Рейтинговые книги
Читем онлайн Чарадзейныя казкi (на белорусском языке) - Шарль Перро

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11

Кароль запрасiў маркiза ў карэту, i далей яны паехалi разам. Кот вельмi радаваўся, што яго планы пачынаюць спраўджвацца. Ён пабег наперад i, убачыўшы на сенажацi сялян, якiя касiлi траву, сказаў iм:

- Гэй, людзi добрыя, касцы! Ведайце: калi вы не скажаце каралю, што гэтая сенажаць належыць маркiзу дэ Карабасу, вас усiх патаўкуць на дробны мак!

Кароль сапраўды спытаў у касцоў, чыю гэта сенажаць яны косяць?

- Маркiза дэ Карабаса, - адказалi яны ўсе хорам, бо Катова пагроза вельмi iх напалохала.

- У вас добрыя землi, - сказаў кароль маркiзу дэ Карабасу.

- Але, Ваша Вялiкасць, - адказаў маркiз. - Гэтая сенажаць кожны год дае багаты прыбытак.

А Кот усё бег наперадзе. I калi напаткаў жняцоў, сказаў iм:

- Гэй, людзi добрыя, жняцы! Ведайце: калi вы не скажаце, што ўсё гэтае жыта належыць маркiзу дэ Карабасу, вас усiх патаўкуць на дробны мак!

Кароль, якi праязджаў хвiлiнай пазней, захацеў даведацца, чыё гэта жыта расце ўздоўж дарогi?

- Маркiза дэ Карабаса, - адказалi жняцы.

I кароль зноў парадаваўся такому адказу разам з маркiзам.

А Кот усё бег наперадзе карэты i ўсiм, каго нi сустракаў, паўтараў тое самае. Кароль быў вельмi ўражаны вялiкiм багаццем маркiза дэ Карабаса.

Нарэшце Кот прыбег у раскошны замак, дзе гаспадаром быў Людаед, найбагацейшы з усiх людаедаў у свеце, бо ўсе землi, па якiх праязджаў кароль, былi пад уладаю гэтага замка.

Кот, якi загадзя паклапацiўся праведаць, хто такi гэты Людаед i што ён умее рабiць, папрасiў дазволу пагутарыць з iм. Ён сказаў, што не мог прайсцi мiма замка i не выказаць яго гаспадару пашаны.

Людаед прыняў яго так ветлiва, як толькi можа прыняць людаед, i запрасiў садзiцца.

- Мяне запэўнiвалi, - раптам сказаў яму Кот, - што вы нiбыта здольны ператварацца ва ўсякiх жывёл, што вы можаце зрабiцца, напрыклад, iльвом цi сланом.

- Гэта праўда, - грубым голасам адказаў Людаед. - I каб ты мог сам убачыць i болей не сумняваўся, я зараз на тваiх вачах абярнуся ў iльва.

Кот так напалохаўся, убачыўшы перад сабой iльва, што стрымгалоў ускараскаўся аж на самы дах, хоць зрабiць гэта было цяжка, дый небяспечна, бо хадзiць у ботах па гонце вельмi нязручна.

Праз хвiлiнку, калi Людаед набыў свой ранейшы выгляд, Кот спусцiўся з даху i прызнаўся, што леў нагнаў на яго добрага страху.

- А яшчэ мне бажылiся, - сказаў Кот, - ды ў гэта я ўжо зусiм не веру, быццам вы ўмееце абарочвацца ў сама драбнюткiх звяркоў, i можаце абярнуцца, напрыклад, у пацука цi ў мыш. Але мне, прызнаюся, здаецца, што гэта абсалютна немагчыма.

- Немагчыма? - зароў Людаед. - Зараз пабачыш.

I ў тое ж iмгненне ён ператварыўся ў мыш, якая забегала па падлозе. Толькi Кот яе ўбачыў, як адразу кiнуўся на яе i з'еў.

Тымчасам побач якраз праязджаў кароль. Ён заўважыў раскошны людаедаў замак i захацеў паглядзець яго зблiзу.

Кот пачуў грукат карэты, якая ехала па пад'ёмным мосце, выбег насустрач i сказаў каралю:

- Сардэчна запрашаем Вашу Вялiкасць у замак маркiза дэ Карабаса!

- Няўжо, пане маркiзе?! - крыкнуў кароль. - I гэты замак таксама ваш? Хiба можа быць штось прыгажэйшае за гэты двор i будынкi?! Калi дазволiце, хацелася б зiрнуць i на вашыя пакоi.

Маркiз падаў маладой прынцэсе руку, i следам за каралём, якi йшоў наперадзе, яны ўвайшлi ў вялiкую залу. Там стаяў стол з дзiвоснымi стравамi, прыгатаванымi Людаедам сваiм сябрам, якiя мелiся завiтаць да яго ў той самы дзень, але не адважылiся, ўбачыўшы, што ў замак прыехаў кароль.

Кароль быў зачараваны знатнасцю маркiза дэ Карабаса, а яго дачка ад кахання ледзь зусiм не страцiла розум. I вось, убачыўшы, што маркiз валодае такiм вялiкiм багаццем, кароль праглынуў пяць цi шэсць кубкаў запар i прамовiў:

- А цi не хочаце вы, пане маркiзе, быць мне зяцем?

З нiзкiм паклонам маркiз падзякаваў каралю за такi вялiкi гонар i таго ж дня ажанiўся з прынцэсай. А Кот зажыў вялiкiм панам i болей ужо не лавiў мышэй. Хiба што зрэдку - дзеля забавы.

Мараль

Якiя б нi былi выгоды

У тым, што ў спадчыну заўсёды

Сынам ад бацькi застаецца ўвесь пажытак,

Хай помняць маладыя людзi,

Што кемлiвасць заўсёды будзе

Каштоўнейшая за любы прыбытак.

Другая мараль

З таго, што малады млынар

Ад мiлае прынцэсы ў дар

Змог атрымаць i сэрца, i руку,

Зрабiць выснову досыць проста:

Пытаннi вопраткi i ўзросту

Ў каханнi маюць не маленькую вагу.

ЧАРАЎНIЦА

Жыла сабе раз удава, i былi ў яе дзве дачкi. Старэйшая i з характару, i з твару была вельмi падобная да мацi, - такая падобная, што людзi, убачыўшы iх разам, не маглi адрознiць, дзе адна, а дзе другая. Абедзве яны былi такiя агiдныя i такiя фанабэрыстыя, што жыць з iмi было немагчыма. А вось меншая дачка сваёй дабрынёй i сумленнасцю была чысты бацька. I апроч таго яна была такая прыгожая, што другой такой не было нiдзе ў свеце. Ды ўсё ж, вядома, падобнага да сябе любяць болей, i таму ўдава вельмi любiла старэйшую дачку i трываць не магла малодшай. Яна прымушала яе есцi толькi на кухнi i ўвесь час давала ёй якую-небудзь цяжкую працу.

Абавязкам беднай дзяўчыны было двойчы на дзень хадзiць па ваду аж за дзве вярсты ад дома, i кожны раз яна павiнна была прынесцi вялiзны збан, поўны да берагоў. I вось аднаго разу, калi яна была ля крынiцы, да яе падышла бедная кабета i папрасiла напiцца.

- Зараз, зараз, цётачка, - сказала прыгожая дзяўчына.

Яна хуценька спаласнула збан, налiла ў яго вады з найчысцейшага месца ў крынiцы i падала яго кабеце. Каб той зручней было пiць, дзяўчына ўвесь час яго падтрымлiвала. Напiўшыся, кабета сказала:

- Ты такая прыгожая, такая добрая i такая ветлiвая, што я хачу зрабiць табе падарунак (а гэта была чараўнiца, якая наўмысна абярнулася беднай сялянкай, каб пабачыць, якое сумленне ў гэтай дзяўчыны).

- Я вырашыла надзялiць цябе дарам, - сказала чараўнiца. - Дзякуючы яму пры кожным слове, якое ты вымавiш, з рота ў цябе будзе выпадаць кветка або каштоўны камень.

Неўзабаве дзяўчына вярнулася дадому. Мацi адразу накiнулася на яе сварыцца, што яна так доўга хадзiла па ваду.

- Калi ласка, мама, даруйце, што я так спазнiлася, - сказала бедная дзяўчына.

I пры гэтых словах з рота ў яе ўпалi дзве ружы, дзве перлiны i два вялiкiя дыяменты.

- Што такое? - крыкнула мацi, вельмi здзiвiўшыся. - Па-мойму, у яе з рота выпалi дзве перлiны i два дыяменты?! Адкуль гэта ў цябе, дачушка мая? (Гэта быў першы раз, калi яна назвала яе дачушкай.)

Бедная дзяўчына шчыра распавяла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася, i насыпала пры гэтым безлiч дыяментаў.

- Вось табе маеш! - сказала мацi. - Трэба будзе паслаць туды i маю старэйшую. Чуеш, Фаншона? Пабач, што падае ў тваёй сястры з рота, калi яна гаворыць! Хочаш мець такi дар? Тады бяры збанок, ды схадзi па ваду да крынiцы, а калi якая-небудзь бедная кабета папросiць у цябе напiцца, налi ёй у збанок вады ды напаi.

- Яшчэ чаго! - груба адказала Фаншона. - Нiколi такога не будзе, каб я пайшла на крынiцу!

- А я кажу, што пойдзеш, - паўтарыла мацi, - i зараз жа.

Давялося такi старэйшай дачцэ iсцi, хоць яна ўвесь час незадаволена бурчала. А з сабой яна ўзяла найлепшы срэбраны збанок, якi быў у хаце. I вось, ледзь яна паспела падысцi да крынiцы, як убачыла, што з лесу выйшла раскошна апранутая панi. Гэта была тая самая чараўнiца, якая раней гутарыла з яе сястрой, а цяпер абярнулася прынцэсай, каб пабачыць, наколькi гэтая дзяўчына можа быць несумленная. Яна падышла да старэйшай сястры i папрасiла ў яе напiцца.

- Яшчэ чаго! - груба крыкнула чараўнiцы фанабэрыстая дзяўчына. - Што я сюды прыйшла вам ваду падаваць?! Цi вы думаеце, я прынесла гэты срэбраны збанок, каб вы з яго тут пiлi! Вось што я вам скажу: пiце проста з крынiцы, калi вам так хочацца.

- Вы вельмi няветлiвая, - адказала чараўнiца, але на твары ў яе не выявiлася нiякага гневу. - Ну што ж, калi вы такая грубая, я надзялю вас дарам: пры кожным слове, якое вы скажаце, з рота ў вас будзе выскокваць гадзiна цi рапуха.

Яшчэ здалёк заўважыўшы сваю любую дачушку, мацi закрычала:

- Ну што, дачушка мая?

- А нiчога, мая матухна.., - адказала грубiянка, i з рота ў яе выскачылi дзве рапухi i дзве гадзiны.

- О неба! - крыкнула мацi. - Што я бачу? Усё гэта з-за тваёй сястрыцы! Ну, яна ўжо мне заплацiць!

I яна пабегла па малодшую дачку, каб яе набiць. Але бедная дзяўчына ўцякла i схавалася ў лесе.

Там яе i спаткаў сын караля, якi вяртаўся з палявання. Ён заўважыў, якая яна прыгожая, i спытаўся, чаму яна тут адна i чаго плача.

- О, пане! - адказала дзяўчына. - Мацi выгнала мяне з хаты.

Убачыўшы, што з рота ў яе выпалi шэсць перлаў i столькi ж дыяментаў, сын караля вельмi здзiвiўся i спытаў, як у яе гэта выходзiць. I дзяўчына расказала гiсторыю, якая з ёй здарылася. Пачуўшы гэта, сын караля вельмi ў яе закахаўся i падумаў, што такi дар варты ўсяго, што могуць даць у пасаг за любой прынцэсай. Ён прывёз дзяўчыну ў палац да свайго бацькi-караля, i там яны пажанiлiся.

Што ж да яе сястры, дык тая хутка ўжо так усiм абрыдла, што родная мацi не вытрывала ды выгнала яе з хаты. Нябога доўга тулялася сям i там, але так i не знайшла нiкога, хто б яе прытулiў. Так яна i памерла адна ў нейкiм глухiм лясным закутку.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Чарадзейныя казкi (на белорусском языке) - Шарль Перро бесплатно.
Похожие на Чарадзейныя казкi (на белорусском языке) - Шарль Перро книги

Оставить комментарий