Рейтинговые книги
Читем онлайн Казкi (на белорусском языке) - Сегюр Де

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 15

- Якая ты добрая, Разалi! Мала, што вызвалiла мяне, дык яшчэ так смачна частуеш!

Бедная Разалi горка заплакала. Яна зусiм не ведала, што рабiць, калi раптам пачула бацькавы крокi.

- Гэта мой бацька вяртаецца, - спалохана сказала яна. - О, Мыш, калi ласка, злiтуйся, пайдзi адсюль куды-небудзь, каб мой бацька цябе не бачыў!

- Нiкуды я не пайду, - адказала Мыш, - але я магу схавацца ў цябе за абцасам, каб паглядзець, як твой бацька здагадаецца пра тваё непаслушэнства.

Ледзь толькi Мыш паспела схавацца ў Разалi за спiнай, як у пакой увайшоў Прудан. Ён зiрнуў на Разалi i заўважыў, што яна ўся бледная i вельмi спалоханая.

- Разалi, - сказаў Прудан дрыготкiм голасам, - я забыў узяць ключык ад хаткi. Ты знайшла яго?

- Так, бацька, вось ён, - адказала Разалi, вяртаючы ключык, i моцна пачырванела.

- А чаму тут разлiтае малако?

- Гэта кот, бацька, - сказала Разалi.

- Кот? - здзiвiўся бацька. - Няўжо кот мог зняць з агня поўны кацёл з малаком i разлiць яго пасярод пакоя?

- Не, бацька. Гэта я сама несла кацёл i выпадкова перакулiла яго.

Разалi гаварыла ледзь чутна i не асмельвалася зiрнуць на бацьку.

- Вазьмi дзяркач, - сказаў Прудан, - ды прыбяры ўвесь гэты бруд.

- Дзеркача болей няма, - прызналася дзяўчына.

- Няма дзеркача? Але ж калi я выходзiў, ён быў.

- Я спалiла яго, выпадкова, калi... калi...

Яна змоўкла. Бацька пiльна паглядзеў на яе, потым неспакойным вокам прабег па пакоi i паволi рушыў да хаткi ў садзе.

Разалi апусцiлася на крэсла i зарыдала. А Мыш сядзела моўчкi i нi разу не паварушылася. Праз колькi хвiлiн Прудан вярнуўся, на твары ў яго быў вялiкi спалох.

- Разалi, няшчасная, што ты зрабiла? - прамовiў ён. - Ты паддалася сваёй злачыннай цiкаўнасцi i выпусцiла на волю нашага сама лютага ворага!

- Бацька, даруйце мне, даруйце, - пачала прасiць Разалi i кiнулася бацьку ў ногi. - Я не ведала, што раблю так дрэнна.

- Так заўсёды бывае з тымi, хто не слухаецца, Разалi. Яны думаюць, што калi i робяць дрэнна, дык толькi трошкi, а ўрэшце прычыняюць вялiкае гора i сабе, i iншым.

- Але, бацька, што ж гэта за Мыш i чаму вы яе гэтак баiцеся? Калi яна такая магутная, то як вы маглi так доўга трымаць яе пад замком i чаму не можаце пасадзiць зноў?

- Гэтая Мыш, дачушка, - злая i магутная варажбiтка. А сам я - чарадзей Прудан. I калi ўжо ўсё роўна ты выпусцiла майго ворага, то цяпер я магу раскрыць табе праўду, якую мусiў хаваць пятнаццаць гадоў. Дык вось, як я ўжо сказаў, я чарадзей. А твая мацi была звычайная смяротная. Але яе добры характар i прыгажосць так спадабалiся каралеве феяў i каралю чарадзеяў, што яны дазволiлi мне з ёй ажанiцца. На вяселле я зладзiў вялiкi банкет, але на няшчасце забыў запрасiць на яго Мярзотную варажбiтку, якая i без таго вельмi злавалася, што я выбраў звычайную прынцэсу i не захацеў ажанiцца з яе дачкой. I таму яна прысягнулася люта адпомсцiць маёй жонцы i дзецям. Яе пагрозы мяне не спалохалi, бо я быў амаль такi сама магутны, як i яна, i апроч таго мяне вельмi любiла каралева феяў. Не раз я сваiмi чарамi не даваў здейснiцца помсце Мярзотнiцы. Але пасля твайго нараджэння твая мацi адчула сябе вельмi блага, i я быў няздольны ёй дапамагчы. На хвiлiну я адлучыўся, каб паклiкаць на дапамогу каралеву феяў.

А калi вярнуўся, тваёй мацi ўжо не было: злая варажбiтка скарысталася з маёй адсутнасцi i забiла яе, а цябе збiралася надзялiць найгоршымi заганамi ў свеце. На шчасце, маё вяртанне не дазволiла здейснiцца яе злым намерам. Я паспеў спынiць яе як раз у той момант, калi яна надзялiла цябе цiкаўнасцю. Праз сваю цiкаўнасць ты ў пятнаццаць год павiнна была падпасцi пад яе поўную ўладу. Але каралева феяў i я, злучыўшы нашу агульную магутнасць, здолелi ўраўнаважыць варажбiткiна злое наканаванне. Было вырашана, што ты падпадзеш пад варажбiткiну ўладу толькi тады, калi да пятнаццацi год тройчы саступiш сваёй цiкаўнасцi. Разам з гэтым рашэннем каралева феяў пакарала Мярзотнiцу, абярнуўшы яе ў шэрую мыш i зачынiўшы ў той хатцы, якую ты бачыла. Тады ж яна абвясцiла, што варажбiтка не зможа выйсцi з свайго вязення, пакуль ты, Разалi сама i па сваёй волi не адчынiш ёй дзверы; што яна не набудзе свайго ранейшага выгляду, пакуль ты тройчы да пятнаццацi год не саступiш цiкаўнасцi, а калi ты хоць раз устаiш перад гэтай заганай, то будзеш вызваленая назаўжды ад чараў Мярзотнае варажбiткi i вызвалiш ад iх мяне. Мне шмат чаго каштавала дабiцца такой апекi ад каралевы феяў, i я здолеў гэта толькi таму, што паабяцаў падзялiць твой лёс i таксама зрабiцца рабом Мярзотнiцы, калi ты тройчы саступiш сваёй цiкаўнасцi. Я вырашыў выхоўваць цябе так, каб знiшчыць гэтую страшную загану - цiкаўнасць, якая павiнна была прынесцi табе столькi гора.

Таму я i трымаў цябе за гэтымi мурамi, таму i не дазваляў нiкога ўбачыць, i не меў нават слуг. Сваёю ўладай я стараўся даць табе ўсё, што ты толькi хацела, i пачынаў ужо радавацца, што ўсё iдзе гэтак добра. Заставалася ўсяго тры тыднi да твайго дня нараджэння, пасля якога ты была б вызваленая ад страшных варажбiткiных чараў. Але ў той дзень ты спытала ў мяне пра ключык, пра якi раней, здавалася, i не думала. Я не здолеў схаваць ад цябе хвалявання, выклiканага тваёй просьбай, i гэта яшчэ больш распалiла тваю цiкаўнасць. Хоць ты ўдавала вясёлай i бесклапотнай, я ведаў твае сапраўдныя думкi. Таму - сама можаш уявiць, як мне было цяжка, калi каралева феяў загадала мне пакiнуць цябе адну i пакласцi ключык на вiдным месцы, каб твая спакуса была яўнай i тым больш заслужанай магчымая перамога! Я вымушаны быў пакiнуць ключык i даць табе за маёю адсутнасцю вырашаць самой.

Уявi, Разалi, як я пакутаваў усю тую гадзiну, пакуль ты была адна, а тым больш калi вярнуўся i ўбачыў тваю разгубленасць i пачырванелыя шчокi. Я адразу здагадаўся, што ты не здолела стрымацца. Да таго дня, пакуль табе не споўнiцца пятнаццаць гадоў, я вымушаны быў хаваць ад цябе праўду i нiчога не казаў пра тое, хто ты i якая небяспека цябе чакае. Iначай ты адразу апынулася б пад уладай Мярзотнае варажбiткi.

Але i цяпер, Разалi, не ўсё яшчэ страчана. Ты можаш выправiць сваю вiну, калi за астатнiя два тыднi да твайго дня нараджэння хоць раз устаiш перад варажбiткiнымi чарамi. У пятнаццаць год ты павiнна была заручыцца з Чароўным прынцам, якi таксама паходзiць з нашага роду. I гэтыя заручыны яшчэ магчымыя. Ах, мiлае маё дзiця, Разалi, пашкадуй, калi не мяне, то хоць бы саму сябе, набярыся мужнасцi i болей не саступай сваёй прыхамацi.

Разалi слухала бацьку, седзячы ў яго на каленях, i горка плакала, схаваўшы твар у далонях. Але апошнiя бацькавы словы яе крыху падбадзёрылi, яна ласкава пацалавала яго i сказала:

- Бацька, клянуся вам, я выпраўлю сваю вiну, але не пакiдайце мяне болей адну. Побач з вамi ў мяне на ўсё стане мужнасцi, а без вас, без вашага мудрага бацькоўскага догляду мне можа зноў яе не хапiць.

- Ах, Разалi, - адказаў бацька, - на жаль, я больш не магу заставацца з табою. Цяпер я ва ўладзе Мярзотнае варажбiткi, свайго лютага ворага, а яна нiколi не пагадзiцца, каб я быў побач з табой i засцерагаў цябе ад яе вераломства. Мне нават дзiўна, чаму дагэтуль яе не вiдаць: ёй, вядома ж, было б вельмi прыемна паглядзець на маю скруху.

- Я тут, каля ног тваёй любай дачкi, - прарэзлiва вiскнула шэрая Мыш i вылезла, каб яе мог убачыць няшчасны чарадзей. - Мне было вельмi забаўна паслухаць расказ пра пакуты, якiя я табе прычынiла. Таму я i не паказвалася, каб даць табе скончыць. А цяпер, развiтвайся са сваёй даражэнькаю Разалi, я забiраю тваю прыгажуню з сабой i забараняю табе iсцi за намi.

Сказаўшы гэта, яна ўхапiла сваiмi маленькiмi вострымi зубамi Разалi за прыпол i моцна пацягнула за сабой. Разалi пачала крычаць, чапляцца за бацьку, але яе цягнула нейкая неадольная сiла. Гаротны чарадзей не вытрымаў, схапiў палку i замахнуўся ёю на Мыш, але не паспеў ён апусцiць рукi, як Мыш дакранулася да яго сваёй маленькаю лапкай, i ён знерухомеў, зрабiўшыся падобным да статуi. Разалi абедзвюма рукамi абхапiла бацькавы каленi i закрычала, молячы Мыш злiтавацца, але тая засмяялася сваiм страшным прарэзлiвым смехам i адказала:

- Хадзем, хадзем, мая любачка, табе яшчэ двойчы трэба паддацца тваёй мiлай цiкаўнасцi, але гэта будзе не тут. За два тыднi, што засталiся да твайго дня нараджэння, мы з табой шмат дзе пабываем i я шмат чаго табе пакажу.

Мыш яшчэ мацней пацягнула дзяўчынку, але Разалi з такою сiлай абхапiла бацьку рукамi, што нават нягледзячы на ўсю незвычайную варажбiткiну моц, тая не магла яе ададраць. Тады Мыш раптам рэзка i пранiзлiва вiскнула, i ўвесь дом разам патануў у агнi. Разалi не разгубiлася, яна здолела зразумець, што калi застанецца тут i згарыць разам з домам, то астатняя надзея ўратаваць бацьку будзе страчаная i ён назаўжды застанецца рабом Мярзотнае варажбiткi. А калi яна захавае сабе жыццё, то захавае i магчымасць уратаваць бацьку.

- Бывай, мой бацька! - закрычала яна. - Мы абавязкова ўбачымся праз два тыднi. Вашая Разалi прынесла вам многа гора, але яна вас i ўратуе, абяцаю вам!

I яна кiнулася ўпрочкi, ратуючыся ад полымя. Яна доўга бегла, сама не ведаючы куды, потым яшчэ некалькi гадзiн iшла i нарэшце, не адчуваючы ног ад стомы i паўжывая ад голаду, адважылася падысцi да нейкай добрай кабеты, якая сядзела на парозе сваёй хаты.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 15
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Казкi (на белорусском языке) - Сегюр Де бесплатно.
Похожие на Казкi (на белорусском языке) - Сегюр Де книги

Оставить комментарий