Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Дзе ж ты, снег, дзе ты, палярная завiруха? - шаптаў ён.
Але надвор'е было па-ранейшаму яснае, i адвячоркам ён ужо ведаў, што яны iдуць па яго следзе. Але ён быў занадта знясiлены, каб хавацца, i лёг у сваiм спальнiку на першым жа свабодным ад снегу месцы сярод скал. Ён прагна з'еў халоднага гарошку проста з бляшанкi i запiў яго зялёнай гарохавай вадкасцю. Усю правiзiю ён упакаваў у мех зверху, але частка яе правалiлася на дно, i зараз ён паспрабаваў прыкiнуць, як доўга хопiць яму ежы.
Пры велiзарнай эканомii - днi на тры, вырашыў ён. Тры днi велiзарнай эканомii, i пастаянны голад.
Яшчэ не свiтала, а ён ужо быў у дарозе i да поўдня пераправiўся цераз Сярэбраную рэчку. Двойчы ён бачыў за сабой людзей, але яны былi далёка i адставалi ўсё больш. За ноч iхняя перавага знiкла, бо з надыходам цемры iм, як i яму, давялося спынiцца. Акрамя таго, яны не маглi iсцi нацянькi, бо не ведалi, куды скiруе Рой, а таму не маглi нi разлiчыць, нi прадбачыць яго маршрут. Iм проста даводзiлася iсцi па яго слядах i, магчыма, чакаць самалёта.
Неба магло прынесцi Рою i вялiкую небяспеку i вялiкую палёгку, i ён няспынна сачыў за iм. Па-першае, у прадбачаннi самалёта, якi мог выявiць яго i адразу загубiць. Па-другое, у спадзяваннi на снег, якi прыкрыў бы яго сляды i даў бы яму магчымасць звярнуць на поўдзень i дабрацца дадому. Пакуль не пачаўся снегапад, ён не мог паварочваць на поўдзень i тым самым адкрыць iм сваю канчатковую мэту. Яму даводзiлася арыентавацца на захад, на захад ад Сярэбранай рэчкi, нават на паўночны захад ад яе; даючы такога кругаля, ён спадзяваўся пераканаць праследвальнiкаў, што хоча дабрацца да стаянак лесарубаў, якiя былi раскiданы ў раёне лесараспрацовак на паўночным захадзе адсюль, у суседняй акрузе.
Пераправiўшыся цераз Сярэбраную рэчку, ён пакiнуў межы заказнiка, але гэта не ратавала яго ад небяспекi. Нават болей - гэта стварала дадатковую небяспеку: зараз ён знаходзiўся ў зусiм невядомай яму краiне сярод хрыбтоў i гор, нiзiн i лясных масiваў, дзе нiколi не быў. Трымаць правiльны накiрунак зараз яму дапамагаў толькi маленькi компас у пятлiцы, а арыентавацца - толькi ўласнае адчуванне мясцовасцi. Уся надзея была на тое, што калi яны ведалi гэты край i звыклыя маршруты, дык Рой разумеў мясцовасць. Ён разумеў яе, як чалавек, якi ўсё жыццё назапашваў выпадковыя назiраннi над няроўнасцю зямной кары. Мiмаходзь азiраючыся па баках, ён мог уявiць сабе, якiя пад'ёмы i спускi чакаюць яго наперадзе, на яшчэ невядомых яму ўчастках. Ён мог здагадацца пра характар схiлаў i хрыбтоў i нечаканых глыбокiх нiзiн, i на гэта накладваўся дзiўны малюнак зямлi пад зямлёй, уяўленне пра дзiкую сiлу, схаваную пад гэтымi гранiтнымi схiламi, пра пакуты i сутаргi, у якiх нараджалася гэтая краiна i якiя, наколькi ўяўляў сабе Рой, яшчэ могуць паўтарыцца i перарадзiць яе. Дзiўная гэта была часам краiна, снегавы ложак заснулых велiканаў, краiна, якой Рой гатовы быў захапляцца, пакуль яна не выступiць супраць яго.
Ён адхiлiўся далёка, надта далёка на захад i вырашыў рызыкнуць i папаляваць. Яму патрэбна была ежа, бо прыпасаў засталося толькi на два днi. Праследвальнiкi ўсё адно ведалi, дзе яго шукаць. Гук стрэлу iм не дапаможа i не прыспешыць iх. Рой застрэлiў двух зайцаў i курапатку i вечарам, пад прыкрыццём вялiкай сасны, распалiў касцёр. Ён падсмажыў усю здабычу, з'еў колькi здолеў, а рэшткi схаваў на заўтра. Затым растапiў крыху снегу ў кацялку i заварыў гарбату. Падмацаваўшыся, ён быў гатовы да выпрабаванняў наступнага дня.
А снегу ўсё не было.
Рою здавалася, што ўся прырода супраць яго. Ён ведаў, што далей на захад iсцi нельга, адтуль яму ўжо не прабiцца да сваёй хацiны, бо праследвальнiкi будуць i спераду i ззаду. Ён вышукваў на хрыбце аголеныя схiлы, дзе б згубiлiся яго сляды, дзе ён мог бы павярнуць на поўдзень; але ветру не было, каб сагнаць снег з хрыбтоў, i сама большае, што ён мог зрабiць, - гэта цягнуць за сабой пiхтавую галiнку, каб хоць крыху загладзiць сляды.
Ён спрабаваў i iншыя хiтрыкi, хоць яны i забiралi ягоны час: напрыклад, iсцi ўлукаткi, а затым старанна загладжваць сляды метраў на пяцьдзесят. Ён ахвяраваў на гэтыя хiтрыкi каштоўны час, але ў сваiм адчайным iмкненнi адарвацца ад пагонi хапаўся за любыя сродкi.
У тым, якiя бескарысныя яго хiтрыкi, ён пераканаўся, калi выйшаў на адкрытае месца'i адразу ж пачуў стрэл, а затым убачыў, як куля стукнулася аб скалу крыху нiжэй за яго. Ён бачыў i чалавека, якi зрабiў гэты папераджальны стрэл. Гэта быў той мажны: сам iнспектар альбо яго двайнiк, чалавек, якога Рой баяўся зараз больш за ўсё iншае.
- Ну дзе ж снег?! - крычаў Рой у неба.
Неба было шэрае, але марознае, i ўвесь дзень мароз мацнеў. Рой адчуваў гэта таму, што быў змучаны i пастаянны пот ахалоджваў яго цела, замарожваючы бялiзну. Толькi ў час руху ён развiваў у целе дастаткова цяпла, але як толькi спыняўся, яго трэсла, ён губляў апошнiя сiлы, i, вiдаць, наблiжаўся час, калi праследвальнiкi яго дагоняць.
Яго ахапiла вострае пачуццё нянавiсцi да марозу i да акаляючай цiшынi, i да глыбокага снегу, якi хапаў яго за ногi i аддаваў ворагу. Ён ненавiдзеў кожны пад'ём, якi патрабаваў дадатковых высiлкаў, i кожны лес, якi загароджваў яму адносна лёгкi шлях па раўнiне. Ён усё часцей думаў, цi не кiнуць яму ўсю здабытую пушнiну, цi не аблегчыць свой груз. Але тое, што прымушала яго рухацца наперад, пакiдала гэты груз на спiне. У гэтай пушнiне было апраўданне ўсяго, i кiнуць хоць частку яе менавiта зараз - азначала занадта шмат у чым прызнацца хоць бы самому сабе. Розум падказваў яму схаваць пушнiну, а затым вярнуцца па яе летам. Але што б нi казаў яму розум, ён ведаў, што калi пакiне тут пушнiну, ён нiколi па яе не вернецца, што ён страцiць адзiн са стымулаў уцякаць. Пушнiна ў мяху за спiной была не проста грашамi - гэта была напружанасць усiх сiл i перамога над кпiнамi прыроды, якая была супраць яго i абыякавай рукой прытрымлiвала снег i дапамагала яго ворагам. Ён ненавiдзеў неба, скалы, дрэвы, азёры, аленяў, якiя кожны дзень перабягалi яму дарогу, дзiкабраза пад дрэвам, скунса на ягонай сцежцы, лiсу i яе сляды на снезе, рысь, ваўка i рыжую вавёрку. Уся краiна стала яго ворагам, i ў смяротнай стомленасцi ён гатовы быў ненавiдзець яе да самага свайго канца.
А пасля ён ледзь не заплакаў ад роспачы, калi пачуў i ўбачыў блакiтны гiдраплан. Гiдраплан не быў падобны на малiнаўку, як самалёт Ласона, не, гата была цяжкая качка з непрыемным рыкаючым гукам, магутная машына, якая то апускалася зусiм нiзка, то ўзлятала ўгару, вышукваючы яго, таму ён iмкнуўся iсцi толькi праз лес, з марным спадзяваннем схавацца, марным таму, што для арыентацыi яму ўсё роўна даводзiлася выбiрацца на адкрытую мясцовасць. Яна лёгка знаходзiла яго i са свiстам кружылася над iм, але ўжо вечарэла, i Рой зноў хаваўся ў лесе i надоўга адрываўся, а ёй даводзiлася адлятаць на начлег яшчэ да наступлення цемры, i Рой выйграў яшчэ адзiн дзень для перамогi альбо паражэння.
- Ну вось, нарэшце i адолеў мяне прыяцель-iнспектар! - сумна ўсмiхнуўся Рой.
Ён пасмяяўся з прыяцеля-iнспектара i зрабiў тое, на што iнспектар нiколi не пайшоў бы. Калi сцямнела, Рой прадоўжыў свой шлях. Гэта была рызыка, на якую не пайшоў бы нiводзiн лесавiк. Iсцi па такой мясцовасцi ў цемры было небяспечна не толькi само па сабе (калi спатыкнешся, можна адразу сарвацца i зламаць сабе шыю), было небяспечна i тым, што мiжволi беручы ўлева, можна лёгка прыйсцi менавiта туды, дзе найбольшая пагроза. Гэта быў сляпы шлях без усялякiх арыенцiраў, напралом, праз усе хрыбты i нiзiны. Гэта быў шлях навобмацак, калi давяраеш толькi iнстынкту i компасу - гэтаму безнадзейнаму спалучэнню супярэчлiвых iмпульсаў. Рой так стамiўся за гэты начны пераход, што сон здаўся адзiным, чаго мог хацець чалавек. Ногi яго падкошвалiся, i ён дарагой цаной плацiў за сумнiўную перавагу адарвацца ад пагонi максiмум на пяць-шэсць мiль. Але зараз для яго гэта быў адзiны шанц, i ён iшоў i падаў у цемры, настойлiва iшоў на захад, усё яшчэ не асмельваючыся павярнуць на поўдзень, усё яшчэ чакаў снегу, якi павiнен жа быў калi-небудзь пайсцi.
Чатыры мiлi ён не змог адолець i, не прайшоўшы i трох, скiнуў сваю ношу на снег, выцягнуў з яе спальнiк i вырашыў, што ранiцай не ступiць i кроку. Хай прыходзiць iнспектар. Хай будзе што будзе. Памiтусiўся, i хопiць. Лёгка хацець прыстанiшча ў Сент-Элене, калi яно магчыма, але зараз гэта недасягальная мара. Занадта высокая цана за ганьбу, якая яго чакае. Не, хопiць! I ён дазволiў сабе вялiкую раскошу: больш не трэба будзе думаць пра Сент-Элен, сустракацца з Эндзi, не давядзецца пераносiць усё тое горкае i пакутлiвае, што падрыхтавана яму ў канцы гэтага шляху. Заўтра iнспектар можа з'явiцца i забраць яго; заўтра ён гатовы прыняць усё: цяжар жыцця, паражэнне, якое яго аблегчыць, i яго канец.
Апошнiм намаганнем ён расклаў спальнiк i, як толькi залез у яго, заснуў, неверагодна стомлены.
Раздзел пятнаццаты
Снег пайшоў пад ранiцу, калi Рой яшчэ спаў, i снег не разбудзiў яго. Снегам занясло спальнiк, яго выпрастаныя рукi, нават твар i ўсю галаву, а ён усё спаў, пакуль не развiднела. Тады ён расплюшчыў вочы i сеў.
- Iдзi, снег, iдзi! - закрычаў ён. I яшчэ раз, i яшчэ.
- Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке) - Богумил Грабал - Проза
- Камiзэлька (на белорусском языке) - Болеслав Прус - Проза
- Нямкi (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) - Франсуа Мориак - Проза
- Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк - Проза
- Панi Парыс (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Вечар (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль - Проза
- Герастрат (на белорусском языке) - Жан Сартр - Проза
- Iталiйскае неба (на белорусском языке) - Франсуаза Саган - Проза