Рейтинговые книги
Читем онлайн Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 69

- Якi жах! - усклiкнула сяброўка ўкушанай. У яе пачалася iстэрыка.

Гай Дубровiч стаяў каля дзвярэй лiфта, бачыў, як санiтары вядуць жанчыну да машыны "хуткай дапамогi", як малады лiфцёр зацiрае кроў на падлозе, i душа кiпела абурэннем. Нельга так далей жыць. Лепей жахлiвы канец, чым бясконцы жах. Перасохла ў роце. Ён падышоў да аўтамата, каб напiцца. Але газiроўкi чамусьцi не было.

- Просiм прабачэння, - сказаў, тройчы мiргнуўшы зялёнай лямпачкай, аўтамат. - Праз дзве хвiлiны сорак пяць секунд будзе дазапраўка. Пачакайце. Ды Гай, махнуўшы рукою, сеў на таксi, папрасiў шафёра як найхутчэй ехаць у Менск. Шльгалi за акном чырвоныя i зялёныя катэджы, купкi дрэў, акуратныя лужкi. З прыёмнiка неслася меланхалiчная песня, "цвiк сезона":

Не кружы, зязюля, над чужым гняздом.

Пабудуй, зязюля, свой уласны дом.

Бач: пасля дасвецця

Зноў плыве iмгла.

Цяжка тваiм дзецям

Без твайго крыла.

"Клён, сынок, - думаў Гай, - хутчэй бы ўбачыцца з табою".

Раптам песня перарвалася.

- Увага, - строга сказаў металiчны голас. - Гаворыць Штаб грамадзянскай абароны горада Менска. Просiм усiх мiнчукоў заставацца дома, не выходзiць на вулiцы. Праверце, цi ў зборы ўсе члены вашых сем'яў, асаблiва дзецi, зачынiце дзверы i вокны, не стойце на балконах, нi ў якiм разе не пускайце ў кватэры незнаёмых асабiста вам людзей. Помнiце: гэта можа быць агентура СЦ. У горадзе пачалiся баi. Па папярэднiх звестках, Серабранка i Чыжоўка захоплены атрадамi Старой Цывiлiзацыi i робатамi з аўтамабiльнага завода, якiя далучылiся да iх. Атрады СЦ, выкарыстоўваючы агнямёты, па лiнiях метрапалiтэна хочуць прабiцца ў цэнтр горада. Баявiкi Старой Цывiлiзацыi знешне вельмi падобныя на людзей. Рознiца ў тым, што ў час мiмiкрыi прайшоў дэфект, i на пальцах рук i ног яны не маюць пазногцяў. Помнiце: у iх няма пазногцяў. Асцерагайцеся людзей у пальчатках i рукавiцах, патрабуйце, каб яны неадкладна здымалi iх. Тых мiнчукоў, хто ў гэтыя хвiлiны слухае нас за рулём аўтамабiля, просiм прыехаць на чыгуначны вакзал i аўтавакзал. Там працуюць паходныя лазарэты для параненых i будзе патрэбна ваша дапамога.

- Едзьце на чыгуначны вакзал, - усхвалявана сказаў Дубровiч таксiсту.

Той згодна кiўнуў галавой, павялiчыў хуткасць, i раптам Гай убачыў у яго на руках белыя пальчаткi.

Кроў зазвiнела ў галаве, пачала, здаецца, ламаць скронi.

- Што гэта? - спытаў Гай.

- Вы аб чым? - не зразумеў таксiст.

- Спякота, а ў вас на руках пальчаткi.

- Ну й што? Мне так падабаецца, - усмiхнуўся таксiст, але вочы былi напружаныя, суровыя.

- Неадкладна здымiце, пакажыце свае рукi. Я хачу iх убачыць.

- А я цябе, жлоб, хачу ўбачыць у труне ў белых тапках, - адказаў таксiст i раптам, кiнуўшы руль, схапiў Гая за горла.

Дубровiчу ўдалося вывернуцца. Усiм целам ён падаўся назад, але вялiкiя рукi ў белых грубых пальчатках цягнулiся да яго.

"Зараз машына загрымiць у кювет, - падумаў Гай. - Не ведаю, што застанецца ад гэтага пярэваратня. Ад мяне ж - адны костачкi".

Кулаком ён ударыў таксiста, стараючыся патрапiць у скiвiцу. Але ўдар прыйшоўся ў грудзi i прабiў iх, прарваў, бо пад кулаком была не пругкая чалавечая плоць, а нейкая рыхлая маса, нейкая вата. Ад нечаканасцi i агiды пацямнела ўваччу. Стварэнне, якое толькi што было таксiстам i даволi спрытна i ўмела ўпраўлялася з аўтамабiлем, на вачах пачало набываць фiялетава-чырванаваты колер. Такiм робiцца корань у грыба падасiнавiка пасля таго, як яго зрэжуць.

Па рацыi Гай перадаў дыспетчару, што на лiнii ў горадзе i ў прыгарадах могуць працаваць i, вядома ж, працуюць вадзiцелi-пярэваратнi, хiтрая агрэсiўная пятая калона СЦ.

- У iх няма цела, - дадаў ён.

- Як? - асекся голас у маладзенькай дзяўчыны-дыспетчара. - Як вы сказалi?

- У iх няма цела, - паўтарыў Дубровiч.

- А як жа яны кiруюць машынамi?

- Шлая мая, у iх няма чалавечага цела, - стараючыся не раздражняцца, пачаў цярплiва тлумачыць Гай. - Напрыклад, вось гэты прыгажунчык, што сядзiць побач са мной, з выгляду самы сапраўдны каўбой, супермэн, адным словам, але ўвесь ён нашпiгаваны нейкай ватай i нейкiм пiлавiннем.

- I вам не страшна? - цiха-цiха спыталася дыспетчарка.

Гай не адказаў, выключыў рацыю. Увесь гэты час ён вёў аўтамабiль, скiнуўшы фiялетавыя (нават пальчаткi зрабiлiся фiялетавымi!) адразу памякчэлыя робатавы рукi з руля. Потым ён наогул надумаў ачысцiць ад пярэваратня салон. Цiскануў на тормаз, хацеў адчынiць дзверцы, але аўтамабiль не слухаўся, нёсся, як раз'ятраны звер, па шашы. Гай быў вопытнейшым шафёрам, мог, калi трэба, з завязанымi вачыма кiраваць машынай, ведаў, адчуваў у ёй кожную маленькую гаечку, i ён зразумеў, што стаiць за нечаканым бунтам аўтамабiля. Аўтамабiль таксама быў фiкцыяй, падробкай, муляжом, называй як хочаш. Аўтамабiль быў жывой iстотай, якая дзёрзка не падпарадкоўвалася чалавеку, хацела яго забiць, знiшчыць.

- Спынiся, чортава калымага! - у адчаi закрычаў Дубровiч, зноў i зноў нацiскаючы на тормаз.

Раптам аўтамабiль рэзка рвануўся на сустрэчную паласу руху, намерваючыся ўдарыцца - лоб у лоб - з вялiзным цяжкiм малакавозам. У апошняе iмгненне шафёр малакавоза вiльнуў убок i люта пагразiў Гаю кулаком.

- Бунт аўтамабiля! - закрычаў у рацыю Гай. - Прашу дапамогi! Прашу тэрмiновай дапамогi!

- Дзе вы знаходзiцеся? - спытаў у яго строгi басавiты мужчына, пэўна, афiцэр ДАI.

- На шашы Вiльнюс - Менск, у раёне Новай Вёскi! Аўтамабiль, не ведаю, як i называць гэту пачвару, пастаянна кiдаецца на сустрэчныя слупы i машыны! У мяне мярцвеюць рукi! Вось ён хоча скокнуць у кювет!

Гай заскрыгатаў зубамi, у чарговы раз не дазволiўшы аўтамабiлю самалiквiдавацца.

- Дапамажыце! - крычаў ён.

З неймавернай хуткасцю пачаў расцi, раздзiмацца руль i неўзабаве прыцiснуў Дубровiча да сядзення, ды так, што не прадыхнуць. Адначасова пачулася лёгкае шыпенне. У салоне запахла нечым гаркавата-салодкiм. Гай адчуў, як пачынаюць злiпацца павекi. "Сонны газ", - здагадаўся ён. У смяротнай тузе заныла сэрца. Ён убачыў на заднiм сядзеннi цяжкую металiчную гантэлю. "Навошта ў машыне гантэля? - мiльганула ў галаве, якая ўжо клявала носам, вялая думка. - Пэўна, ёю пярэварацень збiраўся трушчыць чарапы людзям". Гай схапiў гантэлю, заплюшчыўшы вочы, што ёсць сiлы ўдарыў ёю па ветравым шкле. Дзве мэты ставiў ён перад сабой - упусцiць у салон свежае паветра i прычынiць гэтаму стварэнню, гэтаму самазабойцу боль. Але шкло толькi злёгку прагнулася, нi трэшчынкi не з'явiлася на iм. Гэта даканала Гая. "Карачун мне... Канец", - падумаў ён.

У гэты час над шашой нiзка праляцеў патрульны верталёт ДАI, за iм другi, трэцi. Яны пачалi скiдваць на асфальтавае палатно гумовыя дарожкi, спрэс утыканыя вострымi жалезнымi шыпамi.

- Трымайцеся, - звязаўся з аўтамабiльнай рацыяй пiлот верталёта. Зараз гэты шустрачок наколецца на шпiльку, i ўсё будзе о'кэй.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 69
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко бесплатно.

Оставить комментарий