература
- Лота (на белорусском языке) - Астрид Линдгрен - Прочая детская литература
- Сказки Волшебного Леса - Ольга Параскевич - Прочая детская литература
- Снежная любовь. Большая книга романтических историй для девочек - Ирина Мазаева - Прочая детская литература
- Принцесса заколдованного леса - Татьяна Скобелева - Прочая детская литература
- Английский язык с Робинзоном Крузо (в пересказе для детей) (ASCII-IPA) - James Baldwin - Прочая детская литература
- Тайна разрушенного замка - Энид Блайтон - Прочая детская литература
- Лето в Михалувке и Вильгельмувке - Корчак Януш - Прочая детская литература
- Рiка далеких мандрiв (на украинском языке) - Богдан Сушинский - Прочая детская литература