Рейтинговые книги
Читем онлайн Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 78

- Вы таксама аказалiся сярод тых, што "затым прыйшлi"...

Каля нас з'явiўся фон Бiлiнг.

- Панове, каб паслухалiся мяне... я вам сказаў бы: Саламон! Толькi Саламон! Можа, на наступны забег...

Густаў нават слухаць не захацеў. Ён ужо супакоiўся i распачаў са "Стараннай Лiзхен" дзелавую размову.

- Вы разбiраецеся ў конях? - спытаў мяне Бiлiнг.

- Анi ў зуб, - сказаў я.

- Тады стаўце. Стаўце! Але - толькi сёння! - дадаў ён шэптам. - I больш нiколi. Паслухайце мяне. Пастаўце... усё роўна на каго... на Караля Лiра цi на Срэбную Моль, магчыма, на Сiнюю Гадзiну. Мне нiчога не трэба. Дасцё мне толькi, калi выйграеце. - Ён аж трос барадой ад азарту. Я ведаў заканамернасць з покера: навiчкi часта выйграюць.

- Добра, - сказаў я. - На каго?

- Як хочаце... як хочаце...

- Сiняя Гадзiна... гучыць нядрэнна, - сказаў я. - Што ж... дзесяць марак на Сiнюю Гадзiну.

- Цi не звар'яцеў ты? - спытаў Густаў.

- Не.

- Дзесяць марак на гэтую здыхляцiну. Яе ўжо даўно варта пусцiць на каўбасу.

"Старанная Лiзхен", якi толькi што абазваў Густава жывадзёрам, цяпер падтрымаў яго:

- Во дае! Ставiць на Сiнюю Гадзiну! Чалавек! Гэта ж карова, а не конь! Майскi Сон абгонiць яе на дзвюх нагах, толькi так! Ставiце на першае месца?

Бiлiнг заклiнальным позiркам глянуў на мяне. Ён рабiў мне знакi.

- На першае, - сказаў я.

- Заказвай труну, - з пагардай параiў "Старанная Лiзхен".

- Дзiвак! - Густаў таксама глядзеў на мяне, як на нейкага гатэнтота. - На Гiрсi стаў... тут ясна i немаўляцi.

- Як сказаў, так i будзе: стаўлю на Сiнюю Гадзiну.

Цяпер я ўжо не мог змянiць рашэння - гэта было б супроць усякiх правiлаў.

Мужчына ў фiялетавай сарочцы перадаў мне квiток. Густаў i "Старанная Лiзхен" разглядалi мяне як хворага на чуму. Яны вiдавочна адсунулiся ад мяне i падалiся да стойкi, каб там, гучна смеючыся адзiн з аднаго, але i не хаваючы ўзаемапавагi спецыялiстаў, паставiць на Гiрсi i Майскi Сон.

У гэты час з ног звалiўся адзiн са зняможаных дваiх, што стаялi каля пярэднiх сталоў. Ён ссунуўся па сцяне i гулка стукнуўся аб дол. Два паштовыя чыноўнiкi паставiлi яго на ногi, а потым пасадзiлi на крэсла. Яго твар зрабiўся бледна-шэры. Рот разявiўся.

- А божа! - сказала адна з прастытутак, поўная смуглявая жанчына з гладкай прычоскай i нiзкiм iлбом. - Прынясiце хто-небудзь кубак вады.

Я здзiвiўся, што мала хто звярнуў увагу на непрытомнага. Большасць прысутных толькi зiрнулi на яго i зноў засяродзiлiся на скачках.

- Гэта здараецца часта, - сказаў Густаў. - Беспрацоўныя. Прайграюць апошнi пфенiг. Спадзяюцца на буйныя выйгрышы, ставяць дзесяць, чакаюць тысячу.

Фурман прынёс з кiёска шклянку вады. Чарнявая прастытутка памачыла ў ёй сваю хусцiнку i стала церцi чалавеку лоб i скронi. Ён уздыхнуў i раптам расплюшчыў вочы. У гэтым было штосьцi жудаснае: зусiм нежывы твар i гэтыя шырока раскрытыя вочы, як быццам праз дзiркi застылай шэрай маскi з халоднай цiкавасцю пазiрала нейкая iншая невядомая iстота.

Дзяўчына ўзяла шклянку вады i дала яму пiць. Пры гэтым яна трымала яго, як малога, за руку. Потым узяла булачку са стала флегматычнага абжоры з прычоскай, як у вожыка...

- На, еш... але памалу, памалу... Не адкусi мне палец... Так, а цяпер папi зноў...

Мужчына за сталом скоса прасачыў за сваёй булачкай, але нiчога не сказаў. Хворы паступова ачуняў. Ён яшчэ нейкi час жаваў, потым з цяжкасцю ўзняўся. Дзяўчына падвяла яго да дзвярэй. Потым яна хуценька азiрнулася i адчынiла сумачку.

- Вось, вазьмi... i валi адсюль. Лепей пад'еш... а не гуляй на скачках...

Адзiн з сутэнёраў, якi ўвесь час стаяў спiнай да яе, павярнуўся. У яго быў твар птушкi-драпежнiка. На галаве з вялiкiмi вушамi была надзета спартовая шапачка, на нагах - лакiраваныя туфлi.

- Што ты яму дала?

- Дзесяць пфенiгаў.

Ён штурхнуў яе локцем у грудзi.

- Вiдаць, больш... Iншы раз спытаеш у мяне...

- Кiнь, Эдэ, - сказаў другi.

Прастытутка падфарбавала вусны.

- Я ж маю рацыю, - сказаў Эдэ.

Прастытутка нiчога не адказала.

Зазванiў тэлефон. Я назiраў за Эдэ i не звярнуў увагi на званок.

- Вось гэта шанцуе! - раптам пачуў я гучны голас Густава. - Гэта ўжо не проста падвязло, гэта - падвалiла! - Ён ляпнуў мяне па плячы. - Ты адхапiў сто восемдзесят марак, шчаслiвы! Твой конiк са смешнай мянушкай перамог!

- Ды няўжо? - спытаў я.

Мужчына з разжаванай цыгарай у зубах i ў шыкоўнай яркай сарочцы кiсла кiўнуў i забраў у мяне квiток.

- Хто вам параiў?

- Я, - з жудасна пакорлiвай усмешкай, гатовы на ўсё, паспешлiва сказаў Бiлiнг i з паклонамi прабiўся наперад. - Я, калi дазволiце... мае сувязi...

- Ну, цi ведаеш... - Шэф нават не зiрнуў на яго i выплацiў мне грошы. На нейкi момант ва ўсiм памяшканнi ўсталявалася мёртвая цiшыня. Усе глядзелi на мяне. Нават той, хто абыякава жаваў увесь час, падняў галаву.

Я схаваў грошы.

- Спынiцца! - шаптаў Бiлiнг. - Спынiцца! - Твар яго пакрыўся чырвонымi плямамi. Я ўторкнуў яму ў руку дзесяць марак.

Густаў усмiхаўся, штурхаючы мяне кулаком пад скабы.

- Вось бачыш! Што я табе казаў! Трэба толькi слухаць Густава, i будзеш заграбаць грошы лапатай.

Я не стаў напамiнаць былому яфрэйтару санiтарнай службы пра Гiрсi. Ён, вiдаць, неўзабаве i сам успомнiў пра яе.

- Пайшлi, - сказаў ён. - Сёння не наш дзень.

Каля дзвярэй мяне нехта таргануў за рукаў. Я ўбачыў "Старанную Лiзхен".

- На каго вы паставiлi б на скачках памяцi Маслоўскага? - спытаў ён з прагнай павагай.

- Толькi на "О, таннэнбаўм", - сказаў я i пайшоў з Густавам у пiўную, каб выпiць чарку за здароўе Сiняй Гадзiны. Праз гадзiну я зноў прайграў трыццаць марак. Я ўсё-такi не мог спынiцца. Але потым перастаў. На выхадзе Бiлiнг сунуў мне паперку.

- Калi вам штосьцi спатрэбiцца... альбо вашым знаёмым. Я - прадстаўнiк фiрмы. - Гэта была рэклама фiльмаў для паказу дома. - Пасрэднiчаю таксама пры продажы ношанага адзення, - крыкнуў ён мне ўслед. - За наяўны разлiк!

У сем гадзiн я вярнуўся ў майстэрню. "Карл", заведзены, стаяў у двары.

- Добра, што ты прыйшоў, Робi, - усклiкнуў Кёстэр. - Мы якраз хочам праверыць яго. Сядай!

Уся фiрма стаяла, чакаючы. Ота сёе-тое змянiў i палепшыў у машыне - праз чатырнаццаць дзён ён хацеў прыняць удзел у гонках. Цяпер праводзiлася першая проба.

Мы селi ў машыну. Юп сеў каля Кёстэра, закрыўшы ўвесь твар магутнымi гоначнымi акулярамi. У яго сэрца разарвалася б, калi б яго не ўзялi з сабой. Мы з Ленцам селi ззаду.

"Карл" iрвануў. Мы выехалi з горада на шашу i пагналi з хуткасцю сто сорак кiламетраў. Ленц i я нахiлiлiся да спiнак пярэднiх сядзенняў. Вецер дзьмуў з такой сiлай, што здавалася, адарве галовы.

Паабапал шашы мiльгалi таполi, шыны свiсталi, а чароўны гук матора, нiбы дзiкi ўскрык трапiўшага на волю, прабiраў нас наскрозь. Праз чвэрць гадзiны мы ўбачылi наперадзе кропку, якая рухалася з хуткасцю 80-100 кiламетраў. Яна была няўстойлiвая i вiхляла туды-сюды. Дарога была даволi вузкая. Кёстэр збавiў хуткасць. Калi нас аддзялялi сто метраў i мы хацелi пасiгналiць, раптам убачылi, што па бакавой дарозе справа наблiжаецца матацыклiст, якi адразу ж схаваўся за кустамi каля скрыжавання.

- Лiха яго забяры! - крыкнуў Ленц. - Зараз нешта будзе!

У той самы момант мы ўбачылi матацыклiста, якi выскачыў на шашу перад самай машынай. Ён, вiдаць, не разлiчыў хуткасцi i таму спрабаваў яшчэ размiнуцца на завароце. Машына рэзка дала налева, каб такiм чынам пазбегнуць сутыкнення, але i матацыкл завярнуў налева. Машыну зноў кiнула ўправа, i яна крылом зачапiла матацыкл. Ён перавярнуўся. Матацыклiста кiнула праз руль на шашу. Машыну занесла, шафёр не справiўся з кiраваннем. Машына знесла дарожны знак, сагнула лiхтарны слуп i з шумам i трэскам урэзалася ў дрэва.

Усё гэта здарылася за некалькi секунд. У наступны момант мы падляцелi на высокай хуткасцi, колы заскрыгаталi, Кёстэр правёў "Карла", нiбы каня, памiж матацыклiстам, матацыклам i машынай, якая стаяла ўпоперак дарогi. Ад яе валiла пара. Злева ён ледзь не зачапiў руку пацярпелага, а справа - заднi бампер чорнай машыны. Потым матор зароў, i "Карл" зноў выйшаў на прамую. Завiшчалi тармазы, i ўсё замоўкла.

- Выдатна, Ота, - сказаў Ленц.

Мы пабеглi назад i адчынiлi дзверцы машыны. Матор яшчэ працаваў. Кёстэр выцягнуў ключ запальвання. Пыхканне матора замерла, i да нас данеслiся стогны.

Усе шыбы цяжкага лiмузiна былi пабiты. У паўзмроку машыны мы ўбачылi залiты крывёй твар жанчыны. Побач з ёю быў мужчына, зацiснуты памiж рулём i сядзеннем. Мы спачатку выцягнулi жанчыну i паклалi яе на зямлю. Яе твар быў парэзаны, некалькi асколкаў тырчалi яшчэ, але кроў iшла бесперастанку. Горш было з правай рукой. Рукаў белага касцюмнага жакета быў ярка-чырвоны. З яго сачылася кроў. Ленц разрэзаў яго. Кроў хлынула струменем i ўвесь час не пераставала iсцi. Была перарэзана вена. Ленц скруцiў жгутам насавую хусцiнку.

-- Вызваляйце мужчыну, а я тут спраўлюся адзiн, - сказаў ён. - Трэба хутчэй даставiць iх у бальнiцу.

Каб вызвалiць мужчыну, трэба было зняць спiнку сядзення. На шчасце, у нас было з сабой дастаткова iнструментаў, i справа пайшла хутка. Чалавек таксама быў увесь у крывi. У яго, вiдаць, былi паламаны скабы. Калi мы дапамаглi яму вызвалiцца, ён з крыкам павалiўся на зямлю. Было пашкоджана i калена. Але мы пакуль што нiчым дапамагчы не маглi. Кёстэр задам падагнаў "Карла" да самага месца здарэння. Жанчына, убачыўшы яго так блiзка каля сябе, закрычала ад страху, хоць машына i рухалася вельмi павольна. Мы адкiнулi спiнку пярэдняга сядзення i паклалi мужчыну. Жанчыну мы пасадзiлi на задняе сядзенне. Я стаў побач з ёй на падножку, а Ленц з другога боку падтрымлiваў мужчыну.

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 78
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк бесплатно.

Оставить комментарий