Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Гай узяў тэлефонную трубку. Пакрысе ён пачаў баяцца тэлефонных размоў. Чалавечы голас, асаблiва незнаёмы голас, мог прынесцi нечаканы боль, жахлiвую вестку пра Клёна. Ён браў трубку, i было адчуванне, быццам яго праз некалькi хвiлiн кiнуць у кiпецень.
- Спадар Гай Дубровiч, - рашуча сказала трубка, - вам тэлефануе маёр рэспублiканскай гвардыi Хвалiбог. Якi ў вас крывяны цiск i што вы бачылi ў апошнiм сне?
"Ну й людзi! Божа, - аж застагнаў у думках Гай, - ведаюць, што нелады з сынам, i цiкавяцца, цi добрае самаадчуванне ў ягонага бацькi. Пракляты этыкет! Ды лепей бы мяне абклалi трохпавярховым матам". Але давялося, як i належыць чалавеку ВЭП, пачцiва адказваць на пытанне.
- Нядаўна ўбачыў на тэлеэкране выступленне Навума Масейкiна i тэлефаную вам, - напорыста казаў невядомы Гаю маёр. - Атрад касмадэсантнiкаў колькасцю ў пяцьсот чалавек рыхтуецца да высадкi на планеце Вар. Мне аказаны гонар быць камандзiрам гэтага атрада. Я - чалавек дзеяння. Гэта не прымiтыўная самарэклама, а жыццёвы факт. Клянуся вам, спадар Дубровiч, што ваш сын здаровы i непашкоджаны вернецца на Зямлю. Жывуць Сонца i Кiсларод!
На тым канцы запiкалi кароткiя гудкi. "Лаканiчны чалавек. Добры чалавек", - падумаў Гай.
А праз нейкую гадзiну пазванiў Метэор i па старой дружбе запрасiў у Дом Пераўтварэнняў.
- Для вас у мяне маецца навiнка, - сказаў доктар.
Гай адразу ж згадзiўся, бо трэба было ратавацца ад неадчэпнай трывогi, якая магла скончыцца дэпрэсiяй.
На пятнаццатым паверсе Дома Пераўтварэнняў робаты ўвялi яго ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Доктар Метэор, як заўсёды, з'явiўся на экране. Гэта было ўжо звычна, як узыход Сонца.
- Вiтаю вас, глыбокашаноўны спадар Дубровiч, i прыношу свае шчырыя спачуваннi, - мякка i журботна сказаў доктар Метэор. - Я, як i ўсе зямляне, упэўнены, што ваш сын неўзабаве прыляцiць дадому i ўсе мы, вашы i ягоныя сябры, зможам абняць Клёна. Дзякуй вам i спадарынi Бярозцы, што выгадавалi патрыёта Зямлi. Я ведаю - вам цяжка. I каб скiнуць гэты цяжар, прапаную паўдзельнiчаць у абсалютна новым цыкле пераўтварэнняў.
- Я згодны, - адразу кiўнуў галавой Гай.
- Але вы яшчэ не ведаеце, аб чым iдзе размова. Паўтараю - гэта зусiм новы, нi на кiм з добраахвотнiкаў не апрабаваны цыкл, i могуць адбыцца нечаканасцi, збоi ў сюжэце пераўтварэння. Вам, калi казаць высакамоўным стылем, прапануецца роля Калумба.
- Нiколi не хварэў калумбiнiзмам, - зморшчыўся Гай, - але згодны ўдзельнiчаць у пераўтварэннi. Давайце пачынаць.
Далей усё пайшло па звыклым сцэнарыi. Маўклiвыя робаты (дарэчы, iм строга забаронена размаўляць з людзьмi, за парушэнне - кавальскi прэс) панеслi Дуброзiча па вузкiм чорным калiдоры, потым пасадзiлi ў цэнтрыфугу. Ажыла страла цэнтрыфугi, цемра падступiла да вачэй.
...Ён ляжаў у маладым густым ельнiку i пiльна, не адводзячы вачэй, сачыў за тым, што дзеецца на дарозе. Гэтая дарога, слаба раз'езджаная i слаба растаптаная, ужо амаль зарослая травой, выбягала з-за ўзгорка, спускалася ў балоцiстую лагчыну, чаплялася за ўскраек лесу, дзе ён хаваўся, i знiкала ў шырокiм полi. За ўзгоркам была ягоная весь, ягоная беласценная хатка з чаратовай калючай страхой. Была, калi яе дагэтуль не спалiлi обры або не разламалi на бiлы i аглоблi для сваiх вялiзных скрыпучых арбаў. Ён ляжаў, затаiўшыся, нiбы звер, у нiзкарослым ельнiку, якi толькi што зацвiў ярка-жоўтымi, мяккiмi, вельмi прыгожымi шышачкамi. Ён чакаў.
У яго была як бы падвойная, напластаваная адной палавiнай на другую, свядомасць. Ён разумеў, што ён Гай Дубровiч, гiсторык, што ў яго ёсць любiмая жонка Бярозка i любiмы сын Клён, што ён жыве ў горадзе Менску i што зараз на вулiцы 223 год Вялiкай Эры Плюралiзму. I ў той жа час востра, да звону ў скронях, ён адчуваў сябе маладым дваццацiдвухгадовым воем Карпуком са славянскага племенi дулебаў. У яго быў бацька Красамiр, мацi Няжыла, пяцёра братоў, усе маладзейшыя, i зеленавокая меднавалосая каханка Трыснята. Ён, Карпук, умеў з самага маленства араць зямлю, засяваць узараную нiву, касiць, пiлаваць i калоць дровы, рабiць цэглу, гнуць палазы, дугi, выразаць з мяккага дрэва вёдры, лыжкi, зубы для грабляў, лавiць рыбу, абкурваць горкiм дымам дзiкiх пчол i забiраць iхнi мёд, бiць камень, гнаць смалу, драць лыка. Яшчэ ён умеў лавiць у сiлкi птушак i падрабляць птушыныя галасы, гартаваць у чорнай кузнi меч, iграць на жалейцы, спыняць кроў, калi яна хвошча са свежай раны, малiцца Сварогу i Перуну, цалаваць дзяўчат i асаблiва Трысняту. Ён шмат што ўмеў, бо быў, як здагадваўся сам, братам Ветру i Грому, Ваўку i Вужу. Iхняя весь мясцiлася на высокай надрэчнай выспе, абгароджанай шчыльным дубовым частаколлем. Вясною амаль да самых хат падступала, падыходзiла рака, плылi крыгi, карчы, жмуты бурай саломы. Потым падсыхала зямля, цямнелi, налiвалiся гневам воблакi, ярасна глядзела з нябёсаў слiпучае сонца - пачынаўся Час Навальнiц. На зыходзе асаблiва спякотнага дня рабiлася душна i глуха, замiралi трава i лiстота, з разяўленых пашчаў выкiдвалi чырвоныя доўгiя языкi сабакi, ластаўкi трывожна ляпiлiся да самай-самай зямлi. I вось бухаў гром, расколваючы суровае чорнае неба. Маланка залiвала жоўтым святлом зямныя i нябесныя абшары.
- Пярун - крычаў Карпукоў бацька Красамiр, з непакрытай галавой становячыся пад лютым дажджом на каленi, працягваючы да чырвона-пепельных воблакаў жылаватыя загарэлыя рукi. - Пярун! Божа! Дзякуй, што ты да нас прыйшоў!
Усе дулебы радасна падалi на каленi. I паперадзе ўсiх на мокрай гарачай зямлi стаяла зеленавокая, меднавалосая прыгажуня Трыснята.
- Пярун! - крычала яна. - Божа! Дзякуй, што ты зноў да нас прыйшоў!
Гром падаў з неба - трах! - i разляталася на кавалкi верхавiна якога-небудзь занадта прыкметнага, дагэтуль буйна-жывога моцнага дрэва. Ад грамападнага ляскотнага ўдару заложвала ўвушшу.
- Дзякуй! - крычалi дулебы.
Адкуль жа, з якога боку, укусiла iх усiх, як гадзюка, бяда? Што было прычынай бяды? Ён, Карпук, баючыся самога сябе, сваiх думак, лiчыў, што зямныя няшчасцi прыйшлi да дулебаў пасля таго рання, калi яны падпiльнавалi i забiлi сям'ю лясных людзей, сям'ю волатаў: мужчыну, жанчыну i дзiця. "Спасу няма ад iх", - амаль сонцаварот перад тым крывавым раннем казалi дулебы пра волатаў, пра дзiкiх лясных людзей велiзарнага росту, якiх на свае вочы ды яшчэ ўдзень нiхто нiколi не бачыў, ад якiх заставалiся толькi сляды на лясных палянах, на берагах чарнаводных лясных азёр. У такi велiзарны след цалкам магло ўмяшчацца гадавалае дзiця. Волаты, калi казаць праўду, нiякай шкоды дулебам не чынiлi. Болын таго, хавалiся ад iх, старалiся быць непрыкметнымi i выходзiлi са свайго логавiшча толькi глыбокай цёмнай ноччу. Яны баялiся не толькi дня, сонца, яны баялiся яркага месяца. Але дулебаў раздражняў на сваiх землях, у сваiх лясах "чужы дух". "Дзiкiя людзi палохаюць звера, птушку, i мы прыносiм у весь усё меней мяса", - плюючыся, сцiскалi кулакi маладыя паляўнiчыя. "Ад iх вяне трава на палянах i ўздоўж ручаёў", - скардзiлiся старыя сiвавалосыя зялейнiцы. Волатам быў вынесены прысуд. "Смерць", - сказала племя. I гэта, як пачынае цяпер здагадвацца Карпук, наблiзiла няшчасцi самiх дулебаў. На волатаў пачалося шматдзённае паляванне. Нават уначы каля непрыкметных крынiц i глухiх лясных азёр сядзелi ў засадзе маладыя воi. Смага павiнна была выгнаць волатаў з патаемнага логвiшча. Але, пэўна, яны мелi свой, схаваны ад старонняга вока калодзеж.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});- Матчын голас (на белорусском языке) - Василий Бережной - Научная Фантастика
- Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) - Герберт Уэллс - Научная Фантастика
- Нiчога новага, альбо Што забiла сабаку (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери - Научная Фантастика
- Масть путешественника или Допрыгался - Арсен Шмат - Научная Фантастика
- Холст, свернутый в трубку - Андрей Плеханов - Научная Фантастика
- Форма жизни - Андрей Ливадный - Научная Фантастика
- Гадзiна памяцi (на белорусском языке) - Уэйд Миллер - Научная Фантастика
- Ферма (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл - Научная Фантастика
- Роберцiк (на белорусском языке) - Дзинтра Шулце - Научная Фантастика
- Настаўнiк (на белорусском языке) - Владимир Шитик - Научная Фантастика