Рейтинговые книги
Читем онлайн Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 78

- Зараз паспрабуе, - сказаў Густаў.

- Паспрабуе, але ад мяне, - удакладнiў я.

Густаў паглядзеў на мяне, асуджаючы.

- Пакуль ты вылезеш з машыны...

- Я ўжо прыдумаў прыём. Калi мне не ўдасца, тады ўмяшаешся ты.

- Выдатна.

Я надзеў шапку Густава, мы селi ў яго машыну, каб швейцар не ўнюхаў, у чым справа. Ён i так не шмат убачыць - вулiца была цёмная.

Мы пад'ехалi. На вулiцы не было нi душы. Густаў з паперкай у дваццаць пяць марак у руцэ выскачыў з машыны.

- Лiха матары, няма дробных. Швейцар, вы можаце размяняць? Марка семдзесят з мяне? Заплацiце, калi ласка.

Ён зрабiў выгляд, што iдзе ў касу. Швейцар, кашляючы, падышоў да мяне i сунуў мне марку пяцьдзесят. Я трымаў працягнутую руку.

- Валi, - прабурчаў ён.

- Рэшту сюды, сабака, - закрычаў я.

На секунду ён як акамянеў.

- Слухай, - сказаў ён потым цiха i аблiзаў вусны, - ты потым месяц будзеш шкадаваць...

Ён размахнуўся. Удар адбiў бы мне памяць. Але я падрыхтаваўся. Я адвярнуўся, прыгнуўшыся, i кулак з усяго маху гакнуў па вострым сталёвым канце пускавой ручкi, якую я трымаў напагатове ў левай руцэ. Швейцар зароў, адскочыў назад, замахаўшы рукой. Ён ад болю шыпеў, як паравоз, i ўжо стаяў расслабiўшыся, безабаронны.

Я выскачыў з машыны.

- Цi пазнаеш? - выдыхнуў я i ўдарыў яго ў жывот.

Ён звалiўся.

- Раз, - пачаў лiчыць Густаў ад касы, - два... тры...

На "пяць" швейцар знясiлена падняўся. Я, як i нядаўна, бачыў перад сабой яго твар, вельмi выразна, гэты здаровы, тупы, шырокi, подлы твар; усяго гэтага здаровага, дужага хлапца, гэтую свiнню, якая нiколi не захварэе на лёгкiя, i я раптам адчуў, як вочы i мазгi зацягнула чырвонай плеўкай. Я падскочыў i ўдарыў. Я бiў па ўсiм тым, што скапiлася ўва мне за гэтыя днi i тыднi, бiў у гэты здаровы, шырокi твар, якi мэкаў... пакуль мяне не адцягнулi...

- Адумайся, ты ж заб'еш яго, - усклiкнуў Густаў.

Я азiрнуўся. Швейцар, увесь у крывi, прыхiлiўся да сцяны. У яго падкасiлiся каленi, ён упаў i паволi папоўз на карачках, як вялiзнае блiскучае насякомае, у сваёй лiўрэi.

- Цяпер ён не будзе бiцца, - сказаў Густаў. - Але пайшлi, уцякайма, пакуль нiкога няма. Гэта ўжо цяжкае цялеснае пашкоджанне.

Мы кiнулi грошы на зямлю, селi ў машыну i паехалi.

- У мяне таксама iдзе кроў? - спытаў я. - Цi гэта ад швейцара?

- Зноў з носа, - растлумачыў Густаў. - Ён усмалiў табе левай.

- Я i не заўважыў.

Густаў засмяяўся.

- Ведаеш, - сказаў я. - Мне цяпер значна лепш.

XVIII

Наша таксi стаяла каля бара. Я зайшоў, каб змянiць Ленца i ўзяць ключ i паперы. Готфрыд выйшаў разам са мной.

- Як выручка? - спытаў я.

- Так сабе, - адказаў ён. - Цi зашмат таксi, цi замала людзей ездзяць на таксi. А ў цябе?

- Дрэнна. Прастаяў усю ноч i нават дваццаць марак не зарабiў.

- Змрочныя часы! - Готфрыд ускiнуў бровы, - Ну, тады ты сёння, пэўна, не вельмi спяшаешся, га?

- Не, а чаму?

- Можаш мяне крыху падвезцi?

- Добра. - Мы селi ў машыну. - А куды ты? - спытаў я.

- Да сабора.

- Што? - спытаў я. - Цi не памылiўся я? Я правiльна пачуў: "сабор"?

- Не, сынок, ты не памылiўся. Правiльна: сабор.

Я ў здзiўленнi паглядзеў на яго.

- Не здзiўляйся, паехалi, - сказаў Готфрыд.

- Ну добра.

Мы паехалi.

Сабор быў у старой частцы горада, на саборнай плошчы, акружанай дамамi духавенства. Я спынiўся перад брамай.

- Паехалi далей, - сказаў Готфрыд. - З другога боку.

Ён сказаў мне спынiцца каля маленькага ўвахода з другога боку i выйшаў.

- Усяго найлепшага, - сказаў я. - Здаецца, ты вырашыў паспавядацца.

- Пайшлi, - прапанаваў ён.

Я засмяяўся.

- Не сёння. Ранiцай я ўжо малiўся. Мне хопiць на ўвесь дзень.

- Не пляцi глупства, малы. Буду велiкадушны i штосьцi пакажу табе. Пайшлi.

Я з цiкаўнасцю пайшоў за iм. Мы прайшлi праз вузенькiя дзверы i ўвайшлi ў крытую манастырскую галерэю. Яна ўтварала вялiкi чатырохкутнiк з доўгiх радоў арак, якiя падтрымлiвалiся з сярэдзiны шэрымi гранiтнымi калонамi, адгароджваючы садок. Усярэдзiне ўзвышаўся вялiкi выветраны крыж з распяццем Хрыста. Па баках каменныя барэльефы з выявамi пакутнага шляху. Перад кожным барэльефам стаяла старая лаўка. Сад здзiчэў. Цяпер ён буйна расцвiў.

Готфрыд паказаў на некалькi вялiзных кустоў белых i чырвоных ружаў.

- Вось што я хацеў паказаць табе. Пазнаеш?

Я спынiўся ў здзiўленнi.

- Вядома, пазнаю, - сказаў я. - Дык вось адкуль ты iх сцiбрыў, стары царкоўны рабаўнiк!

Пат тыдзень назад пераехала да фраў Залеўскi, i Ленц прыслаў ёй вечарам праз Юпа вялiзны букет ружаў. Кветак было так шмат, што Юп два разы спускаўся ўнiз i вяртаўся з ахапкам ружаў. Я ламаў сабе галаву, дзе Готфрыд iх узяў: я ведаў яго прынцып - нiколi не купляць кветак. На гарадскiх клумбах я такiх не бачыў.

- Выдатная iдэя, - пахвалiў я. - Разумная галава дадумалася!

- Гэты сад - сапраўдны скарб. - Ён урачыста паклаў мне руку на плячо. Бяру цябе ў долю. Думаю, табе менавiта цяпер гэта патрэбна. Бо гарадскiя клумбы ўжо апусцелi. А яны ж дагэтуль былi добрым папасам, так?

Я кiўнуў.

- Акрамя таго, - працягваў Готфрыд, - ты цяпер уваходзiш у пару, калi выразна праяўляецца рознiца памiж буржуа i кавалерам. Буржуа, чым больш знаёмы з дамай, тым больш няўважлiвы да яе. А кавалер - усё больш уважлiвы. - Ён зрабiў шырокi жэст. - А з такiмi ружамi ты можаш стаць непараўнальным кавалерам.

Я засмяяўся.

- Усё вельмi добра, Готфрыд, - сказаў я. - А што рабiць, калi зловяць? Адсюль цяжка ўцячы, а набожныя людзi назавуць такi ўчынак апаганеннем святых месцаў.

- Даражэнькi, - адказаў Ленц, - цi бачыш ты тут каго? Пасля вайны людзi ходзяць на палiтычныя сходы, а не ў царкву.

Так i было.

- А як быць з пастарамi? - спытаў я.

- Пастарам мала спраў да кветак, iнакш сад быў бы лепш дагледжаны. I божанька парадуецца, калi ты некаму зробiш дабро. Ён такi.

- Ты маеш рацыю! - Я ўважлiва паглядзеў на вялiзныя старыя кусты. - На некалькi тыдняў я забяспечаны, Готфрыд.

- Хопiць надоўга. Табе пашанцавала. Гэта ўстойлiвы гатунак, якi цвiце позна. Хопiць да верасня. А тады з'явяцца астры i хрызантэмы. Пайшлi, я iх зараз пакажу табе.

Мы пайшлi праз сад. Ружы пахлi хмельна. У кветках гудзеў рой пчол.

- Ты толькi паглядзi, - сказаў я i спынiўся. - Адкуль яны? У цэнтры горада... Паблiзу ж няма нiдзе пчэльнiка. Альбо ты думаеш, што пастары парастаўлялi вуллi на дахах?

- Не, брат, - адказаў Ленц. - Яны, я ўпэўнены, прылятаюць з сялянскай сядзiбы. Проста яны ведаюць дарогу. - Ён падмiргнуў. - А мы?

Я пацiснуў плячыма.

- Мусiць, ведаем. Хоць крышку. Столькi, колькi можна. А ты не ведаеш?

- Не. I ведаць не хачу. Мэта робiць цябе нявольнiкам жыцця.

Я зiрнуў уверх на вежу сабора. Яна вылучалася шаўкавiста-зялёным сiлуэтам на фоне блакiтнага неба, бясконца старая i спакойная, вакол якой кружылiся ластаўкi.

- Як тут цiха! - сказаў я.

Ленц кiўнуў.

- Так, дарагi мой, тут адчуваеш, што табе толькi часу не хапала, каб стаць добрым чалавекам. Праўда?

- Часу i спакою, - адказаў я. - I спакою.

Ён засмяяўся.

- Запозна! Мы дажылi да таго, што спакою не вытрымалi б! Дык пайшлi! Назад - у вiр!

Я высадзiў Готфрыда i вярнуўся на стаянку. Я праязджаў мiма могiлак. Я ведаў, што Пат зараз ляжыць у шэзлонгу на балконе. Я пасiгналiў. Але нiхто не падаў знаку, i я паехаў далей. Затое, крыху праехаўшы, я ўбачыў фраў Хасэ. Яна, апранутая ў нейкую накiдку з шаўковай тафты, iшла па вулiцы, а потым знiкла за рогам. Я паехаў за ёй, каб спытаць, цi не падвезцi яе. Але калi я пад'ехаў да скрыжавання, то ўбачыў, што яна садзiцца ў машыну, якая спынiлася за рогам вулiцы. Гэта быў заезджаны "мерседэс" вытворчасцi 1923 года. Ён хутка ад'ехаў. За рулём сядзеў чалавек з носам, падобным да качынай дзюбы. На iм быў стракаты касцюм у клетку. Я даволi доўга глядзеў услед машыне. Вось што атрымлiваецца, калi жанчына ўвесь час сядзiць адна дома. У роздуме я накiраваўся да стаянкi i заняў сваю чаргу.

Сонца прапякло верх. Чарга рухалася марудна. Я драмаў, спрабуючы заснуць. Але з галавы не выходзiў вобраз фраў Хасэ. Хоць у нас усё было не так, але Пат таксама на цэлы дзень заставалася адна!

Я вылез з машыны i пайшоў наперад да таксi Густава.

- На, выпi, - прапанаваў ён мне i падаў тэрмас. - Халодненькая! Сам прыдумаў! Кава з лёдам. Пры такой спякоце не награваецца гадзiнамi. Так, так... Густаў - чалавек практычны!

Я налiў у кубак i выпiў.

- Калi ты такi практычны, - сказаў я, - дык раскажы мне, як забавiць жанчыну, якая падоўгу застаецца адна.

- Вельмi проста! - Густаў з перавагай глянуў на мяне. - Дарагi Роберт! Трэба дзiця альбо сабака. Спытайся ў мяне пра нешта цяжэйшае.

- Сабака! - сказаў я здзiўлена. - Вядома ж, лiха тваёй мацеры, патрэбны сабака! Ты - малайчына. Калi ёсць сабака, чалавек - не адзiн!

Я прапанаваў яму запалiць.

- Слухай, можа, у цябе ёсць штосьцi такое на прыкмеце? Сёння сабака, мусiць, не дорага каштуе.

Густаў дакорлiва пахiтаў галавой.

- Роберт, ты, вiдаць, сапраўды не ўяўляеш сабе, што я значу для цябе. Мой будучы цесць - другi сакратар таварыства ўладальнiкаў доберман-пiнчэраў. Вядома, ты можаш набыць сабе шчанюка, нават задарма, з першакласнай радаслоўнай. Адна сучка ашчанiлася, шасцярых прывяла... Iх бабуля - медалiстка Герта з Тогенбурга...

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 78
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк бесплатно.

Оставить комментарий