Рейтинговые книги
Читем онлайн Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17

— А вашы п’есы — ідуць? — зацікавіўся студэнт Ігнат Мазур.

— Адну прынялі, далі тры спектаклі, а потым знялі, — шчыра адказаў выкладчык Пятро Мацкевіч.

— Чаму? — спытаў студэнт Іосіф Зялёнка.

— Значыць, не зусім у масць трапіла, — не стаў паглыбляцца выкладчык Пятро Мацкевіч.

Ён падняўся і пачаў развітвацца, але студэнт Ваня Гужын выцягнуў з кішэні ключ, сказаў, што гэта ключ ад пустога інтэрнацкага пакоя, і што лепш будзе, калі паважаны Пётр Антонавіч пераначуе ў тым пакойчыку, дзе яго ніхто не патурбуе да раніцы, бо хадзіць у цемры небяспечна.

— Ну што ж, ёсць рацыя.

Выкладчык Мацкевіч спусціўся на першы паверх да вахты, дзе вісеў тэлефон-аўтамат і пазваніў, а потым вярнуўся.

— Папярэдзіў жонку, каб не хвалявалася, — сказаў ён.

Гаварылі яшчэ доўга. Пра Чэхаславакію, тэатр, акцёрскае майстэрства, дайшло і да палітэканоміі. Высвятлялі, хто больш дасведчаны: Маркс, Пру­дон, Сміт ці Рыкарда.

Выкладчык Пятро Мацкевіч у размову амаль не ўступаў, запаліў цыгарэту, зноў задумаўся. Але раптам спытаў у Ігната Мазура:

— Ну, а вы, Ігнат, чаму маўчыце?

Студэнт Ігнат Мазур зморшчыўся, нібы ад зубнога болю.

— Калі шчыра, то я амаль не ўспрымаю гэты навуковы спектр, — неяк з выклікам і каструбавата адказаў ён пасля кароткай паўзы. — Ну, вось што гэта за дадатковая вартасць, чаму яна тычыцца вартасці створанага тавару і ўсялякага там «капіталу» я не магу ўцяміць. Пэўна, недахоп мыслення. Абстрагавання, аналітычнасці, аналізу мне бракуе. Дый нецікава мне гэта. Мутняк.

Паўза.

Выкладчык Пятро Мацкевіч усміхнуўся.

— Ды няма ніякай дадатковай вартасці, — раптам абвясціў ён. — Гэта ўсё — лухта. Ёсць энергія зоркі — нашага Сонца, вось і ўся першапрычына.

Выкладчыка Пятра Мацкевіча адвялі ў пусты пакойчык і паклалі спаць. Прадбачлівы Іосіф Зялёнка выявіў апошнюю бутэльку віна, якую забараніў цяпер дапіваць, патлумачыўшы, што вып’юць яе раніцай, тым больш, што ў іх госць, якому трэба будзе пахмяліцца.

***

Спаць яшчэ не выпадала і студэнт Ігнат Мазур вырашыў пайсці да Юлі Мараковай. Але пакой паверхам вышэй, дзе жыла сяброўка, быў замкнёны, і ён, крыху падумаўшы, пагрукаў у суседнія дзверы, каб спытаць, дзе ўсе падзяваліся.

— Адчынена! — пачулася адтуль.

Студэнт Ігнат Мазур зайшоў у пакой. На ложку, падкурчыўшы смуглявыя ногі, сядзела Святлана Конкіна і паліла. Дзяўчына была ў паркалёвым нясвежым халаціку, яе цёмныя кароткія валасы неахайна тапырыліся, прыпудраны круглы твар з ледзь прыкметнымі прышчыкамі, нагадваў маску. Дзяўчына была адна ў пакоі, два суседнія, акуратна запраўленыя ложкі, пуставалі.

— Добры вечар, Святлана, — ветліва сказаў студэнт Ігнат Мазур і дадаў: — Фортку б адчыніла. Паліць жанчынам — шкодна.

— Адчыні, — абыякава ўсіхнулася дзяўчына.

— Шукаў Маракову, але ў іх ціха.

Святлана Конкіна паціснула плячыма.

— «Шел в комнату — попал в другую», — працытавала яна грыбаедаўскі радок са школьнай праграмы і патлумачыла: — Там, бывае, рана кладуцца спаць. — А можа, куды сышлі.

— Я прысяду, — сказаў нечакана для сябе Ігнат Мазур.

— Прысядзь, — паморшчылася яна.

Студэнт Мазур пасунуў да яе ложка зэдлік і сеў. Твар яго аказаўся амаль на адным узроўні з аголенымі нагамі дзяўчыны. Жаданне пасунуцца ўсутыч і прыпасці тварам да гэтых ног раптам хваляй абрынулася на яго. Студэнт Ігнат Мазур праглынуў камяк у горле і заціснуў у перасохлыя вусны цыгарэту.

— Ты падслухоўвала, калі я дамаўляўся з выкладчыцай Ліцвінавай, — сказаў ён. — Навошта?

Дзяўчына пакрывіла невялікі рот з пульхнымі вуснамі, выдыхнула дым і патлумачыла:

— А я люблю падслухоўваць. І падглядваць.

Яна нахілілася, каб стрэсці попел. Халацік яе расхінуўся і студэнт Ігнат Мазур убачыў, што станіка на ёй няма, а грудзі з цёмнымі смочкамі зусім маленькія. Скура і на іх была смуглаватая. Дзяўчына зноў выпрамілася і захінулася шчыльней.

— А кватаранткі дзе? — кіўнуў на пустыя ложкі Ігнат Мазур.

— Чарговага дурапляса пабеглі глядзець. На канцэрт. Кветачкі яму панеслі, ідыёткі. Хутка прыпруцца. «Як ён спяваў, як спяваў: ля-ля-ля! Ля-ля-ля! Першакурсніцы».

— Ну, а ты на першым курсе хіба не бегала на якога-небудзь Магамаева ці Бюль-Бюль-аглы? — рызыкоўна спытаў Ігнат Мазур.

— Дарэмна іранізуеш. Магамаеў, прыкладам, вельмі прыгожы мужчына.

— Я лічу, што ў большасці жанчын вычварэнскі густ. Ды гэта амаль усе літаратурныя класікі заўважылі.

— Значыць, і я з ліку тых жанчын. Табе што да гэтага?

— Дык усё-такі бегала? З вырачанымі вочкамі? — нямаведама чаму пачынаў злаваць Ігнат Мазур. — Ну, кветкі — гэта прыстойна, цалкам адэкватна і ўвогуле традыцыя. Але там-сям істэрычныя німфэткі ў стане афекту закідваюць сцэну і сваімі майткамі.

— У цябе такое багатае ўяўленне?

— Бывае і багацейшым.

— Могуць і не зразумець.

— Ну, ты ж у тэме? У мяне, дарэчы, з’явілася пачуццё, што мы з табой шмат у чым аднолькавыя. Ты б на лекцыях менавіта ля мяне прысаджвалася. Вось бы і нашапталіся. Праўда, праўда, чаму ты ўсміхаешся?

Студэнтка Святлана Конкіна выдыхнула дым і патушыла цыгарэту, Твар яе набыў халодны выраз.

— Так, маеш рацыю. Прыкладна, канешне. І вочкі, і кветкі, і ўсё такое. Было. Славак адзін прыязджаў, я два разы на яго канцэрт схадзіла. Ён мне нават сваю пласцінку ахвяраваў. А цяпер пайшоў бы ты прэч. Язык у цябе нядобры. Лепш я ўжо захоплены віск першакурсніц паслухаю.

— Табе побач з імі, пэўна, сумна?

— Мне па-любому сумна. Асабліва адвячоркам, на захадзе сонца. Разумееш такое?

— Так, і мне знаёма, — пацвердзіў студэнт Ігнат Мазур, — «калі снег мокры падае, а праз яго ліхтары газай мігцяць»...

— Люблю Дастаеўскага, — усміхнулася Святлана Конкіна. — Асабліва «Падлетка».

— Табе б замуж, Святлана, — раптам зноў грубавата сказаў студэнт Ігнат Мазур.

Паўза.

— Што так?

— Ферамоны вылучаеш.

— А пайшоў бы ты ўсё-такі прэч.

— Не садзіся на крыўду. Прабач, Святлана.

— Замуж, ха-ха. Можа, і за каго падкажаш?

— Табе вырашаць.

— Мне днямі адзін наш румын прапанаваў нешта накшталт таго.

— Віця Ганабец? Гэты — што з Малдавіі? — здагадаўся Ігнат Мазур. — Вось здзівіла. А што ты?

— Патлумачыла папулярна, што мне патрэбны самастойны, забяспечаны матэрыяльна мужчына, а не бедны студэнт. Хіба што пакахаю якога. Але гэта так... Вельмі ты здагадлівы пра Ганабца і іншае — такія заўжды небяспечныя. І потым Маракова на цябе вока закінула. Дый выкладчыцы Ліцвінавай ты спадабаўся. Я бачыла. А ўвогуле, сумна жыць на свеце, Ігнат.

Упершыню дзяўчына назвала яго проста па імені. Цёплая хваля прыязнасці ахапіла яго, і студэнт Ігнат Мазур раптам падумаў, што адчуў бы сябе шчаслівым, каб проста цяпер прылегчы побач з ёй на гэтым ложку і пакласці далонь ёй на аголеныя грудзі.

— Толькі ж пачынаеш жыць, Святлана.

— У тым вось і справа.

Дзяўчына запаліла новую цыгарэту, сказала рашуча:

— Хачу цяпер адна пабыць. А то зараз прыйдуць дзяўчаты. Цябе пабачаць, маладога, гожага. Мараковай данясуць, ха-ха.

Студэнт Ігнат Мазур узняўся з зэдліка, адчыніў акно, пайшоў да дзвярэй.

— Зачыніш сама. А то напалілі. Кідала б гэтую звычку.

— Пляваць. Хоць дзякуй за клопат.

***

Аднойчы вечарам да яго ў інтэрнат прыйшла Аня Балтас. Стройная, у плісіраванай спадніцы, адкрытай кашулі, валасы колеру саломы гожа абрамлялі яе мілавідны загарэлы твар. Адно плячо, левае, крыху ўзнята, што, як ён ведаў, было ў яе прыкметай хвалявання.

У пакойчыку студэнт Ігнат Мазур быў не адзін. Ляжаў на засланым ложку з падручнікам па палітэканоміі глухаваты аднакурснік Міхась Байкоў, а за сталом гартаў нейкія паперы і адначасова вячэраў рухавы і заўжды вясёлы кавэзэншчык Дзяніс Маркін — з невялікай галавой мікрацэфала і пастаянна расцягнутым ва ўсмешцы ротам.

— Можна да вас? — насцярожана спытала з парога Аня Балтас і дадала: — Прывет, Ігнат. Я да цябе.

— Канешне, заходзь! — шчыра абрадаваўся Ігнат Мазур. — Прысядзь во на мой ложак, а я зараз сабяруся. Хоць, пачакай. Ты, Дзяніс, схадзіў бы павучыў навуку ў «чырвоным» пакоі, а з Байковым я зараз улагоджу, — звярнуўся ён да Маркіна.

Аня Балтас усміхнулася, села на ложак.

— Дзякуй, што не выгналі. Не турбуйцеся, хлопцы, я на хвіліну. Пайшлі, Ігнат, у кавярні пасядзім. Тут побач. Я ўбачыла, ёсць такая. Не супраць?

Паўза.

— Слушна кажаш, — згадзіўся ўрэшце Ігнат Мазур. — Калі там ціха, чыста і мёдам намазана.

У кавярні сапраўды было на гэты час даволі ціха, яны замовілі бутэльку таннага белага сухога віна і марожанае для дзяўчыны.

— Паслухай, Ігнат, — пачала студэнтка Аня Балтас, — я зайшла не проста так, а каб вырашыць адно пытанне. Вядома, ты прабач, бо мяне не запрашаў. Справа ў тым, што ў цябе практыка, дыплом, дзяржэкзамены, ну, урэшце, вайсковыя зборы. А ў мяне таксама іспыты, практыка і неўзабаве размеркаванне на працу. Мы сталі рэдка бачыцца, але не з гэтай нагоды. Ты змяніўся Ігнат, я адчуваю. І не ведаю, калі шчыра, што рабіць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч бесплатно.

Оставить комментарий