Рейтинговые книги
Читем онлайн Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 78

- Хадзем, - сказаў я. - Вып'ем кроплю. Ты трымалася цудоўна.

- Але на душы ў мяне зусiм не цудоўна, - адказала яна, спрабуючы ўсмiхнуцца.

- Як i ў мяне, - сказаў я. - Вось таму мы i вып'ем.

Я адкаркаваў бутэльку i налiў ёй шкляначку каньяку.

- Добра? - спытаў я.

Яна кiўнула i прыхiлiлася да майго пляча.

- Ах, мiлы, што толькi будзе?

- Не трэба плакаць, - сказаў я. - Я так ганаруся, што ты не заплакала, нiводнага разу за дзень.

- Я i не плачу, - адказала яна i заматала галавой, а слёзы кацiлiся па яе вузкiм твары.

- Давай, выпi яшчэ крыху, -гаварыў я, трымаючы яе ў абдымках. - Трэба перажыць толькi першы момант, потым будзе лягчэй.

Яна кiўнула.

- Так, Робi. I ты не турбуйся. Зараз усё пройдзе, i стане лягчэй, толькi ты не глядзi на мяне. Пакiнь на некалькi хвiлiн мяне адну, i я спраўлюся з сабой.

- Але чаму? Увесь дзень ты трымалася так мужна... Цяпер ты можаш паплакаць, колькi табе захочацца.

- Я трымалася зусiм не мужна. Ты толькi не заўважыў.

- Магчыма, - сказаў я. - Але ў тым i ёсць мужнасць.

Яна паспрабавала ўсмiхнуцца.

- У чым мужнасць, Робi?

- У тым, што не здаешся. - Я пагладзiў яе па валасах. - Пакуль не здаешся, ты - над лёсам.

- У мяне гэта не мужнасць, мiлы, - прамармытала яна. - Гэта проста страх. Нiкчэмны страх перад вялiкiм, апошнiм страхам.

- Гэта самая вялiкая мужнасць, Пат.

Яна прыхiлiлася да мяне.

- Ах, Робi, ты зусiм не ведаеш, што такое страх.

- Ведаю, - сказаў я.

Дзверы адчынiлiся. Праваднiк папрасiў бiлеты. Я падаў.

- Бiлет у спальны вагон - для дамы? - спытаў ён.

Я кiўнуў.

- Тады вам трэба перайсцi ў спальны, - сказаў ён Пат. - У iншыя вагоны бiлет не годны.

- Добра.

- А сабаку трэба здаць у багажны вагон, - заявiў ён. - Там - купэ для сабакi.

- Выдатна, - сказаў я. - А дзе спальны вагон?

- Справа - трэцi. Багажны - самы першы.

Ён пайшоў. У яго на грудзях матляўся маленькi лiхтарык. Быццам ён iшоў па шахце.

- Трэба перабiрацца, Пат, - сказаў я. - Бiлi я перапраўлю да цябе кантрабандай. У багажным яму няма чаго рабiць.

Сабе я не купiў бiлета ў спальны вагон. Мне нiчога не значыла праседзець ноч у куточку купэ. Ды i дзешавей так.

Юп ужо занёс чамаданы Пат у спальны вагон. Маленькае зграбнае купэ было аздоблена чырвоным дрэвам.

У Пат было нiжняе месца. Я спытаў праваднiка, цi занята верхняе.

- Будзе занята, - сказаў ён. - Ад Франкфурта.

- У колькi мы будзем у Франкфурце?

- А палове трэцяй.

Я даў яму "гасцiнца", i ён вярнуўся ў свой куток.

- Праз паўгадзiны мы з сабакам зноў будзем у цябе, - сказаў я Пат.

- Але ж нельга, праваднiк застаецца ў вагоне.

- Можна. Не замыкай дзверы.

Я пайшоў назад мiма праваднiка. Ён зiрнуў на мяне. На наступнай станцыi мы з сабакам выйшлi i на пероне мiма спальнага вагона перайшлi ў наступны. Тут я пачакаў, пакуль праваднiк выйшаў, каб паразмаўляць з машынiстам. Потым я зноў падняўся, прайшоў праз вагон да купэ Пат. Нiхто мяне не ўбачыў.

У белым мяккiм халаце яна выглядала вельмi прыгожа. Яе вочы гарэлi.

- Я ўжо зусiм супакоiлася, Робi, - сказала яна.

- Добра. Але цi не прылегчы табе? Тут вельмi цесна. Тады я прысяду каля цябе.

- Добра, але... - Яна павагалася i паказала на верхняе месца. - Калi раптам адчыняцца дзверы i перад намi з'явiцца прадстаўнiца Саюза выратавання паўшых дзяўчат?

- Да Франкфурта яшчэ далёка, - сказаў я. - Я буду напагатове. Я не засну.

Перад самым Франкфуртам я перайшоў у сваё купэ. Я сеў у куток каля акна i паспрабаваў заснуць. Але ў Франкфурце ў купэ з'явiўся чалавек з вусамi, як у цюленя. Ён адразу штосьцi дастаў з чамадана i пачаў есцi. Ён еў так старанна, што я не мог заснуць. Сiлкаванне працягвалася амаль гадзiну. Потым цюлень выцер вусы, улёгся i пачаў канцэрт, якога я не чуў ад роду. Гэта быў не проста храп, гэта былi ўздыхi з падвываннем, якiя перарывалiся раптоўнымi стогнамi i працяглым булькатаннем. Я не мог ва ўсiм гэтым вызначыць нiякай сiстэмы, так усё было разнастайна. На шчасце, а палове шостай чалавек выйшаў.

Калi я прачнуўся, за акном усё было бялюткае. Снег падаў буйнымi шматамi. Купэ патанула ў нерэальным паўзмроку. Мы ўжо ехалi памiж гор. Было каля дзевяцi гадзiн. Я пацягнуўся i пайшоў мыцца i галiцца. Вярнуўшыся, я ўбачыў у купэ Пат. Выгляд у яе быў свежы.

- Добра паспала? - спытаў я.

Яна кiўнула галавой.

- А кiм аказалася старая спiрытыстка - суседка па купэ?

- Яна маладая i прыгожая. Яе завуць Хэльга Гутман. Яна едзе, як i я, у санаторый.

- Сапраўды?

- Праўда, Робi. Але ты не выспаўся, па табе бачна. Табе трэба добра паснедаць.

- Кавы, - сказаў я. - Кавы з вiшнёвай настойкай.

Мы пайшлi ў вагон-рэстаран. Раптам настрой мой падняўся. Усё iдзе не так дрэнна, як здавалася ўчора.

Хэльга Гутман ужо сядзела за столiкам. Гэта была статная вясёлая дзяўчына паўднёвага тыпу.

- Дзiўна, - сказаў я, - што так супала - вы едзеце ў адзiн санаторый.

- Нiчога асаблiвага, - адказала яна.

Я глянуў на яе. Яна засмяялася.

- У гэты час пералётныя птушкi зноў збiраюцца ў гурт... Там... - яна паказала на куток рэстарана, - там увесь столiк едзе туды.

- Адкуль вы ведаеце? - спытаў я.

- Я iх ведаю з мiнулага года. Там усе знаюць адзiн аднаго.

Афiцыянт прынёс каву.

- Прынясiце мне яшчэ да кавы двайную порцыю вiшнёвай настойкi, - сказаў я.

Мне трэба было крыху выпiць. Раптам усё стала так проста. Вунь сядзяць людзi i едуць у санаторый нават другi раз, i здавалася, што гэтая паездка для iх - проста прагулка. Глупства - так баяцца. Пат вернецца, як вярталiся дадому ўсе гэтыя людзi. Я не падумаў, што ўсе гэтыя людзi ехалi туды зноў. Дастаткова было ведаць, што адтуль можна вярнуцца i жыць яшчэ цэлы год. Наша мiнулае навучыла нас не забягаць у думках далёка наперад.

Мы прыехалi пад вечар. Неба раз'яснiлася, сонца пасылала залацiстыя промнi на заснежаныя палi, а неба было такое блакiтнае, якога не было ўжо некалькi тыдняў. На вакзале было шмат сустракаючых. Яны вiталi тых, хто прыехаў, махалi iм хусцiнкамi, а з цягнiка iм адказвалi пасажыры. Хэльгу сустрэла вясёлая жанчына-бландзiнка i два мужчыны ў светлых штанах-гольф. Яна ўсхвалявана замiтусiлася, быццам пасля працяглай разлукi вярнулася дамоў.

- Да пабачэння, - потым, наверсе! - крыкнула яна нам i села са сваiмi сябрамi ў вазок.

Людзi хутка разышлiся, i праз некалькi хвiлiн мы засталiся на пероне адны. Да нас падышоў насiльшчык.

- У якi гатэль? - спытаў ён.

- У санаторый "Лясны спакой", - адказаў я.

Ён кiўнуў i даў знак фурману. Яны пагрузiлi чамаданы ў блакiтны вазок, запрэжаны двума канямi. На iх галовах былi султаны са стракатых пёраў, i пара з iх храпаў ахутвала пысы перламутравым воблакам. Мы селi.

- Хочаце падняцца наверх па канатнай дарозе цi ў санях? - спытаў фурман.

- Цi далёка на санях?

- Паўгадзiны.

- Тады на санях.

Фурман шчоўкнуў языком, i мы паехалi. Дарога вывела з вёскi i спiраляй закруцiлася ўверх. Санаторый быў на гары па-над вёскай. Доўгi белы будынак са шматлiкiмi вокнамi на балконы. Слабы вецер гайдаў сцяг над будынiнай. Я думаў, што ўбачу нешта накшталт бальнiцы. Але санаторый быў больш падобны, ва ўсякiм разе на першым паверсе, да гатэля. У холе гарэў камiн. На некалькiх столiках стаяў чайны посуд.

Мы адзначылiся ў рэгiстратуры. Работнiк занёс нашы чамаданы, i дама ў гадах растлумачыла нам, што Пат будзе жыць у пакоi 79. Я спытаў, цi нельга мне атрымаць пакой на некалькi дзён. Яна пахiтала галавой.

- У санаторыi нельга. Магчыма, у флiгелi.

- А дзе ён?

- Тут побач.

- Добра, - сказаў я. - Тады дайце мне пакой i скажыце, каб занеслi мой чамадан.

У бясшумным лiфце мы паднялiся на трэцi паверх. Наверсе, праўда, усё нагадвала бальнiцу. Хоць i вельмi камфартабельную, ды ўсё ж бальнiцу. Белыя калiдоры, белыя дзверы, усюды бляск шкла, нiкелю i чысцiнi. Нас сустрэла старшая сястра.

- Фройляйн Хольман?

- Так, - сказала Пат, - пакой 79?

Старшая сястра кiўнула, пайшла наперад i адчынiла дзверы.

- Вось ваш пакой.

Гэта было светлае, сярэдняй велiчынi памяшканне, у якое праз шырокае акно свяцiла вечаровае сонца. На стале стаяў букет жоўтых i чырвоных астраў, а за акном прасцiралiся светлыя заснежаныя палi, у якiя вёска хуталася, як у вялiзную мяккую коўдру.

- Табе падабаецца? - спытаў я Пат.

Яе позiрк на iмгненне спынiўся на мне.

- Падабаецца, - сказала яна потым.

Работнiк прынёс чамаданы.

- Калi мне прыйсцi на абследаванне? - спытала яна сястру.

- Заўтра ранiцай. Сёння вам лепш раней легчы спаць, каб як след адпачыць.

Пат скiнула з сябе плашч i паклала яго на белы ложак, на якiм вiсеў чысты тэмпературны лiст.

- У пакоi няма талефона? - спытаў я.

- Ёсць разетка, - сказала сястра. - Тэлефон можна ўстанавiць.

- Што я павiнна яшчэ зрабiць? - спытала Пат.

Сястра пахiтала галавой.

- Сёння нiчога. Толькi заўтра пасля абследавання будзе прызначана лячэнне. Абследаванне - у дзесяць. Я прыйду па вас.

- Дзякую, сястра.

Сястра выйшла. Работнiк яшчэ стаяў каля дзвярэй. Я даў яму "гасцiнца". Ён пайшоў таксама. У пакоi стала раптам вельмi цiха. Пат глядзела ў акно. Яе галава ў бляску святла здавалася чорнай.

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 78
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк бесплатно.

Оставить комментарий