Рейтинговые книги
Читем онлайн Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17

Паўза.

— Я сам не ведаю, — урэшце адказаў студэнт Ігнат Мазур даволі разгублена.

— У цябе з’явіўся новы інтарэс? Калі так — нічога не зробіш.

Я табе ніколі не навязвалася, ты сам мяне калісьці знайшоў — такую, якой я была. Так, далёка не нявінніца. Дык я гэтага і не хавала. Каб сустрэла цябе раней, усё было б інакш. Спадзявалася, што ты не будзеш успамінаць мне пра тэлегонію ці яшчэ пра нешта інфернальнае. Мужчыны ў большасці вялікія раўніўцы.

— Пра тэлегонію — ад сястры пачула?

— Угадаў. Дарэчы, пайшла пад вянец нявінніцай. Яна — разумніца, не тое, што я.

— Спадзяюся, у яе, маю на ўвазе тваю сястру, усё будзе добра, — сказаў Ігнат Мазур, — але такая разважлівасць у жанчыны нават здзіўляе. Усё ў яе запланавана: замуж — нявінніцай і — за багатага, жыць — у сталіцы.

— Я таксама хацела б жыць у вялікім горадзе, — сарамяжліва заўважыла студэнтка Аня Балтас. — Ніхто навокал цябе не ведае, ты — вольная, сама за сябе. А багацце? Ды чорт з ім! Мы абое з небагатых сем’яў. Ты вадзіў мяне ў сталоўку, як у мяне скралі стыпендыю, я дапамагала табе, калі ты хварэў. Сястра хоча, каб я сустракалася з сябрам яе мужа — ён мінчанін, яму трыццаць гадоў, нежанаты. Запрасілі мяне днямі на нейкую вечарыну.

— Мудрасці ў тваёй сястры аж зашкальвае, — нявесела ўсміхнуўся Ігнат Мазур.

Ён раптам уявіў сабе, як яго сяброўка і даўняя каханка Аня Балтас кладзецца ў ложак з незнаёмым яму мужчынам, як той пачынае яе лашчыць... У горле ў яго перахапіла, кроў кінулася ў твар.

— Не, толькі не гэта, — выдыхнуў ён.

І падумаў, што калі б хто-небудзь спытаў яго цяпер, ці кахае ён дзяўчыну, якая сядзіць за сталом насупраць, і якая патрабуе ад яго прамога адказу на нялёгкае і для яго і для яе пытанне, то сказаў бы, што, вядома, кахае, і хоча, каб яна заўсёды была побач з ім. Але тут жа ўсплыло ў памяці, што ён абяцаў зайсці да Святланы Конкінай і да Юлі Мараковай, і што таксама моцна жадаў бы, каб і тыя былі з ім побач, і што ўсё гэта становіцца для яго пакутлівым. І зноў у яго памяці зусім не да месца ўсплыў эпізод з адной замежнай мастацкай стужкі, галоўны герой якой не можа выбраць паміж жанчынамі, не хоча губляць ніводную з іх і ў чарговым прыступе дэпрэсіі пазбаўляе сябе жыцця.

— Дык што ж мне рабіць, Ігнат? — спытала між тым студэнтка Аня Балтас. — Ты зараз у сваім жыцці, а мяне там быццам ужо і няма. І я ж не плакацца прыйшла, праўда?

У кавярні пабольшала наведвальнікаў. Адразу ўключылі магнітафон у кутку за стойкамі, адтуль загучала нейкая папса, потым Высоцкі, зноў нейкая прыблатнёная спявачка з рызыкоўным рэфрэнам: «Мама, я злодзея люблю». Некалькі дзяўчат паселі за суседні столік. Сярод іх, як заўважыў Ігнат Мазур, былі дзве аднапакаёўкі Юлі Мараковай. «Пляваць», — падумаў ён.

— Ты зможаш крыху пацярпець, Аня? — спытаў ён. — Я шмат чаго даздаю, некаторым выкладчкам гэта не спадабаецца, тут яшчэ патрэбныя залікі па практыцы, у нас вайсковая кафедра, а там вельмі і вельмі строга. Там могуць і загнобіць. Давай вырашым усё крыху пазней. Ты ж бачыш, як усё навалілася, — гаварыў ён, тым не менш разумеючы, што не ўсё кажа шчыра, і раптам яму стала вельмі шкада і Ані Балтас, і чамусьці яе сястры, якая, напэўна, мела рацыю, і сябе.

Віно скончылася, студэнт Ігнат Мазур разлічыўся, і яны выйшлі на вуліцу. Сцямнела. Запаліліся ліхтары.

Здаецца, шмат пра што паспелі пагаварыць, студэнтка Аня Балтас, увогуле мяккая характарам, зноў была быццам усім задаволеная, яны заціснуліся ў будку тэлефона-аўтамата і там цалаваліся, потым Ігнат Мазур сказаў:

— Тралейбусы пакуль ходзяць. Можа, да цябе, Аня?

— А я сёння якраз засталася адна ў пакоі. Раз’ехаліся дзеўкі. Ноч будзе наша? Як усё-такі добра, калі мы разам.

***

Назаўтра, седзячы на лекцыі ў аўдыторыі, студэнт Ігнат Мазур па новай звычцы, якая з’явілася ў яго параўнальна нядаўна, у другі раз запісаў у нататнік, які насіў пры сабе і нікому не паказваў:

«Пачытаў больш падрабязна пра тэлегонію, аб чым нагадвала сястра Ані Балтас Ларыса, якая заканчвае медінстытут. Урэшце, шматлікія медыкі, генетыкі і навукоўцы ведаюць гэтую дзіўную, нават інфернальную з’яву, якая, тым не менш, не даводзіцца шырокаму колу людзей, разам з такімі калянавуковымі галінамі, як еўгеніка, гамеапатыя і г.д. Лічаць (хто менавіта?), што людзям пра такое лепш не ведаць. Шэкспір неяк напісаў: «Што чалавек? Жывёла і не болей». Ну, можа, разумная, але жывёла. Аказваецца, варта спытаць любога вопытнага сабачніка, галубятніка і іншага, які займаецца развядзеннем чыстых парод жывёл, і пачуеце адразу: пародзісты сабака, які выпадкова спароўваецца з беспародным і патомства якога вынішчаецца, усё роўна ўжо ніколі не будзе нараджаць чыстых жывёл сваёй пароды. Толькі мяшанцаў. Тое ж у коней, галубоў і іншых жывёл. Аказваеццаі ў людзей. Вось і меўрацыю Шэкспір. Тады, дарэчы, ведалі пра тэлегонію?

Кажуць, пасля Міжнароднага моладзёжнага фестывалю ў Маскве, які адбыўся больш як дзесяцігоддзе таму, у некаторых выпадках назіралася дзіўная з’ява: некаторыя белыя дзяўчаты, якія ўступалі ў палавую (без наступстваў) сувязь з цёмнаскурымі хлопцамі, і праз год, два, тры, як павыходзілі замуж за сваіх белых суайчыннікаў, нечакана нараджалі цёмнаскурых дзяцей. Аказваецца, першы самец і палавы акт замацоўваецца нейкім чынам назаўсёды. Нават, калі кантакт быў праз кантрацэптывы. Праз тэлегонію могуць перадавацца розныя, у тым ліку і псіхічныя хваробы. Мяркую, што і рэўнасцьад падсвядомага адчування гэтай з’явы. Але ж межы размываюцца, і нацыі паступова будуць змешвацца. І што тады? А вось што. Мяркую, нацыя, якая найбольш размножыцца, падамне пад сябе планетарнае мысленне і выведзе адзіную пароду людзей. Цалкам магчымая будучыня. Цікава было б пагаварыць пра гэта з навукоўцамі.

Але ж я адхіляюся. Урэшце, усё гэта думкі сваёй гадоўлі, не больш. Вось сястра Ані Балтас Ларыса лічыць, што сямейнае шчасце ў многім залежыць ад таго, ці была нявеста ў першую шлюбную ноч нявінніцай. А ў яе самой, якую не будзе раўнаваць муж, адбудзецца шчасце ў сям ’і? Цікава б спытаць у яе гадоў праз дзесяць».

***

На другі дзень пасля таго, як выкладчыца замежнай літаратуры Нэла Ліцвінава прыняла іспыт у студэнта Ігната Мазура і паставіла яму ў залікоўку і ў ведамасць адзнаку «выдатна», яго выклікалі да дэкана факультэта Парэцкага.

Дэкан быў строгі, сядзеў за сталом і перакладаў на ім нейкія паперы. Ігнат Мазур ведаў, што студэнты пабойваліся яго, але падсвядомае слабае пачуццё зараз гаварыла яму, што дэкан, былы баявы лётчык, хоць і строгі, але справядлівы. А студэнт Ігнат Мазур не разумеў, чаму яго выклікалі. Запазыкі па заліках і іспытах ён здаў, ніякіх дысцыплінарных учынкаў не меў. Дык у чым справа? — губляўся ў пытаннях Ігнат Мазур.

Урэшце дэкан Парэцкі адклаў у бок паперы, кінуў позірк на студэнта і сказаў:

— Сядайце.

Студэнт Ігнат Мазур нерашуча прысеў у крэсла.

— Скажыце, хто вам дазволіў не прысутнічаць на лекцыях і здаваць экза­мены датэрмінова? — спытаў дэкан Парэцкі.

— Ніхто, — пасля паўзы неакрэслена адказаў Ігнат Мазур.

— Вынікае, што вы самі сабе дазволілі?

— Бадай што так.

— Вы так шмат ведаеце? Не жадаеце пачуць што-небудзь новае?

— Жадаю. Вашыя лекцыі я наведваю рэгулярна, — стрымана зманіў студэнт Ігнат Мазур.

Паўза.

— Гэта я яшчэ праверу, — відавочна памякчэў дэкан Парэцкі. — А з вас на экзамене спытаю напоўніцу. Дысцыпліна павінна быць адна для ўсіх і парушаць нельга. Вам гэта зразумела?

— Так.

— Ідзіце.

«Хто ж мог данесці?» — думаў Мазур, выйшаўшы ад дэкана.

***

Адносна цёплае надвор’е нечакана перапыніў паўночна-ўсходні вецер, ён прынёс зацяжныя халодныя дажджы.

У інтэрнаце таксама пахаладала, ноччу на коўдру даводзілася зверху накідваць балоневы плашч, каб захоўваць цеплыню.

У адзін з такіх халодных дзён у сваёй аднапакаёвай кватэры засіліўся Мазураў аднакурснік Язэп Г арай. Апошнія месяцы ён амаль не паказваўся ў аўдыторыі, прапускаў заняткі, не здаваў залікі і ў выніку не быў дапушчаны да іспытаў.

Але, як яшчэ казалі, асноўнай прычынай суіцыду Гарая была не заваленая сесія, а праблемы з псіхікай. Казалі, быццам ведаючы гэта, яго каварна выкарыстала нейкая жанчына, якую ён, цяжарную ад іншага, прытуліў у сябе. Казалі, нібыта тая жанчына пачала цягаць яго па судах, каб адабраць кватэру, альбо нейкія грошы.

Усё гэта стала вядома на факультэце, трагедыя ўсхвалявала ўсіх: і студэнтаў, і выкладчыкаў, Мазура таксама, і ён запісаў у нататнік некалькі сваіх меркаванняў пра здарэнне:

«Язэпа Гарая я ведаў параўнальна нядоўга, і ён рабіў уражанне ўпэўненага і самадастатковага, але вельмі нервовага чалавека. Выключна здаровы фізічна, займаўся, як аматар, цяжкай атлетыкай (выціскаў лежачы сто кілаграмаў, прысядаў са стапяцідзесяццю), жыў у сваёй кватэры і не меў патрэбы ў грашах. Што падштурхнула яго да суіцыду, дакладна невядома нікому. Калі самае вялікае няшчасце ў жыццісмерць, то чаму ён выбраў менавіта гэта? Ніхто на курсе не ведаў і той жанчыны, якую ён прывёў да сябе. Думаю, асноўная прычына ў ёй. Як я дзесьці вычытаў, псіхолагі сцвярджаюць, что чалавеку ўласцівыя тры асноўныя інстынкты: палавы, нянавісць да сябе падобных і імкненне да смерці. Ахвярай якога ці ўсіх разам стаў Язэп Гарай? Невядома. Дарэчы, засіліцца лічыцца ў свеце даволі ганебным».

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч бесплатно.

Оставить комментарий