Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Я з iм яшчэ крыху паразмаўляў, каб толькi даць яму магчымасць выгаварыцца. Нiчога не дапамагло. Ён паўтараў адно i тое, але мне здалося, што крыху супакоiўся. Ён выпiў чарку каньяку. Потым я пачуў, што мяне клiча Пат.
- Хвiлiнку! - сказаў я i ўстаў.
- Зараз, - прамовiў ён, як паслухмяны хлопчык, i таксама падняўся.
- Пабудзьце, я зараз вярнуся.
- Прабачце...
- Я неўзабаве вярнуся, - сказаў я i пайшоў у пакой да Пат.
Яна сядзела ў пасцелi. Выгляд у яе быў свежы i здаровы.
- Я цудоўна паспала, Робi! Ужо, мусiць, полудзень.
- Ты праспала роўна гадзiну, - сказаў я i паказаў ёй гадзiннiк.
Яна глянула на стрэлкi.
- Тым лепш, у нас яшчэ процьма часу. Я зараз устану.
- Добра. Праз дзесяць хвiлiн я прыйду.
- У цябе хтосьцi ёсць?
- Хасэ, - сказаў я. - Але мы не заседзiмся.
Я вярнуўся ў пакой, але Хасэ ўжо не было. Я адчынiў дзверы ў калiдор, але i там было пуста. Я пайшоў у другi канец калiдора i пастукаў у яго дзверы. Ён не адказаў. Я адчынiў дзверы i ўбачыў, што ён стаiць перад шафай. Некалькi шуфляд было выцягнута.
- Хасэ, - сказаў я, - прымiце снатворнае, ляжце ў пасцель i забудзьцеся пра ўсё хоць у сне. Цяпер вы занадта раздражнёны.
Ён паволi павярнуўся да мяне.
- Заўсёды адзiн, кожны вечар! Увесь час сядзець аднаму, як учора! Уявiце сабе!
Я сказаў яму, што гэта зменiцца, што ёсць шмат людзей, якiя вечарамi застаюцца адны. Я не пачуў адказу. Я яшчэ раз сказаў, каб ён iшоў спаць, магчыма, усё акажацца нявiнным жартам, i жонка з'явiцца дамоў. Ён кiўнуў галавой i падаў мне руку.
- Я ўвечары заскочу яшчэ, - сказаў я i пайшоў, адчуўшы палёгку.
Перад Пат ляжала газета.
- Цi не пайсцi нам сёння ў музей, Робi? - прапанавала яна.
- У музей? - спытаў я.
- Так. Там выстаўка персiдскiх дываноў. Ты ж, пэўна, не часта ходзiш у музеi?
- Нiколi не быў, - адказаў я. - Што я там згубiў?
- Ты маеш рацыю, - сказала яна i засмяялася.
- Нiчога страшнага. - Я ўстаў. - У такое надвор'е можна штосьцi зрабiць i для павышэння свайго культурнага ўзроўню.
Мы апранулiся i выйшлi. Паветра было цудоўнае. Яно пахла лесам i вiльгаццю. Калi мы праходзiлi каля "Iнтэрнацыяналя", я ўбачыў праз адчыненыя дзверы Розу, якая сядзела каля стойкi. Перад ёй стаяў яе нядзельны кубачак гарачага шакаладу. На стале ляжаў маленькi скрутак. Мусiць, як звычайна, яна сабралася паехаць да свайго дзiцяцi. Я даўно ўжо не быў у "Iнтэрнацыяналi", i мне здалося дзiўным, што Роза, як заўжды, спакойна сядзiць там. У мяне здарылася так шмат перамен, што я падумаў: усё павiнна змянiцца.
Мы прыйшлi ў музей. Я думаў, што мы тут будзем адны, але, на маё здзiўленне, людзей было вельмi шмат. Я спытаў у вахцёра, што здарылася.
- Нiчога, - адказаў той, - у днi, калi ўваход свабодны, заўсёды так.
- Вось бачыш, - сказала Пат. - Ёсць яшчэ шмат людзей, якiя цiкавяцца такiмi рэчамi.
Вахцёр ссунуў шапку на патылiцу.
- Гэта не зусiм так, паважаная фраў. Тут амаль адны беспрацоўныя. Яны прыходзяць не дзеля мастацтва. Iм няма чым заняцца. А тут хоць можна штосьцi паглядзець.
- Такое тлумачэнне мне больш зразумела, - сказаў я.
- Цяпер яшчэ не так, - сказаў вахцёр. - Прыходзьце зiмой. Набiта пад завязкi. Тут цёпла.
Мы пайшлi ў залу з развешанымi дыванамi. Гэта было цiхае бакавое памяшканне. Праз высокiя вокны можна было зазiрнуць у сад, дзе стаяў агромнiсты платан. Ён быў увесь пажоўклы, i ад яго святло ў памяшканнi набыло жаўтлявае адценне.
Дываны былi шыкоўныя. Тут былi два дываны з шаснаццатага стагоддзя з выявамi звяроў, некалькi iсфаганскiх дываноў, польскiя шаўковыя колеру ласiны з смарагдава-зялёным беражком. Гады i сонца дадалi iх фарбам зеленаватага адцення, i яны выглядалi як вялiкiя казачныя пастэлi. Ад гэтага памяшканне патанала ў пазачасавым настроi i гармонii, чаго нельга было дасягнуць выстаўкай карцiн. Сюды вельмi добра ўпiсвалася акно з восеньскай лiстотай платана i шэрым небам, быццам усё гэта было старым дываном.
Мы нейкi час пабылi тут, потым перайшлi ў iншыя залы. Тым часам людзей пабольшала, i цяпер яскрава было бачна, што яны не адпавядаюць асяроддзю. З бледнымi тварамi, у паношаных касцюмах, заклаўшы рукi за спiну, яны неяк баязлiва хадзiлi па залах, i iх вочы бачылi не карцiны часоў Адраджэння i спакойна-велiчныя скульптуры антычнасцi, а нешта зусiм iншае. Шмат хто з iх сядзеў на чырвоных, абабiтых аксамiтам канапах, змораныя, у такiх паставах, быццам былi гатовыя адразу ўстаць, калi б хто прыйшоў прагнаць iх. Па iх было вiдаць, што яны не зусiм разумеюць, як можна адпачываць на такiх канапах i не плацiць за гэта. Яны прывыклi, што дарма нiчога не даецца.
Ва ўсiх пакоях было вельмi цiха, хоць людзей, i было шмат, але нiхто не вымаўляў нi слова. I ўсё ж такi мне здалося, што я назiраю за жудаснай барацьбой, маўклiвай барацьбой людзей, якiя хоць i былi пераможаны, але не хацелi здавацца. Iх выкiнулi з працы, iмкненняў, прафесiй, i цяпер яны прыйшлi ў цiхiя залы мастацтва, каб не паддацца здранцвенню i адчаю. Яны думалi пра хлеб, толькi пра хлеб i працу. Сюды яны прыйшлi, каб на некалькi гадзiн пазбавiцца ад гэтых думак. Ледзь цягнучы ногi, з абвiслымi плячамi, яны бязмэтна сноўдалiся мiж выразных галоў рымлянаў i непераўзыдзенай прыгажосцю белых грэчаскiх жаночых скульптураў... якi страшэнны кантраст, якая несумяшчальная выява таго, чаго дасягнула чалавецтва за тысячагоддзi i чаго яно не дасягнула; створаны вяршынi бессмяротнага мастацтва, але не хапае хлеба для ўсiх смяротных...
Пад вечар мы пайшлi ў кiно. Калi мы выйшлi з кiнатэатра, неба ўжо праяснiлася. Яно было яблычна-зялёнае i вельмi яснае. Вулiцы i крамы былi ўжо асветлены. Мы паволi iшлi дадому, разглядваючы вiтрыны.
Перад ярка асветленай вiтрынай вялiкай футравай крамы я спынiўся. Вечарамi ўжо было халаднавата, i ў вiтрынах былi выстаўлены пукi серабрыстых чарнабурак i зiмнiя палiто. Я зiрнуў на Пат. Яна ўсё яшчэ хадзiла ў кароткай куртачцы i была апранута занадта лёгка.
- Калi б я быў цяпер героем з фiльма, я ўвайшоў бы ў краму i выбраў бы табе футру, - сказаў я.
Яна ўсмiхнулася.
- Якую?
- Вунь тую. - Я паказаў, як мне здавалася, на самую цёплую.
Яна засмяялася.
- У цябе добры густ, Робi. Гэта цудоўная канадская норка.
- Ты хацела б сабе такую?
Яна зiрнула на мяне.
- Ты ведаеш, колькi каштуе такая футра, мiлы?
- Не, - сказаў я. - I ведаць не хачу. Лепш я памару аб тым, што магу падараваць табе ўсё, што захачу. Чаму толькi iншыя могуць?
Яна ўважлiва паглядзела на мяне.
- Але я не хачу такой футры, Робi.
- Хочаш, - не пагадзiўся я. - I ты яе атрымаеш. I нi слова больш пра гэта. Заўтра нам яе прышлюць.
Яна ўсмiхнулася.
- Дзякую, мiлы, - сказала яна i пацалавала мяне пасярод вулiцы. - Цяпер твая чарга. - Яна спынiлася перад крамай мужчынскага адзення.
- Вось гэта фрак! Ён табе неабходны - да норкi. А яшчэ вунь той цылiндр. Як бы ты выглядаў у цылiндры?
- Як камiнар! - Я агледзеў фрак. Ён ляжаў у вiтрыне, аздобленай шэрым аксамiтам. Я яшчэ ўважлiвей зiрнуў туды. Гэта была тая крама, дзе я вясной купiў сабе гальштук... Гэта здарылася пасля таго, як я ўпершыню быў з Пат i напiўся. Раптам нешта засела мне ў горле, невядома чаму. Вясной... я нi пра што нават не здагадваўся.
Я ўзяў вузкую далоню Пат i на секунду прыклаў яе да сваёй шчакi.
- Да норкi табе трэба яшчэ нешта, - сказаў я. - Такая норка адна як машына без матора. Дзве-тры вячэрнiя сукенкi...
- Вячэрнiя сукенкi, - сказала яна i спынiлася перад вялiзнай вiтрынай. Вячэрнiя сукенкi, сапраўды... ад iх цяжэй адмовiцца.
Мы выбралi тры шыкоўныя сукенкi. Я заўважыў, як гэтая гульня ажывiла Пат. Яна аднеслася да яе вельмi сур'ёзна: вячэрнiя сукенкi былi яе слабасцю. Мы выбралi яшчэ некалькi рэчаў, якiя патрабавалiся да сукенак. Яна ўсё больш ажыўлялася. Яе вочы блiшчалi. Я стаяў побач i слухаў i ўвесь час смяяўся i думаў, што гэта за д'ябальшчына - любiць жанчыну i быць бедным.
- Хадзем сюды, - сказаў я нарэшце з нейкай адчайнай весялосцю. - Калi ўжо штосьцi робiш, то трэба даводзiць да канца.
Я падвёў яе да ювелiрнага крамы.
- Вось гэты смарагдавы бранзалет! А да яго два пярсцёнкi i завушнiцы. Не будзем больш пра гэта гаварыць. Смарагды падыдуць табе найлепш.
- Тады ты атрымаеш плацiнавы гадзiннiк i жамчужыны да сарочкi.
- А ты - усю краму! На меншае я не пайду...
Яна засмяялася i, цяжка дыхаючы, прыхiлiлася да мяне.
- Хопiць, мiлы, хопiць. Зараз мы толькi купiм два чамаданы i адправiмся ў бюро вандраванняў, потым упакуемся i паедзем - прэч з гэтага горада, i з гэтай восенi, i з гэтага дажджу.
"Праўда, - падумаў я, - божа мой, праўда, i ты паправiшся!"
- Куды паедзем? - спытаў я. - У Эгiпет? Цi далей? У Iндыю цi Кiтай?
- На сонца, каханы, куды-небудзь на сонца, на поўдзень, у цяплынь. Туды, дзе пальмы i скалы, i белыя домiкi над морам, i агавы. Але магчыма, там таксама iдзе дождж. Магчыма, дождж iдзе ўсюды.
- Тады мы паедзем яшчэ далей, - сказаў я. - Будзем ехаць, пакуль не знойдзем месца без дажджу. Забяромся ў самыя тропiкi, у паўднёвыя моры.
Мы апынулiся перад яркiмi вiтрынамi бюро вандраванняў "Гамбург - Амерыка". За шыбамi быў устаноўлены макет парахода. Ён плыў па сiнiх кардонных хвалях, а за iм магутна ўздымалася павялiчаная фатаграфiя небаскробаў Манхэтэна. У вiтрынах вiселi вялiзныя стракатыя геаграфiчныя карты з чырвонымi лiнiямi маршрутаў.
- Камiзэлька (на белорусском языке) - Болеслав Прус - Проза
- Нямкi (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) - Франсуа Мориак - Проза
- Панi Парыс (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Вечар (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль - Проза
- Герастрат (на белорусском языке) - Жан Сартр - Проза
- Белая девушка - Ганс Эверс - Проза
- Статуи никогда не смеются - Франчиск Мунтяну - Проза
- Без благословения церкви - Редьярд Киплинг - Проза