Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Шкада, - сказаў Нэтлiнгер.
Ён зноў схiлiўся над грэнкамi, накалоў на вiдэлец кавалак вэнджанага ласася, паклаў яго сабе на талерку.
- Каб табе ўдалося давесцi, што ты мусiў уцячы не з прычыны крымiнальнага злачынства, а па выключна палiтычных матывах, ты б мог атрымаць зусiм нядрэнную суму як кампенсацыю. Хочаш, каб я высветлiў юрыдычны аспект гэтай справы?
- Hе, не трэба, - адказаў Шрэла i, калi Нэтлiнгер адсунуў ад сябе талерку з ласасём, спытаў: - Няўжо ты дазволiш, каб такую цудоўную рыбiну панеслi назад?
- Натуральна, - сказаў Нэтлiнгер, - але ж ты не можаш...
Ён спалохана азiрнуўся, бо Шрэла ўзяў пальцамi са срэбнай талеркi кавалак хлеба i рэшту ласася i паклаў ласася на хлеб.
- ...Ты ж не можаш...
- Ты не паверыш нават, але якраз у гэткiм люксовым гатэлi можна дазволiць сабе ўсё; мой бацька быў кельнерам; нават у гэтых святых харомах; ты не ўбачыш на iх тварах нi следу здзiўлення, калi будзеш есцi пальцамi i гарохавы суп, хоць гэта ненатуральна i нязручна; але менавiта ненатуральнае i непрактычнае прыцягвае найменей увагi ў такiх рэстаранах; адсюль i высокiя цэны - гэтыя цэны - ад кельнераў, якiя не робяць здзiўленых фiзiяномiй; ну, а есцi хлеб пальцамi i класцi на яго пальцамi рыбу - гэта нельга лiчыць чымсьцi ненатуральным цi нязручным.
Усмiхаючыся, ён узяў апошнi кавалак ласася з талеркi i паклаў яго зноў памiж дзвюма грэнкамi. Нэтлiнгер са злосцю паглядзеў на яго.
- Напэўна, - сказаў Шрэла, - ты б цяпер ахвотней за ўсё забiў мяне; не з тае прычыны, з якой хацеў забiць тады - гэта праўда, але мэта засталася б тая самая; паслухай, што скажа табе сын кельнера: па-сапраўднаму шляхетны чалавек нiколi не схоча падпарадкоўвацца тыранii кельнераў; хоць, вядома, сярод iх ёсць i такiя, што думаюць гэтаксама, як шляхетныя людзi.
Пакуль Шрэла еў свой бутэрброд, кельнер з дапамогаю служкi, накрываў стол пад галоўную страву: на дапаможных столiках ставiлiся складаныя прылады - падагравальнiкi яды, на абрус клалася начынне i талеркi, выкарыстаная пасуда прыбiралася; Нэтлiнгеру было прынесена вiно, Шрэле пiва. Нэтлiнгер адпiў з чаркi.
- Крышачку залiшне цёплае, - сказаў ён.
Шрэла даў кельнеру магчымасць пакласцi куранят, бульбы i салаты, кiўнуў галавой Нэтлiнгеру i падняў келiх з пiвам, назiраючы, як кельнер палiвае густою цёмна-бураю падлiвай кавалак паляндвiцы на Нэтлiнгеравай талерцы.
- А Вакера цi жывы яшчэ?
- Натуральна, - адказаў Нэтлiнгер, - яму ж толькi пяцьдзесят восем, i ён - ад мяне пачуць гэтае слова табе будзе напэўна смешна, - ён належыць да непапраўных.
- Ды што ты? - спытаў Шрэла. - Цi такое напраўду мажлiва - непапраўныя немцы?
- Ну, ён шануе тыя самыя традыцыi, якiя шанаваў i ў 1935 годзе.
- Гiндэнбург i гэтак далей? Прыстойнасць, адданасць, гонар - цi так?
- Менавiта. Гiндэнбург бы i цяпер быў ягоным лозунгам.
- А якi твой лозунг?
Нэтлiнгер падняў вочы ад талеркi, затрымаў вiдэлец, уваткнуты ў кавалак мяса, якi ён толькi што адрэзаў.
- Калi ты ўсё ж здолееш мяне зразумець? - сказаў ён. - Я дэмакрат, дэмакрат паводле сваiх перакананняў.
Ён зноў нахiлiўся над паляндвiцаю, падняў вiдэлец з наколатым на яго кавалкам мяса, засунуў мяса ў рот, абцёр губы сурвэткаю i, пахiтваючы галавою, працягнуў руку па чарку з вiном.
- А што сталася з Трышлерам? - спытаў Шрэла.
- Трышлер? Hе прыпамiнаю нешта.
- Стары Трышлер жыў у Нiжнiм Порце - там, дзе карабельныя могiлкi! Хiба ты не памятаеш таксама Алоiса; ён вучыўся з намi ў адным класе?
- Ага, - адказаў Нэтлiнгер, накладваючы сабе на талерку сельдэрэевай салаты, - цяпер прыгадваю: гэтага Алоiса мы шукалi колькi тыдняў запар i не здолелi знайсцi, старога ж Трышлера дапытваў сам Вакера, але не выцягнуў з таго нiчога, зусiм нiчога - гэтаксама як i з ягонай жонкi.
- Hе ведаеш, цi яны яшчэ жывыя?
- Hе ведаю. Але раён, дзе яны жылi, моцна бамбардзiравалi. Калi хочаш, я магу высветлiць, дзе яны i што з iмi. О Божа, - дадаў ён цiха, - што такое, што ты збiраешся рабiць?
- Я хачу пайсцi, - адказаў Шрэла, - прабач, але я мушу iсцi.
Ён падняўся; стоячы дапiў пiва, махнуў рукой кельнеру i, калi той цiха падышоў да стала, паказаў на падагравальнiк з срэбнай талеркай, дзе астатнiя тры кавалкi курынага мяса скварчэлi ў распушчаным тлушчы.
- Калi ласка, - сказаў Шрэла, - цi не маглi б Вы запакаваць мне гэта, каб толькi тлушч не праходзiў?
- Ахвотна, - адказаў кельнер, узяў талерку з падагравальнiка, крыху быў нахiлiўся ўперад, каб iсцi, але потым выпрастаўся i спытаў: - Бульбу Вам таксама запакаваць, шаноўны пане, - i, можа, крыху салаты?
- Hе, дзякуй, - адказаў Шрэла з усмешкай, - бульба фры зробiцца мяккай, а салата не будзе ўжо мець смаку.
Ён дарэмна намагаўся ўбачыць хоць след iронii на дагледжаным твары сiвога кельнера. Нэтлiнгер, падняўшы вочы ад талеркi, зiрнуў на Шрэлу са злосцю.
- Добра, - сказаў ён, - ты хочаш мне адпомсцiць, я разумею; але хiба гэта трэба рабiць менавiта гэткiм чынам?
- А што, было б лепш, каб я цябе забiў?
Нэтлiнгер маўчаў.
- Зрэшты, гэта нiякая не помста, - сказаў Шрэла, - мне проста трэба пайсцi адсюль; не магу больш трываць; ды я да канца жыцця рабiў бы сабе папрокi, калi б пакiнуў тут гэтую страву; можа, ты наважышся прыпiсаць гэты ўчынак маёй гаспадарнасцi: каб я цвёрда ведаў, што кельнерам i служкам дазваляецца даядаць рэшткi страваў, я яе не забiраў бы, - але мне вядома, што тут гэтага рабiць не дазволена.
Ён падзякаваў служку, што прынёс i дапамог яму апрануць палiто, узяў свой капялюш, яшчэ раз сеў i спытаў у служкi:
- Цi ведаеш ты пана Фэмеля?
- Ведаю, - адказаў Гуга.
- А яго нумар тэлефона?
- Ведаю.
- Тады зрабi мне ласку i тэлефануй яму праз кожныя паўгадзiны; калi ён адзавецца, скажы яму, што яго хоча бачыць пэўны спадар Шрэла.
- Добра.
- Я не ўпэўнены, што ў тым месцы, куды мне трэба, ёсць тэлефонныя кабiны, iначай я б паспрабаваў дазванiцца сам. Цi запомнiў ты маё прозвiшча?
- Спадар Шрэла, - сказаў Гуга.
- Добра. Каля паловы сёмай я затэлефаную сюды i спытаю цябе. Як тваё iмя?
- Гуга.
- Дзякуй, Гуга.
Ён падняўся i зiрнуў зверху на Нэтлiнгера, якi акурат браў з талеркi чарговы кавалак паляндвiцы.
- Мне вельмi шкада, - сказаў Шрэла, - што ты глядзiш на мой бязвiнны ўчынак як на акт помсты. Я нiводнай хвiлi не думаў пра помсту, але ты павiнен зразумець, што я зараз хачу пайсцi адсюль; у мяне няма ахвоты занадта доўга заставацца ў гэтым гасцiнным горадзе, а мне сёе-тое яшчэ трэба тут зрабiць. Але ж дазволь яшчэ раз нагадаць табе пра тыя спiсы...
- Вядома ж, у любы час я гатовы прыняць цябе, дома цi на службе, як ты схочаш.
Шрэла ўзяў з кельнеравых рук акуратна абвязаны белы скрутак, даў кельнеру на чай.
- Тлушч не будзе праходзiць, шаноўны пане, - усё запакавана ў цэлафан i пакладзена ў нашу фiрмовую "кардонку на пiкнiкi".
- Да пабачэння, - прамовiў Шрэла.
Нэтлiнгер, крыху падняўшы галаву, адказаў:
- Да пабачэння.
- Вядома ж, - тлумачыў Ёхэн якраз у гэтай хвiлi, - i потым вы ўбачыце шыльду: "Да рымскiх дзiцячых магiлак"', там адчынена да восьмай i, калi робiцца цёмна, уключаецца асвятленне, шаноўная панi. Няма за што... дзякуй.
Ён, накульгваючы, выйшаў з-за бар'ера i падышоў да Шрэлы, якому служка ўжо быў адчынiў дзверы.
- Пане Шрэла, - сказаў ён, - я зраблю ўсё, каб даведацца, дзе можна знайсцi пана доктара Фэмеля; сёе-тое я ўжо высветлiў у Кронэравай кавярнi; а сёмай там адбудзецца сямейная ўрачыстасць у гонар старога пана Фэмеля; там вы яго напэўна ўбачыце.
- Дзякуй, - адказаў Шрэла, - вялiкi дзякуй.
Ён ведаў, што даваць на чай тут было б не да месца; усмiхнуўшыся старому, ён выйшаў праз дзверы; яны крутанулiся i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы.
8
Аўтабан па ўсёй яго шырынi быў перагароджаны цяжкiмi шчытамi; мост, якi некалi злучаў у гэтым месцы абодва берагi ракi, быў разбураны: раўнютка адсечаны выбухам ад прычалкаў, iржавыя, разбэрсаныя на канцах кавалкi тросаў звiсалi з пiлонаў; шыльды трохметровай вышынi абвяшчалi тое, што хавалася за iмi, - "СМЕРЦЬ"; скрыжаваныя косткi, у дзесяць разоў пагрозлiва павялiчаны чэрап, намаляваныя асляпляльна белай фарбай на густа-чорным фоне, перасцерагалi навочна тых, каму надпiсу было замала.
На гэтай мёртвай дарозе руплiвыя вучнi аўташкол вучылiся пераключаць хуткасцi, прывыкалi да iмклiвай язды, мучылi каробку перадач, даючы заднi ход, рабiлi павароты ўлева i ўправа, прывыкаючы да гэтых паваротаў; па тым насыпе, што цягнуўся ўздоўж пляцовак для гольфу памiж невялiкiмi гародчыкамi, шпацыравалi таксама добра ўбраныя жанчыны i мужчыны, выраз твараў якiх сведчыў, што працоўны дзень скончыўся; яны iшлi наўпрост да берага, да пагрозлiвых шыльдаў, за якiмi хавалiся i, здавалася, пасмiхалiся са смерцi сцiплыя баракi будаўнiкоў; з-за слова "СМЕРЦЬ" цягнуўся ўвысь сiнi дым ад пячурак, на якiх начныя вартаўнiкi падагравалi стравы ў рандэлках з вушкамi, падсмажвалi хлеб; ад жару гэтых пячурак яны скручанымi паперкамi прыпальвалi свае пiпкi. Нязграбна-шыкоўныя сходы ацалелi, не былi разбураныя, i цяпер, цёплымi летнiмi вечарамi, iх выкарыстоўвалi пад сядзенне стомленыя падарожнiкi; з дваццацiметровай вышынi яны маглi адсюль назiраць за тым, як iдуць работы: нырцы ў жоўтых камбiнезонах павольна апускалiся ў ваду, падводзiлi петлi кранавых тросаў да бетонных i жалезных абломкаў моста, i краны выцягвалi на паверхню сваю здабычу, з якой абцякала вада, грузiлi гэтую здабычу на баржы. На высокiх рыштаваннях i хiсткiх памостах, высока каля пiлонаў у "бацяновых гнёздах" рабочыя зварвалi блакiтнымi блiскавiцамi зварачных апаратаў трэснутыя сталёвыя бэлькi, пагнутыя нiты, разразалi разбэрсаныя кавалкi тросаў; слупы-быкi з iх бакавымi апорамi стаялi ў паўнаводнай рацэ, нiбы пустыя вароты, утваралi рамку пад гектар блакiтнай пустэчы; сiрэны падавалi сiгнал: "Рэчышча свабоднае", "Рэчышча занятае"; чырвоныя, зялёныя агнi; ланцугi баржаў везлi вугаль i драўнiну адсюль туды i адтуль сюды.
- Вокзал в Цимпрене - Генрих Бёлль - Проза
- Камiзэлька (на белорусском языке) - Болеслав Прус - Проза
- Нямкi (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) - Франсуа Мориак - Проза
- Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк - Проза
- Панi Парыс (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Вечар (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Герастрат (на белорусском языке) - Жан Сартр - Проза
- Оторванный от жизни - Клиффорд Уиттинггем Бирс - Проза
- Кролик успокоился - Джон Апдайк - Проза