Рейтинговые книги
Читем онлайн Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 61

* Няхай прыме Госпад ахвяру з рук тваiх дзеля хвалы i славы iмя свайго... (лац.).

** ...а таксама дзеля карысцi нашае i ўсёй святой Царквы сваёй (лац.).

*** Да пабачэння (франц.).

Па шырокiх чорных дарожках паўз каплiцу, назад да парнiка; толькi муры былi за сведкаў, як яна адчынiла ключом дзверы, каля парожнiх кветкавых гаршчэчкаў i градак, што пахлi гнiллю, прайшла ў каморку садоўнiка; зняўшы са стаяка пiсталет, яна адчынiла чорную сумачку; мяккая скура праглынула пiсталет, замочак лёгка зашчоўкнуўся; усмiхаючыся, пагладжваючы пустыя кветкавыя гаршчэчкi, яна выйшла з цяплiцы, зачынiла за сабою дзверы; толькi цёмныя муры былi за сведкаў, як яна выцягнула ключ з замка i па шырокiх чорных дарожках вярнулася ў дом.

Гупэрц паставiў ёй вячэру на стол у пакоi; гарбата, хлеб, масла, сыр i вяндлiна; потым, падняўшы галаву, ён усмiхнуўся:

- У Вас сёння проста цудоўны выгляд.

- Так, - сказала яна, паклала сумачку на камод, зняла капялюш са сваёй цёмнавалосай галавы i спыталася:

- Цi не мог бы садоўнiк прынесцi мне якiх дзве-тры кветкi?

- Яго няма, - адказаў Гупэрц. - У яго выхадны да заўтрашняга вечара.

- I што, больш нiкому не дазваляецца заходзiць у цяплiцу?

- Hе, шаноўная панi, у гэтым ён надзвычай суровы.

- Тады мне давядзецца чакаць да заўтрашняга вечара альбо купiць якiя-небудзь кветкi ў Дэнклiнгене цi ў Додрынгене.

- Вы хочаце выйсцi на шпацыр, шаноўная панi?

- Магчыма, магчыма, выйду; такi пекны вечар; мне ж гэта дазволена, праўда?

- Вядома ж, вядома ж, дазволена... А можа, усё ж затэлефанаваць пану радцы цi пану доктару?

- Я гэта зраблю сама, Гупэрц; прашу толькi злучыць мяне з горадам, але надоўга, добра?

- Слухаю, шаноўная панi.

Калi Гупэрц пайшоў, яна адчынiла акно i кiнула ключ ад садоўнiкавай каморкi ў яму з кампостам, потым зачынiла акно, налiла сабе ў кубак гарбаты з малаком, села, прысунуўшы блiжэй да сябе тэлефон; "Хадзем, хадзем", сказала яна цiха i паспрабавала левай рукою суняць дрыжанне правай, у якой яна трымала слухаўку. "Хадзем, хадзем, - сказала яна, - я гатова са смерцю ў сумачцы вярнуцца да жыцця; нiхто не ведаў, што будзе досыць гэтага дотыку халаднаватага металу, яны занадта лiтаральна зразумелi слова "карабiн"; мне не трэба карабiна, пiсталет таксама добра... хадзем, хадзем; скажы мне, колькi часу; хадзем... скажы мне гэта, лагодны голас, ты ўсё яшчэ той самы i пад тым самым тэлефонным нумарам?" Яна ўзяла трубку ў левую руку, пачула доўгi сiгнал станцыi. "Варта Гупэрцу толькi нацiснуць на гузiк - i ўсё вернецца: час, сусвет, сучаснасць, нямецкая будучыня; мне вельмi цiкава, як яна будзе выглядаць, калi я выйду з гэтага заклятага замка". Правай рукой яна накруцiла нумар: адзiн-адзiн-адзiн i пачула лагодны голас:

- У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, трыццаць секунд.

Прыгнечаная цiшыня, востры гук гонга, зноў лагодны голас:

- У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, сорак секунд.

Час наплываў на яе твар, робячы яго смяротна-бляклым, а голас тым часам гаварыў:

- ...Семнаццатая гадзiна пяцьдзесят дзевяць хвiлiн... дзесяць... дваццаць... трыццаць... сорак... пяцьдзесят секунд...

Рэзкi ўдар гонга:

- ...Васемнаццатая гадзiна, шостага верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, - сказаў лагодны голас.

...Генрыху споўнiлася б сорак восем, Ёганне - сорак дзевяць, а Оце сорак адзiн; Ёзэфу цяпер дваццаць два гады, Рут - дзевятнаццаць...

Голас у трубцы сказаў:

- У момант гучання сiгналу часу прамiне васемнаццатая гадзiна i адна хвiлiна.

...Памалу, iначай я i сапраўды звар'яцею; гульня робiцца зусiм сур'ёзнаю, i я канчаткова вярнуся ў вечнае сёння; парога ўжо не знайду, буду бегаць вакол высокiх муроў, што пазарасталi з усiх бакоў, буду бегаць, не знаходзячы ўвахода; вiзiтная картка часу - нiбы выклiк на дуэль, але яго немагчыма прыняць: цяпер шостае верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, васемнаццатая гадзiна, адна хвiлiна i сорак секунд; помслiвы кулак раструшчыў маё кiшэннае люстэрка, засталiся толькi два кавалачкi, у якiх адбiваецца смяротная блякласць майго твару; я ж чула, як некалькi гадзiн запар грымелi выбухi, чула абураны людскi шэпт: "Яны ўзарвалi нашае абацтва" - вартаўнiкi i прыдзвернiкi, садоўнiкi i вучнi пекара перадавалi адзiн аднаму гэтую жахлiвую навiну, якую я не лiчу гэткай жахлiвай; сектар абстрэлу, чырвоны шнар над пераноссем, цёмна-сiнiя вочы... Хто гэта мог быць? Цi ён? Хто? Я ўзарвала б усе на свеце абацтвы, каб можна было вярнуць Генрыха, уваскрасiць Ёганну, Фэрдзi, кельнера, прозвiшча якога было Гроль, i Эдыт - i каб я магла зразумець, кiм быў Ота; ён загiнуў пад Кiевам, гэта гучыць так недарэчна i пахне гiсторыяй; хадзем, стары, не будзем больш гуляць у хованкi: сёння табе спаўняецца восемдзесят, а мне ўжо семдзесят адзiн; i з дзесяцi - дванаццацi метраў можна стрэлiць трапна; хадзем да мяне - вы, гады, тыднi i днi, гадзiны i хвiлiны; колькi ж там секундаў? "...Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i дваццаць секунд..." Я пакiдаю сваю папяровую лодачку i кiдаюся ў акiян; смяротная блякласць; мажлiва, я вытрываю гэта. "...Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i трыццаць секунд" гучанне гэтых слоў прыспешвае мяне: хадзем, мне нельга марнаваць часу, губляць хоць адну лiшнюю секунду, хутчэй; фройляйн, фройляйн - чаму Вы не адказваеце? Фройляйн, фройляйн, мне трэба таксi; хутка, вельмi тэрмiнова, прашу Вас, памажыце мне; пласцiнкi адказу не даюць, гэта я павiнна была памятаць; трэба пакласцi слухаўку, падняць слухаўку, накруцiць нумар: адзiн-адзiн-два... Цi замаўляюць таксi ўсё яшчэ па тым самым нумары, што i раней?

- ...Вы зможаце паглядзець у Дэнклiнгене, - сказаў лагодны голас, айчынны фiльм "Моргаскiя браты"; пачатак сеансаў а васемнаццатай гадзiне i а дваццатай гадзiне пяцьдзесят хвiлiн... У додрынгенаўскiм кiнатэатры iдзе знакамiты фiльм "Што можа каханне?"...

...Цiха, цiха, мая лодачка знiшчана, але хiба я не навучылася плаваць у Блюхербадзе ў 1905 годзе? Тады ў мяне быў чорны купальнiк з фальбонкамi i хвартушком; я скакала ў ваду, галавою ўнiз, з вышынi аднаго метра; ...узяць сябе ў рукi, набраць паветра; ты навучылася плаваць - a што там прапануе лагодны голас пад нумарам адзiн-адзiн-тры?

- ...Калi ўвечары да Вас завiтаюць госцi, мы можам параiць вам смачнае i адначасна таннае меню: на першае грэнкi, запечаныя з сырам i вяндлiнай, потым зялёны гарошак са смятанаю i да яго лёгкi бульбяны пудынг, а таксама шнiцэль проста з рушту...

- Фройляйн, фройляйн!.. - Я ведаю, што грамафонныя кружэлкi адказаць не могуць.

- ...Госцi ацэняць знакамiтыя здольнасцi гаспадынi...

...Нацiснуць на рычагi i зноў накруцiць - адзiн-адзiн-чатыры. Лагодны голас:

- ...значыць, вы паўкладалi ўвесь неабходны для кемпiнга рыштунак, падрыхтавалi гатовыя запасы, i прашу не забываць: калi Вы паставiце машыну на стромкiм схiле, трэба нацiснуць на ручны гамулец; а цяпер зычым Вам добрага нядзельнага адпачынку ў коле сям'i...

...Hе дам сабе рады; занадта многа часу трэба надрабляць; усё больш палатнее мой твар, не паяўляюцца слёзы на маiм закамянелым твары, адмоўлены, дарма патрачаны час, нiбы цвёрды камяк хлуснi, засеў ува мне; люстэрка, кавалачкi пабiтага люстэрка; скажыце мне, цi мае валасы сапраўды пасiвелi ў катоўнях гэтых лагодных галасоў? Адзiн-адзiн-пяць - заспаны голас:

- Слухаю. Тэлефонная станцыя Дэнклiнген.

- Цi чуеце Вы мяне, фройляйн? Цi чуеце?

- Чую Вас.

Смех.

- Мне трэба тэрмiновае злучэнне з канторай архiтэктара Фэмеля. Модэстгасэ, дом сем альбо восем; абодва адрасы Вы знойдзеце з прозвiшчам Фамель, дзетка. Вы не будзеце злаваць на мяне, калi я буду называць вас дзеткаю?

- Ды не, што Вы, шаноўная панi...

- Гэта вельмi тэрмiнова.

Пачулася шалясценне паперы.

- У мяне тут у спiсе пан Генрых Фэмель i пан доктар Роберт Фэмель. Вам сувязь з кiм?

- З Генрыхам Фэмелем.

- Прашу не класцi трубку.

Цi тэлефонны апарат, як i даўней, стаiць на падаконнi - гэтак, што, тэлефануючы, ён можа глядзець на вулiцу i на дом на Модэстгасэ, восем, дзе яго дзецi гулялi на тэрасе, а таксама - унiз, на Грэцаву краму, перад дзвярыма якой вiсеў дзiк; цi там напраўду ў гэтай хвiлi звонiць тэлефон? Яна чула сiгналы выклiку, а прамежкi маўчання памiж iмi здавалiся ёй бясконца доўгiмi.

- Вельмi шкада, шаноўная панi: там нiхто не адказвае.

- Калi ласка, паспрабуйце набраць другi нумар.

- Набiраю... Няма, няма адказу.

- У такiм разе, дзетка, замоўце мне таксi.

- З ахвотаю. Куды?

- Да дэнклiнгенаўскай лякарнi.

- Зараз зраблю, шаноўная панi.

- Вось, Гупэрц, можаце забраць гарбату, хлеб i закуску. I, калi ласка, я б хацела застацца адна; калi таксi заедзе ў алею, я яго ўжо неяк убачу; не, дзякуй, болей нiчога не трэба; Вы i праўда не грамафонная кружэлка? Ах, прабачце, я зусiм не хацела Вас пакрыўдзiць... гэта быў толькi жарт; дзякуй Вам.

Ёй было холадна; яна адчувала, як твар нiбы збiраецца ў зморшчыны твар бабулi, памяты, стомлены; ён адбiваўся ў шыбiне; слёз няма; цi сапраўды ён, гэты час, срэбрам прабраўся ў яе чорныя валасы! Я навучылася плаваць, але не ведала, што вада бывае такая халодная; лагодныя галасы мучылi мяне, заганялi ў мяне сучаснасць; бабуля з серабрыстымi валасамi, гнеў, ператвораны ў мудрасць, думкi пра помсту - прага атрымаць дараванне; нянавiсць пад цукровым глазурам мудрасцi; старэчыя пальцы ўцялiся ў скураную сумачку; золата, якое выносiцца з заклятага замку; выкуп за мяне.

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 61
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Генрих Белль бесплатно.

Оставить комментарий