Рейтинговые книги
Читем онлайн Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 78

- Не, - здзiўлена адказаў я. - Iнакш я даўно вам сказаў бы.

Ён зноў кiўнуў i пайшоў у свой пакой з адсутным выглядам, не сказаўшы нi слова.

Пат ужо пабыла ў маiм пакоi i знайшла ружы. Яна сустрэла мяне вясёлым смехам.

- Робi, - сказала яна. - Я ўсё-такi даволi наiўная. Толькi Фрыда растлумачыла мне, што свежыя ружы ў нядзелю ранiцай пахнуць крадзяжом. Яна ж i падказала мне, што такi сорт не прадаецца ў крамах.

- Думай, што хочаш, - адказаў я. - Галоўнае, каб у цябе была радасць.

- Цяпер яна ў мяне яшчэ большая, мiлы. Ты ж зведаў небяспеку, рабуючы iх.

- Яшчэ якую! - Я прыпомнiў пастара. - Але чаму ты так рана ўстала?

- Не магла больш спаць. Ды яшчэ нешта саснiла. Штосьцi нядобрае.

Я ўважлiва паглядзеў на яе. Выгляд у яе быў змораны, пад вачыма ляжалi ценi.

- З якiх пор ты бачыш такiя сны? - сказаў я. - Мне здавалася, што гэта мой канёк.

Яна пахiтала галавой.

- Ты заўважыў, што на дварэ восень?

- У нас гэта называецца бабiным летам, - адказаў я. - Яшчэ цвiтуць ружы. Iдзе дождж, вось i ўсё, што я бачу.

- Iдзе дождж, - паўтарыла яна. - Занадта задажджыла, каханы. Бывае, ноччу, калi прачнуся, мне здаецца, што я пахаваная пад бясконцым дажджом.

- Прыходзь ноччу да мяне, - сказаў я. - Тады ў цябе не будзе такiх думак. Наадварот, так хораша быць разам у цемры i пад дажджом.

- Магчыма, - адказала яна i прыхiлiлася да мяне.

- Я вельмi люблю, калi ў нядзелю iдзе дождж, - сказаў я. - Тады неяк лепш адчуваеш утульнасць жыцця. Мы - разам, у нас выдатны цёплы пакой. Нас чакае вольны дзень... Думаю, што гэта вельмi шмат.

Яе твар засвяцiўся.

- Праўда, мы жывём утульна?

- Мне здаецца, што мы жывём цудоўна. Калi я падумаю, што было раней... божа мой! Я i не спадзяваўся, што буду так добра жыць...

- Як хораша, калi ты так кажаш... Тады я адразу веру. Гавары такiя словы часцей.

- Цi ж я не часта iх гавару?

- Не.

- Можа быць, - сказаў я. - Мне здаецца, я не вельмi пяшчотны. Не ведаю чаму, але я проста не ўмею. А мне вельмi хацелася б...

- I не трэба, мiлы. Я i так цябе разумею. Але часам усё роўна хочацца пачуць такiя словы.

- З сённяшняга дня буду гаварыць увесь час. Нават калi сам сабе буду здавацца дурнем.

- Што такое дурасць? - спытала яна. - У каханнi не бывае дурасцi.

- Дзякуй богу, што не бывае... А так невядома, што сталася б з чалавекам.

Мы паснедалi разам, i Пат зноў легла ў пасцель. Так рэкамендаваў Жафэ.

- Ты пабудзеш яшчэ? - спытала яна, лежачы пад коўдрай.

- Калi ты хочаш, - сказаў я.

- Мне хацелася б, але калi табе трэба...

Я прысеў каля ложка.

- Я не пра тое. Я проста ўспомнiў, што ты раней не любiла, каб на цябе сонную глядзелi.

- Раней было... а цяпер часам баюся, адна...

- Такое было i са мной, - сказаў я. - У шпiталi пасля аперацыi. Я тады баяўся спаць ноччу. Я ляжаў i чытаў цi думаў пра нешта. Толькi калi свiтала, я засынаў. Але гэта праходзiць.

Яна прытулiлася шчакой да маёй рукi.

- Боязна, што не вернешся назад, Робi...

- Так, - сказаў я. - Але вяртаешся, i ўсё праходзiць. Ты ж бачыш па мне. Заўсёды вяртаешся на тое самае месца.

- У тым якраз i справа, - прамовiла яна, ужо засынаючы, з прыплюшчанымi вачыма. - Я гэтага таксама баюся. Але ж ты сочыш за мной, праўда?

- Я сачу, - сказаў я i пагладзiў яе па лбе i па валасах, якiя здалiся мне таксама зморанымi.

Яе дыханне зрабiлася глыбейшым. Яна павярнулася на бок. Праз хвiлiну яна моцна заснула.

Я сеў да акна i пачаў глядзець на дождж. За акном сек суцэльны шэры лiвень, i дом здаваўся маленькiм востравам у змрочнай бясконцасцi. Я занепакоiўся: рэдка бывала, каб Пат зранку губляла мужнасць i сумавала. Але потым я ўспомнiў, што яшчэ некалькi дзён назад яна была ажыўленая i вясёлая i што, можа, калi яна прачнецца, усё яшчэ пераменiцца. Я ведаў, што яна шмат думае пра сваю хваробу, i я ведаў ад Жафэ, што ёй яшчэ не палепшала, але ў сваiм жыццi я так часта бачыў смерць, што любая хвароба азначала для мяне жыццё i надзею. Я ведаў, што памерцi можна ад раны, тут у мяне быў вялiкi вопыт. Але менавiта з гэтай прычыны мне часта бывала цяжка паверыць, што i хвароба, пры якой чалавек знешне здаваўся здаровым, можа быць небяспечнай.

Вось чаму мне ўдавалася хутка пераадолець такiя выпадкi адчаю...

Пастукалi ў дзверы. Я адчынiў i ўбачыў Хасэ. Я прыклаў палец да вуснаў i выйшаў у калiдор.

- Прабачце, - праз сiлу вымавiў ён.

- Заходзьце да мяне, - сказаў я i адчынiў дзверы свайго пакоя.

Хасэ спынiўся на парозе. Яго твар, здавалася, паменшаў i зрабiўся белы, як вапна.

- Я толькi хацеў сказаць, што нам ужо не трэба ехаць, - сказаў ён, амаль не варушачы губамi.

- Спакойна заходзьце, - адказаў я. - Фройляйн Хольман спiць, у мяне ёсць час.

У руцэ ён трымаў пiсьмо. Выгляд у яго быў як у падстрэленага, якi яшчэ верыць, што гэта толькi драпiна.

- Вы ўжо пiлi каву? - спытаў я.

Ён пахiтаў галавой.

- Прачытайце пiсьмо...

- Добра, але тым часам вы можаце выпiць...

Я выйшаў i даў распараджэнне Фрыдзе. Потым я пачаў чытаць пiсьмо. Гэта было пiсьмо ад фраў Хасэ - усяго некалькi радкоў. Яна паведамляла мужу, што хоча яшчэ штосьцi мець ад жыцця. Вось чаму яна не вернецца. Ёсць чалавек, якi разумее яе лепш за Хасэ. I няхай ён нiчога не пачынае - не мае сэнсу. Яна нiзашто не вернецца. Гэта, вiдаць, i яму найлепшае выйсце. У яго не будзе турботаў, не трэба думаць, цi хопiць зарплаты. Частку сваiх рэчаў яна забрала, астатнiя забярэ пры выпадку.

Змест пiсьма быў ясны i дзелавы. Я склаў яго i вярнуў Хасэ. Ён пазiраў на мяне так, быццам усё залежыць ад мяне.

- Што цяпер рабiць? - спытаў ён.

- Спачатку выпiце гэты кубачак кавы i з'ешце што-небудзь, - сказаў я. Якая карысць бегаць i даводзiць сябе... Мы падумаем. Вам трэба паспрабаваць добра супакоiцца. Тады вы зможаце прыняць найлепшае рашэнне.

Ён паслухмяна выпiў кубак кавы. Яго рука дрыжала. Ён не мог есцi.

- Што рабiць? - спытаў ён яшчэ раз.

- Нiчога, - сказаў я. - Пачакаць.

Ён махнуў рукой.

- А што вы хочаце рабiць? - спытаў я.

- Не ведаю... Нiяк не магу зразумець.

Я прамаўчаў. Што я мог яму сказаць? Трэба было толькi супакоiць яго, усё астатняе заставалася вырашаць яму самому. Можна было здагадвацца, што ён больш не кахаў жонку. Але ён прывык да яе, а ў бухгалтара прывычка - больш чым каханне.

Праз нейкую хвiлiну ён пачаў гаварыць нешта блытанае, што паказвала яго ваганне. Потым ён пачаў папракаць самога сябе. Ён не вымавiў нiводнага слова супроць жонкi. Ён стараўся даказаць сабе сваю вiну.

- Хасэ, - сказаў я, - вы гаворыце глупства. У такiх справах няма вiнаватых. Жонка пайшла ад вас, а не вы ад яе. I не трэба папракаць сябе.

- Трэба, - адказаў ён, глянуўшы на свае рукi. - Я не справiўся.

- З чым?

- Я не справiўся. Вiнаваты той, хто не спраўляецца.

Я здзiўлена глянуў на маленькую бедалажную постаць у чырвоным плюшавым крэсле.

- Пан Хасэ, - спакойна сказаў я, - тое, пра што вы гаворыце, можа быць прычынай, але не вiной. Акрамя таго, да гэтага часу вы спраўлялiся.

Ён усхвалявана захiтаў галавой.

- Не, не, я давёў жонку да вар'яцтва сваiм вечным страхам, што мяне звольняць. I з гэтым я таксама не справiўся. Што я мог прапанаваць ёй? Нiчога!

Ён тупа задумаўся. Я ўстаў i прынёс бутэльку каньяку.

- Давайце вып'ем, - сказаў я. - Яшчэ нiчога не страчана.

Ён падняў галаву.

- Яшчэ нiчога не страчана, - паўтарыў я. - Чалавека трацiш толькi тады, калi ён памiрае.

Ён паспешлiва закiваў i падняў чарку. Але, не выпiўшы, зноў паставiў яе.

- Учора мяне прызначылi начальнiкам бюро, - цiха сказаў ён. - Старшым бухгалтарам i начальнiкам бюро. Мне пра гэта сказаў упраўляючы. Мяне павысiлi за тое, што я апошнiя месяцы працаваў звышурочна. Цяпер аб'ядналi два бюро. Другога начальнiка звольнiлi. Я буду атрымлiваць на пяцьдзесят марак больш. Ён раптам у адчаi зiрнуў на мяне. - Як вы думаеце: цi засталася б яна, каб ведала пра гэта?

- Не, - сказаў я.

- На пяцьдзесят марак больш. Я аддаваў бы iх ёй. Яна заўсёды магла б сабе штосьцi купляць. 1200 марак у мяне ўсё ж ляжыць на кнiжцы. Навошта я iх збiраў? Мне хацелася мець нешта ў запасе для яе, калi нам будзе дрэнна. I вось за тое, што я клапацiўся, яна пайшла.

Ён зноў утаропiўся ў адну кропку перад сабой.

- Хасэ, - сказаў я, - мне здаецца, што вы не пра тое думаеце. I не лезьце вы ва ўсё гэта. Вам трэба толькi перажыць некалькi дзён. Тады вам стане ясней, што рабiць. Магчыма, ваша жонка вернецца сёння цi заўтра ранiцай. Яна ж таксама заклапочана, як i вы.

- Яна не вернецца, - адказаў ён.

- Вы не ведаеце.

- Каб ёй можна было сказаць, што мне павысiлi зарплату i што мы на сабраныя грошы можам кудысьцi паехаць у водпуск...

- У вас будзе магчымасць сказаць ёй усё гэта. Так жа проста не разыходзяцца.

Мяне здзiўляла, што пра другога мужчыну ён увогуле не думаў. Да яго, вiдаць, яшчэ не дайшло. Ён думаў толькi пра тое, што жонка пакiнула яго, а ўсё астатняе было зацягнута туманам. Мне карцела сказаць яму, што праз некалькi тыдняў ён, магчыма, будзе рады, што жонкi няма... але пры яго разгубленасцi гэта прагучала б грубасцю. Праўда для параненага пачуцця заўсёды грубая i амаль невыносная.

1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 78
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк бесплатно.

Оставить комментарий