Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Бацька ўжо чакае вас у палацы ў прынца, - адказала каралева феяў.
- Як? А я думала, што прынцаў палац разбураны, а сам прынц паранены i стаў жабраком.
- Усё гэта было не па-сапраўднаму i было зроблена толькi дзеля таго, каб вы мацней спалохалiся сваёй цiкаўнасцi i не саступiлi ёй трэцi раз. А прынцаў палац вы ўбачыце такiм, якi ён i быў, пакуль вы не падралi покрыва, пад якiм хавалася каштоўнае дрэва, прызначанае вам у падарунак.
Пакуль чараўнiца прамаўляла гэтыя словы, каляснiца пад'ехала да палаца. На ганку Разалi ўжо чакалi бацька i прынц разам з усёю дворняй. Разалi кiнулася да iх, i яны шчаслiва абнялiся. Прынц, здавалася, зусiм забыў пра дрэнны ўчынак, якi Разалi ўтварыла напярэдаднi. Усё было ўжо гатовае да вяселля, i яго тут жа адсвяткавалi. На банкеце, якi доўжыўся некалькi дзён, былi чараўнiцы з усяе акругi. Разалiн бацька застаўся жыць разам са сваiмi дзецьмi. Разалi назаўжды пазбавiлася сваёй цiкаўнасцi i пражыла з Чароўным прынцам у каханнi ды шчасцi ўсё жыццё. У iх нарадзiлiся прыгожыя дзецi, i за хроснiц iм былi абраныя добрыя чараўнiцы, якiя заўжды абаранялi iх ад злых варажбiтак i чарадзеяў.
ДОБРЫ АНРЫ
Глава 1
Бедная хворая мацi
Жыла сабе аднойчы бедная жанчына. Муж у яе памёр, i засталася яна адна з маленькiм сыночкам, якога звалi Анры. Сына яна вельмi любiла, дый было за што: Анры быў прыгожы хлопчык, i хоць яму не было i сямi гадоў, ён ва ўсiм дапамагаў сваёй мацi. Пакуль яна краiла ды шыла цi хадзiла на базар гандляваць, Анры падмятаў, мыў падлогу ў хаце, гатаваў ежу цi працаваў у гародзе i маленькiм садочку, а потым браўся цыраваць адзенне, рамантаваць матчыны чаравiкi цi рабiў лавы, столiкi i ўсё, на што толькi быў здольны. Хатка, у якой яны жылi, стаяла за вёскай, i з яе вокнаў было вiдаць высокую гару, такую высокую, што нiхто i нiколi не мог дабрацца да яе вяршынi. Гару агiнала вiрная рака, а за ракой узвышалiся стромыя скалы i чарнелi бяздонныя прорвы.
Сын i мацi жылi ў ладзе ды згодзе, але аднойчы бедная кабета моцна захварэла. Знаёмых лекараў у iх не было, дый нават каб i былi, iм усё роўна не было б чым заплацiць. А сам Анры не ведаў, чым дапамагчы сваёй мацi. Калi ёй хацелася пiць, ён мог даць ёй толькi вады: нiчога iншага ў хаце не было. Дзень i ноч ён не адыходзiў ад матчынага ложка. А калi мацi засынала, глядзеў на яе i плакаў. Дзень пры днi хвароба мацнела, i ўрэшце бедная кабета зусiм сабралася памiраць - яна не магла нi гаварыць, нi есцi i нават не пазнавала Анры, якi, стоячы на каленях каля яе ложка, залiваўся гаручымi слязьмi. I тады хлопчык крыкнуў у роспачы:
- О Добрая фея! Дапамажыце мне, уратуйце маю бедную маму!
Толькi ён прамовiў гэтыя словы, як акно раптам адчынiлася i ў хаце ўзнiкла прыгожая жанчына.
- Што вам трэба, маленькi мой сябра? - спыталася яна ласкавым голасам. Вы клiкалi мяне, i вось я тут.
- Панi! - сказаў Анры, кiдаючыся на каленi i ўмольна сцiскаючы рукi. Калi вы Добрая фея, уратуйце маю бедную маму, iначай яна памрэ, i я застануся адзiн.
Чараўнiца ласкава зiрнула на хлопчыка i моўчкi падышла да ложка, на якiм ляжала яго мацi. Яна ўважлiва агледзела кабету i, дзьмухнуўшы ёй у твар, сказала:
- На жаль, мiлае дзiця, мае чары не могуць вылечыць тваю мацi. Зрабiць гэта можаш толькi ты сам. Але дзеля гэтага табе трэба быць смелым i пайсцi туды, куды я скажу.
- Я згодзен, панi. Скажыце, куды трэба iсцi, я ўсё зраблю дзеля сваёй мамы.
- Табе трэба здабыць кветку жыцця. I расце яна на вяршынi гары, якую ты бачыш з акна сваёй хаткi, - прамовiла Чараўнiца. - Калi ты здабудзеш кветку i напоiш яе сокам мацi, яна адразу ачуняе i будзе зноўку здаровая.
- Я гатовы зараз жа пайсцi на пошукi кветкi, панi. Але пакуль я буду яе шукаць, хто будзе даглядаць за маёй мацi? Дый яна, напэўна, памрэ раней, чым я паспею вярнуцца.
I хлопчык заплакаў яшчэ мацней.
- Не хвалюйся, беднае дзiцятка, - адказала Добрая фея. - Пакуль ты будзеш шукаць кветку, з тваёй мацi нiчога не здарыцца. Яна застанецца такая ж, як i цяпер. Але ведай: да таго, як ты знойдзеш кветку, цябе будуць чакаць вялiкiя выпрабаваннi i небяспека. I каб здабыць яе, табе трэба быць вельмi настойлiвым i смелым.
- Мне нiчога не страшна, панi, - сказаў Анры. - Смеласцi ў мяне хопiць. Але скажыце, як мне пазнаць гэтую кветку, бо iх так многа на гэтай гары.
- Калi ты дойдзеш да вяршынi, - адказала Чараўнiца, - паклiч доктара, якi ахоўвае чарадзейны сад. Ты скажаш яму, што гэта я паслала цябе, i тады ён дасць табе кветку.
Анры падзякаваў чараўнiцы, пацалаваў на развiтанне хворую мацi i, паклаўшы ў кiшэню кавалак хлеба, рушыў да гары.
Добрая фея ласкава зiрнула ўслед адважнаму хлопчыку, якi, хоць яму не было i сямi гадоў, не пабаяўся адзiн пайсцi на такую небяспечную гару. А гара была сапраўды небяспечная, бо ўсе, хто спрабаваў дайсцi да яе вяршынi, немаведама куды знiкалi цi гiнулi.
Глава 2
Крумкач, Певень i Жаба
Анры рашуча iшоў да гары, але аказалася, яна зусiм не так блiзка, як гэта здавалася. I замест таго, каб дабрацца да гары за паўгадзiны, яму давялося iсцi цэлы дзень.
Калi ён прайшоў ужо амаль трэцюю частку дарогi, ён раптам убачыў Крумкача, якi трапiў у пастаўленую нейкiм дрэнным хлопчыкам пастку. Бедны Крумкач марна стараўся вызвалiцца, увесь час тузаючы пятлю, але пятля толькi яшчэ мацней i балючай сцiскала яму лапу. Убачыўшы гэта, Анры жвава падбег да Крумкача, перарэзаў вяроўку i вызвалiў небараку. Крумкач узмахнуў крыламi, узляцеў у паветра i крыкнуў:
- Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся!
Анры вельмi здзiвiла, што Крумкач размаўляе па-чалавечы, але доўга думаць пра гэта часу ў яго не было, i ён рушыў далей.
Калi трошкi пазней ён спынiўся крыху адпачыць i сядзеў пад кустом, частуючыся кавалачкам хлеба, ён раптам убачыў Пеўня, за якiм гналася Лiса. Певень уцякаў з усiх ног, але Лiса ўсё роўна яго даганяла. Тады Анры злаўчыўся i, калi певень прабягаў зусiм блiзка, спрытна схапiў яго i, сунуўшы за пазуху, схаваў пад курткай. Лiса нiчога не заўважыла i, падумаўшы, што Певень павярнуў некуды ўбок, пабегла далей. Калi яна знiкла з вачэй, Анры выпусцiў Пеўня, i той, вельмi перапалоханы, шэптам сказаў:
- Дзякуй табе, слаўны хлопчык! Я таксама табе прыдамся.
Тым часам Анры адпачыў i, развiтаўшыся з Пеўнем, рушыў далей.
Ён прайшоў ужо ладны кавалак дарогi, калi раптам убачыў бедную жабу, якую збiралася праглынуць Змяя.
Жаба дрыжала ад страху i баялася паварушыцца, а Змяя падпаўзала ўсё блiжэй i блiжэй, шырока разяўляючы страшную пашчу. Але ў той самы момант, калi яна была ўжо гатовая праглынуць Жабу, Анры схапiў вялiкi камень i так трапна кiнуў iм у Змяю, што пацэлiў у самую глотку. Змяя задохлася i памерла. А Жаба паскакала прэч, крыкнуўшы на развiтанне:
- Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся.
Анры ўжо чуў, як размаўлялi Крумкач i Певень, i таму зусiм не здзiвiўся, што Жаба таксама размаўляе па-чалавечы. Ён рушыў далей i неўзабаве дайшоў да падножжа гары. Тут ён ўбачыў глыбокую i такую шырокую раку, што другога берага амаль не было вiдаць.
Спачатку Анры разгубiўся, але потым падумаў: "Можа, мне ўдасца знайсцi якi-небудзь мост цi брод, цi хоць якi човен?" Ён рушыў уздоўж ракi i абышоў кругам усю гару, але рака была паўсюль вельмi шырокая i глыбокая, i нiдзе на ёй не было нi моста, нi чоўна. Бедны Анры сеў на беразе i горка заплакаў.
- Дапамажыце мне, Добрая фея! - сказаў ён скрозь слёзы. - Якая карысць мне ведаць, што на вяршынi гары расце кветка, якая можа ўратаваць маю мацi, калi я ўсё роўна не здольны да яе дабрацца?!
Не паспеў ён гэтага сказаць, як побач узнiк Певень, якога ён уратаваў ад Лiсы.
- Добрая фея нiчым не можа дапамагчы табе, - сказаў Певень. - Гэтая гара не падпарадкуецца яе чарам. Але ты ўратаваў мне жыццё, i цяпер я хачу табе за гэта аддзячыць. Лезь да мяне на спiну! Слова гонару, я перанясу цябе на той бераг.
Без доўгiх разваг Анры ўскочыў Пеўню на спiну, i яму здалося, што зараз ён упадзе разам з Пеўнем у раку. Але Певень аказаўся такi дужы, што ў яго на спiне Анры адчуў сябе як у сядле на канi. Ён аберуч ухапiў Пеўня за грэбень, i Певень паляцеў. Рака была вельмi шырокая, i ляцець да другога берага iм давялося ажно дваццаць адзiн дзень. I ўвесь гэты час Анры не хацелася нi есцi, нi пiць, анi спаць.
Калi яны нарэшце апусцiлiся на зямлю, Анры падзякаваў Пеўню, а той прыгожа распусцiў пёры, i ў тую ж хвiлiну знiк. Анры пачаў азiрацца, шукаючы, куды ён падзеўся, i заўважыў, што рака некуды знiкла таксама.
- Напэўна, якi-небудзь чарадзей гэтай гары знарок зрабiў гэтую раку, каб не даць мне дайсцi да вяршынi, - падумаў Анры. - Але Добрая фея дапамагла мне, i цяпер я ўжо хутка дабяруся да кветкi.
Глава 3
Жнiво
Анры зноў рушыў у дарогу i iшоў яшчэ вельмi i вельмi доўга. Але колькi ён нi iшоў, усё было дарэмна: ён нi на крок не мог наблiзiцца да вяршынi нi скрануцца з месца, дзе нядаўна была рака.
Iншы хлопчык на яго месцы даўно павярнуў бы назад, але смелы Анры не адчайваўся i нягледзячы на вялiкую стому iшоў цэлыя тры днi запар. I за ўсе гэтыя тры днi так i не здолеў прасунуцца хоць трошкi наперад. Але ўсё ж рашучасць не пакiдала яго.
- Чарадзейныя казкi (на белорусском языке) - Шарль Перро - Прочая детская литература
- Маленький горбун - София Сегюр - Прочая детская литература
- Лота (на белорусском языке) - Астрид Линдгрен - Прочая детская литература
- Сказки Волшебного Леса - Ольга Параскевич - Прочая детская литература
- Снежная любовь. Большая книга романтических историй для девочек - Ирина Мазаева - Прочая детская литература
- Принцесса заколдованного леса - Татьяна Скобелева - Прочая детская литература
- Английский язык с Робинзоном Крузо (в пересказе для детей) (ASCII-IPA) - James Baldwin - Прочая детская литература
- Тайна разрушенного замка - Энид Блайтон - Прочая детская литература
- Лето в Михалувке и Вильгельмувке - Корчак Януш - Прочая детская литература
- Рiка далеких мандрiв (на украинском языке) - Богдан Сушинский - Прочая детская литература