Рейтинговые книги
Читем онлайн Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 78

- Так, ён быў добры.

Я сказаў ёй яшчэ адрас палiцэйскага ўчастка i што сёння ён ужо зачынены. Мне здавалася, што ёй лепш не iсцi туды адразу. На сёння - дастаткова.

Калi яна выйшла, са свайго салона паказалася фраў Залеўскi.

- Няўжо тут, акрамя мяне, нiводнай жывой душы? - спытаў я, злуючыся на самога сябе.

- Толькi пан Георгi. Дык што яна сказала?

- Нiчога.

- Тым лепей.

- Як паглядзець. Бывае, што не лепей.

- У мяне няма спачування ёй, - заявiла фраў Залеўскi энергiчна. - Нi кропелькi.

- Спачуванне - самая бескарысная рэч на свеце, - злосна сказаў я. - Гэта адваротны бок зларадства, каб вы ведалi. Колькi зараз часу?

- Без чвэрцi сем.

- Я хачу ў сем гадзiн пагаварыць па тэлефоне з фройляйн Хольман. Але без сведак. Можна?

- Нiкога няма, акрамя пана Георгi. Фрыду я ўжо адаслала. Калi хочаце, можаце сесцi ў кухнi. Проваду хопiць.

- Добра.

Я пастукаў у дзверы да Георгi. Я ўжо даўно ў яго не быў. Ён сядзеў за пiсьмовым сталом, i выгляд у яго быў вельмi дрэнны. Вакол яго ляжалi кучы парваных папер.

- Добры дзень, Георгi, - сказаў я. - Чым тут займаешся?

- Iнвентарызацыяй, - адказаў ён з ледзь прыкметнай усмешкай. - Добры занятак на куццю.

Я нахiлiўся i ўзяў шматок паперы. Гэта былi канспекты з хiмiчнымi формуламi.

- Навошта? - спытаў я.

- Больш не мае сэнсу, Робi.

Ён амаль свяцiўся ўвесь. Вушы здавалiся васковымi.

- Што ты сёння еў? - спытаў я.

Ён адмахнуўся.

- Усё роўна. Справа не ў гэтым. Не ў ежы. Але я проста не магу больш. Трэба кiдаць.

- Няўжо так дрэнна?

- Дрэнна, - сказаў ён.

- Георгi, - прамовiў я спакойна, - зiрнi на мяне. Няўжо ты думаеш, што я не хацеў таксама быць чалавекам, а не пiянiстам у гэтым бардаку, кавярнi "Iнтэрнацыяналь"?

Ён сцiскаў i расцiскаў кулакi.

- Я ведаю, Робi. Але мне ад гэтага не лягчэй. Для мяне, акрамя вучобы, нiчога не iснавала. Цяпер я ўбачыў, што няма сэнсу. Нiчога не мае сэнсу. Дарэчы: навошта чалавек жыве?

Я не стрымаўся, каб не засмяяцца, хоць i недарэчы: такi ён быў варты жалю, так горка яму было.

- Вослiк! - сказаў я. - Думаеш, што зрабiў адкрыццё? Няўжо табе здаецца, што толькi ты гэткi вялiкi мудрэц? Вядома, сэнсу няма. I жывуць людзi не дзеля нейкай мэты. Аднак не ўсё так проста. Апранайся, пайшлi. Пойдзеш са мной у "Iнтэрнацыяналь". Адсвяткуем: ты стаў мужчынам. Дагэтуль ты быў школьнiк. Праз паўгадзiны я зайду па цябе.

- Не, - сказаў ён.

Ён зусiм скiс.

- Зайду, - сказаў я. - Ты зробiш мне ласку. Мне сёння не хочацца быць аднаму.

Ён, вагаючыся, зiрнуў на мяне.

- Ну добра, - сказаў ён потым нерашуча. - Зрэшты, усё роўна.

- Вось бачыш, - сказаў я. - Для пачатку - нядрэнны дэвiз.

У сем гадзiн я заказаў тэлефонную размову з Пат. З гэтага часу плата знiжалася напалову, i я мог пагаварыць у два разы даўжэй. Я сеў на стол у прыхожай i пачаў чакаць. Iсцi ў кухню мне не хацелася. Там стаяў пах зялёных бабоў, i я не хацеў, каб ён неяк звязваўся з Пат, нават у час тэлефоннай размовы. Праз чвэрць гадзiны далi санаторый. Пат ужо была каля тэлефона. Пачуўшы так блiзка яе цёплы, прыглушаны, крыху няўпэўнены голас, я так расхваляваўся, што амаль не мог вымавiць слова. Гэта былi нейкiя дрыжыкi, бурленне крывi, ад якога не было нiякага ратунку.

- Божа мой, Пат, - сказаў я. - Няўжо гэта ты?

Яна засмяялася.

- Дзе ты, Робi? У канторы?

- Не, я сяджу ў фраў Залеўскi на стале. Як пажываеш?

- Добра, мiлы.

- Ты ўстала?

- Так. Я сяджу ў сваiм пакоi на падаконнiку ў белым халаце. На дварэ iдзе снег.

Я раптам выразна ўбачыў яе перад сабой. Я ўбачыў, як кружацца сняжынкi, я ўбачыў яе невялiкую цёмнавалосую галаву, крыху апушчаныя плечы, бронзавага колеру скуру...

- Божа мой, Пат... - сказаў я. - Заклятыя грошы! А то я зараз жа сеў бы ў самалёт i ўжо сёння быў бы каля цябе.

- Ах, мiлы...

Яна замоўкла. Я ўслухоўваўся ў цiхi трэск i гул у трубцы.

- Дзе ты, Пат?

- Тут, Робi. Але ты не павiнен так гаварыць. У мяне аж галава закруцiлася.

- I я са сваёй нiчога зрабiць не магу, - сказаў я. - Раскажы мне, што ты там робiш?

Яна пачала гаварыць, але скора я ўжо не слухаў, што яна казала. Я слухаў толькi яе голас, i пакуль сядзеў у цёмным кутку памiж галавой дзiка i кухняй з пахам зялёных бабоў, мне здавалася, што дзверы адчыняюцца i праз iх заплывае хваля цеплынi i бляску, ласкавая i стракатая, напоўненая марамi, смуткам i маладосцю. Я ўпёр ногi ў стол, прыцiснуў далоню да шчакi, я глядзеў на галаву дзiка i на адчыненыя дзверы ў кухню, але не мог справiцца з сабой: раптам з'явiлася лета, вецер, вечар над жытнёвым полем i зялёнае святло лясных сцежак. Голас змоўк. Я задыхаўся.

- Як цудоўна размаўляць з табой, Пат. А што ты робiш сёння вечарам?

- Сёння вечарам невялiчкае свята. Пачатак у восем гадзiн. Я якраз апранаюся.

- А што ты апранеш? Срабрыстую сукенку?

- Яе, Робi. Срабрыстую сукенку, у якой я была, калi ты нёс мяне па калiдоры.

- А з кiм ты пойдзеш?

- Нi з кiм. Гэта ж тут, у санаторыi. Унiзе ў зале. Тут усе ведаюць адзiн аднаго.

- Табе, вiдаць, цяжка будзе застацца вернай мне, - сказаў я. - У срабрыстай сукенцы.

Яна засмяялася.

- Няцяжка. Яна ж напамiнае.

- I мне таксама. Я бачыў, якое ўражанне робiць сукенка. Але мне не так i хочацца ведаць. Можаш здрадзiць мне, толькi каб я не ведаў. Потым, калi ты вернешся, для цябе гэта будзе як сон, якi прамiльгнуў, забыты.

- Ах, Робi, - сказала яна няспешна, i голас яе гучаў больш прыглушана. - Я не магу здрадзiць табе. Я занадта шмат думаю пра цябе. Ты не ведаеш, што за жыццё тут наверсе. Блiскучая, прыгожая турма. Стараешся забавiцца нечым - вось i ўсё. Калi я думаю пра твой пакой, то часам не ведаю, што мне рабiць. Тады я iду на вакзал i гляджу на цягнiкi, якiя прыбываюць знiзу, заходжу ў вагоны цi раблю выгляд, што некага сустракаю. Тады мне здаецца, што так я наблiжаюся да цябе.

Я закусiў вусны. Я нiколi яшчэ не чуў, каб яна так гаварыла. Яна заўсёды была сарамлiвая, i яе прыхiльнасць выяўлялася хутчэй у жэстах i позiрках, чым у словах.

- Я пастараюся прыехаць да цябе, Пат, - сказаў я.

- Праўда, Робi?

- Праўда. Магчыма, у канцы студзеня.

Я ведаў, што гэта, напэўна, будзе немагчыма, таму што з лютага трэба будзе плацiць за санаторый. Але я сказаў ёй так, каб падбадзёрыць яе. Потым будзе няцяжка адкласцi прыезд, пакуль яна не вернецца.

- Бывай, Пат, - сказаў я. - Жадаю табе ўсяго найлепшага. Будзь сёння вясёлая.

- Добра, Робi. Сёння я шчаслiвая.

Я зайшоў за Георгi, i мы з iм пайшлi ў кавярню "Iнтэрнацыяналь". Стары пракураны шынок было не пазнаць. Гарэла калядная ёлка, i яе цёплае святло адбiвалася ва ўсiх бутэльках, шклянках, у нiкелi i медзi стойкi. Прастытуткi ў вячэрнiх сукенках, увешаныя падробнымi каштоўнасцямi, сядзелi за столiкамi, чакаючы.

Роўна ў восем у зале з'явiўся аб'яднаны хор гандляроў жывёлай. Каля дзвярэй яны разбiлiся на галасы: справа - першы тэнар, злева - другi бас. Стэфан Грыгаляйт, удавец i гандляр свiннямi, дастаў камертон, даў першую ноту, i спеў на чатыры галасы пачаўся.

Дай паломнiку спакой,

Божа, у святой начы.

I анёльскаю рукой

Боль сардэчны палячы.

У блакiтным моры

Ярка свецяць зоры,

Палячу без зморы

Да цябе душой.

- Як люба, - сказала Роза i выцерла слёзы з вачэй.

Адгучала другая страфа. Гучныя воплескi. Хор у падзяку пакланiўся. Стэфан Грыгаляйт выцер спацелы лоб.

- Бетховен ёсць Бетховен, - заявiў ён.

Нiхто не запярэчыў. Стэфан схаваў хусцiнку.

- А зараз -да зброi!

Стол быў сервiраваны ў вялiкай зале, дзе звычайна збiралiся члены саюза. Пасярэдзiне на срэбных блюдах, якiя стаялi на маленькiх спiртоўках, красавалiся двое парасят, запечаныя да рудаватай скуркi. У лычах у iх былi лiмоны, на спiнках маленькiя запаленыя ёлачкi. Яны ўжо з нiчога не дзiвiлiся.

З'явiўся Алоiс у фраку, падарунку ад гаспадара. Ён прынёс з паўтузiна збаноў з вiном i налiў. З iм прыйшоў Потэр з таварыства крэмацыi, якi толькi што кiраваў спальваннем нябожчыка.

- Мiр на зямлi! - сказаў ён з гонарам, падаў Розе руку i сеў каля яе.

Стэфан Грыгаляйт, якi адразу ж запрасiў Георгi да стала, устаў i зрабiў самую кароткую i самую лепшую прамову ў сваiм жыццi. Ён падняў куфель з iскрыстым "Ваххольдэрам", зiрнуў на ўсе бакi ззяючым позiркам i выгукнуў:

- На здароўе!

Потым ён зноў сеў, i Алоiс прынёс свiныя ножкi, квашаную капусту i бульбу. З'явiўся гаспадар з падносам, на якiм стаялi вялiкiя куфлi залацiстага пльзенскага пiва.

- Еш не спяшаючыся, Георгi, - сказаў я. - Твайму страўнiку трэба спачатку прывыкнуць да тлустага мяса.

- Мне ўвогуле трэба спачатку прывыкнуць, - адказаў ён i зiрнуў на мяне.

- Гэта прыйдзе хутка, - сказаў я. - Толькi не трэба параўноўваць. Тады ўсё пойдзе як трэба.

Ён кiўнуў галавой i зноў нахiлiўся над сваёй талеркай. Раптам на другiм канцы стала распачалася сварка. Пачуўся каркаючы голас Потэра. Ён хацеў чокнуцца з гандляром цыгарамi Бушам, але той адмовiўся, заявiўшы, што ён не хоча пiць, каб пакiнуць больш месца ў жываце для ежы.

- Глупства, - лаяўся Потэр. - Калi ясi, трэба пiць. Калi п'еш, нават больш улезе.

- Лухта! - буркнуў Буш, хударлявы высокi мужчына з плоскiм носам i ў рагавых акулярах.

1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 78
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк бесплатно.

Оставить комментарий