Вяроўка (на белорусском языке) - Мопассан Де
- Дата:03.10.2024
- Категория: Проза / Проза
- Название: Вяроўка (на белорусском языке)
- Автор: Мопассан Де
- Просмотров:0
- Комментариев:0
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Де Мопассан Ги
Вяроўка (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Вяроўка
Пераклад: Змiцер Колас
Гары Алiсу
Па ўсiх дарогах у мястэчка Гадэрвiль цягнулiся сяляне i iх жонкi: сёння быў кiрмаш. Мужчыны iшлi павольна, на кожным кроку нахiляючы наперад каржакаватае цела i няспешна перастаўляючы доўгiя кульгавыя ногi, скрыўленыя цяжкаю працай, безупынным наляганнем на плуг, ад якога левае плячо пачынае дыбiцца ўверх i горбiцца спiна, i касьбою жыта, якая прыносiць звычку трымаць ногi шырока, каб мець добры ўпор, - усiм марудным i нялёгкiм сялянскiм жыццём. Iх сiнiя блузы, вышываныя на каўняры i закаўрушах простым арнаментам з белых нiтак, былi накрухмаленыя i блiшчалi, нiбы пацягнутыя лакам. Яны надзiмалiся вакол кашчавага сялянскага цела i рабiлiся падобнымi да гатовага ўзляцець шара, з якога тырчалi галава, рукi ды ногi.
Некаторыя цягнулi на вяроўцы карову або цяля. А кабеты iшлi ззаду i падганялi жывёлу тонкiм дубцом з яшчэ свежымi лiсточкамi. На руцэ ў кожнай вiсеў вялiкi кош, з якога высоўвалiся галовы качак цi курэй. Сялянкi iшлi рухавей, дробна перастаўляючы ногi - не так, як мужчыны. Iх нягнуткае сухое цела сцiскала вузкая хуста, заколатая шпiлькай на пляскатых грудзях, а на галаве паверх туга завязанай белай хусткi быў надзеты яшчэ i каптур.
Часам праязджаў шарабан, якi няроўнаю рыссю цягнуў худы конь. На iм пацешна трэслiся два мужчыны i кабета, якая сядзела ўсярэдзiне i ўвесь час хапалася за аглабiну пры штуршках на калдобiнах.
На Гадэрвiльскiм пляцы вiраваў натоўп людзей i жывёл. Над вялiкiм скопiшчам праплывалi рогi быкоў, вастраверхiя калматыя шапкi заможных сялян, каптуры сялянак. Крыкi, вiск, роў злiвалiся ў адзiн няспынны дзiкi гармiдар, якi часам перакрываў гучны рогат падпiтага дзецюка цi доўгi рык прывязанай да плота каровы.
Паўсюль пахла стайняй, малаком, гноем, сенам i потам, ад яго патыхаў кiслы, агiдны пах быдла i чалавечага цела, уласцiвы вёсцы.
Дзядзька Ашкорн з Брэатэ толькi прыйшоў у Гадэрвiль. Ён ужо кiраваўся на пляц, калi раптам заўважыў на зямлi невялiкую вяроўчыну. Ашчадны, як i ўсе нармандцы, дзядзька Ашкорн падумаў: тое, што можа спатрэбiцца ў гаспадарцы, трэба падняць. Крэкчучы ад болю ў спiне - бо дзядзька пакутаваў ад раматусу, ён з цяжкасцю схiлiўся i падняў тонкi абрывак з зямлi. Ён ужо збiраўся яго акуратна згарнуць, калi нечакана ўбачыў рымара Маляндэна, якi стаяў на ганку свайго дома i глядзеў на яго. Некалi дзядзька Ашкорн хацеў купiць у яго кантар, але яны тады пасварылiся i з таго часу захавалi адзiн на аднаго крыўду, бо абодва былi злапомныя. Селянiну зрабiлася крыху сорамна ад таго, што вораг заспеў яго за такой справай, калi ён корпаецца ў гразi з нейкiм матузком. Ён хутка сунуў знаходку пад блузу, потым у кiшэню ў нагавiцы i зрабiў выгляд, быццам нешта шукае на зямлi. Потым, нiбы так i не здолеўшы нiчога знайсцi, рушыў на кiрмаш, выцягнуўшы наперад шыю i скурчыўшыся ад болю ў спiне.
Хутка ён згубiўся ў крыклiвым i марудным натоўпе, узрушаным ад безупыннага гандлю. Сяляне мацалi кароў, адыходзiлi, нерашуча вярталiся назад, заўсёды чакаючы нейкага падману, i, не могучы адважыцца на пакупку, скоса пазiралi на гандляра, увесь час гатовыя выкрыць яго ашуканства i знайсцi загану ў жывёле.
Кабеты ўжо паставiлi вялiзныя кашы ў нагах i чакалi пакупнiкоў, дастаўшы птушак, якiя ляжалi са звязанымi крыламi i лапамi на зямлi i з жахам глядзелi вакол, трасучы ярка-чырвонымi грабянямi.
Сялянкi слухалi даваную цану, суха адмаўлялi i з непахiсным выглядам настойвалi на сваёй цi наадварот - раптам згаджалiся i крычалi наўздагон свайму пакупнiку, якi ўжо паволi пачынаў адыходзiць:
- Добра, пане Анцiму. Бярыце, я згодная.
З часам пляц патроху пачаў пусцець, i апоўднi, калi, запрашаючы на малiтву, прабiлi званы, тыя, каму да хаты было далёка, паразыходзiлiся па корчмах.
У шынку ў Журдэна вялiкая зала была поўная едакоў, а на панадворку было поўна ўсякiх павозак: тут стаялi падводы, брычкi, таратайкi, кабрыялеты, вазочкi з нiкому не вядомымi назвамi, запэцканыя жоўтай граззю, пакрыўленыя, з падобнымi на дзве рукi паднятымi ў неба аглоблямi цi наадварот - носам уторкнутыя ў зямлю i з паднятым дагары задам.
Акурат насупраць сталоў з едакамi гарэў вялiкi камiн. Яго зыркае полымя аблiвала жарам спiны тых, хто сядзеў справа. Над агнём на трох ражнах смажылiся куры, галубы, барановыя сцегнякi; далiкатны водар смажанiны i мяснога соку, якi сцякаў па падпечанай румянай скурцы, надаваў усiм весялосцi, гнаў асцу.
Уся знаць ад плуга абедала тут, у Журдэна, спрытнага i хiтрага шынкара, у якога заўсёды вялiся грошы.
Стравы мянялiся i знiкалi адна за адной, як i збаны жоўтага сiдру. Кожны гаманiў пра сваё, пра тое, што набыў цi прадаў. Абменьвалiся думкамi пра ўраджай. На гароднiну надвор'е было добрае, а вось на збажыну, бадай, крыху волкае.
Раптам на двары загрукатаў бубен. Усе, акрамя некалькiх нецiкаўных, адразу паўскоквалi з-за сталоў i, хто як быў - з поўным ротам, з сурвэткай у руцэ, кiнулiся да вокан i да дзвярэй.
Вяшчальнiк скончыў лупiць у бубен i закрычаў рэзкiм голасам, неўпапад раздзяляючы фразы:
- Даводзiцца да ведама жыхароў Гадэрвiля i наогул усiх - асоб, прысутных на кiрмашы, што сёння ўранку на дарозе ў Бёзвiль памiж дзевятай i дзесятай гадзiнамi быў згублены пулярэс з чорнай скуры, у якiм было пяцьсот франкаў i справовыя паперы. Той, хто знойдзе названы пулярэс, мусiць неадкладна прынесцi яго - у мэрыю цi пану Фарцюнэ Ульбрэку з Манвiля. Таго, хто знайшоў, чакае ўзнагарода на дваццаць франкаў.
Пасля гэтага чалавек пайшоў далей, i здалёк зноў пачулiся барабанны грукат i пацiшэлы крык вяшчальнiка.
Усе пачалi гаманiць пра пачутае здарэнне i меркаваць, удасца цi не пану Ульбрэку атрымаць свой пулярэс.
Тым часам абед скончыўся.
Усе ўжо дапiвалi каву, калi на парозе ўзнiк жандар.
Ён запытаўся:
- Пан Ашкорн з Брэатэ тут?
- Гэта я, - адгукнуўся дзядзька Ашкорн, якi сядзеў з другога краю стала.
Жандар павярнуўся да яго:
- Пане Ашкорн, зрабiце ласку прайсцi са мной у мэрыю. З вамi хоча гутарыць мэр.
Селянiн, здзiўлены i адначасова занепакоены, адным залпам дапiў каву, устаў i, скурчыўшыся яшчэ больш, як ранiцай - бо зрабiць першы крок пасля доўгага спачынку асаблiва цяжка, - рушыў у дарогу, паўтараючы сабе пад нос:
- Гэта я, гэта я.
Так ён i iшоў за жандарам.
Мэр чакаў яго, седзячы ў фатэлi. Гэта быў тутэйшы натарыус, чалавек тоўсты, паважны i вялiкi аматар напышлiвых фраз.
- Пане Ашкорн, - сказаў ён, - сёння ранiцай на дарозе ў Бёзвiль людзi бачылi, як вы паднялi пулярэс, згублены панам Ульбрэкам з Манвiля.
Вясковец збянтэжана глянуў на мэра i, сам не ведаючы чаму, спалохаўся ўжо аднаго толькi падазрэння, якое павiсла над iм.
- Што, як гэта? Я падняў пулярэс?
- Так, менавiта вы.
- Слова гонару, я i ведаць пра яго нiчога не ведаю.
- Але вас бачылi.
- Мяне бачылi? Ды хто, хто мог мяне бачыць?
- Рымар Маляндэн.
I тады стары прыгадаў, ён усё зразумеў i, пачырванеўшы ад гневу, крыкнуў:
- Ага! Вось хто мяне бачыў! Стары ёлуп! Ён бачыў, як я падняў вось гэтую во вяроўку - вось, глядзiце, пане мэр.
Ён пашнырыў у кiшэнi i дастаў адтуль абрывак вяроўкi.
Але мэр недаверлiва крутануў галавой.
- Не, пане Ашкорн, вам не ўдасца переканаць мяне, што рымар Маляндэн, чалавек, варты ўсякага даверу, зблытаў гэтую вяроўку з пулярэсам.
Стары селянiн як ашалеў. Ён падняў руку i, плюнуўшы ўбок, каб пацвердзiць сваю сумленнасць, паўтарыў:
- Але гэта праўда, далiбог, гэта святая праўда, пане мэр. Клянуся ратункам маёй душы!
Мэр нiбы не пачуў:
- I нават пасля таго, як вы паднялi гэтую рэч, вы яшчэ доўга шукалi, цi не выпала нейкая манетка ў гразь.
Бедны стары задыхаўся ад знявагi i страху.
- Ды... цi можна такое казаць... цi ж можна такое казаць... якую хлусню выдумляюць, каб зганьбiць сумленнага чалавека! Цi ж можна такое казаць!..
Але колькi ён нi пратэставаў, усё было дарма, яму не верылi.
Яму зрабiлi вочную стаўку з Маляндэнам, i той паўтарыў i пацвердзiў свае словы. Яны лаялiся i бэсцiлi адзiн аднаго добрую гадзiну. Па асабiстай просьбе Ашкорна абшукалi. Але нiчога не знайшлi.
Нарэшце, дужа расчараваны, мэр мусiў яго адпусцiць, але папярэдзiў, што перадасць справу пракурору i будзе чакаць яго рашэння.
Навiна хутка разышлася. На выхадзе з мэрыi старога абступiў натоўп, усiм было цiкава, у яго распытвалi - хто сур'ёзна, хто з усмешкай, але без абурэння. I тады ён пачаў расказваць гiсторыю з вяроўкай. Яму не давалi веры. Усе толькi смяялiся.
Ён iшоў па вулiцах мястэчка, яго ўвесь час спынялi, ён сам спыняў сваiх знаёмых i ўжо каторы раз паўтараў сваю споведзь, апраўдваўся i выварочваў кiшэнi, каб давесцi, што ў яго нiчога няма.
Яму казалi адно:
- Iдзi, iдзi, стары шэльма.
Гэта яго злавала, ён нерваваўся, кiпеў, кiдаўся ў роспач ад таго, што яму не вераць, i, не ведаючы, што рабiць, зноў i зноў паўтараў сваё.
Цямнела. Трэба было вяртацца дахаты. Ён рушыў у дарогу з трыма сваiмi суседзямi i паказаў iм тое месца, дзе падабраў вяроўку. Увесь час, пакуль яны iшлi, ён толькi i гаманiў пра сваю бяду.
- Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Панi Парыс (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Вечар (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Шалёная (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Знак (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Пасаг (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Дзядзька Мiлон (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Жулi Рамэн (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Тамтэй (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Камiзэлька (на белорусском языке) - Болеслав Прус - Проза