Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Дзiкi перамаглi. Фырк, хiстаючыся, стаяў каля Вiнга. Кроў залiвала спiну. Але ён вельмi ганарыўся, што не аказаўся палахлiўцам.
- Мы абаранiлi сваё балота, - цiха сказаў Вiнг i апусцiўся на каленi, бо не мог трымацца на нагах. Шмат ранаў на сваiм доўгiм вяку атрымаў Вiнг, але сённяшнiя былi смяртэльныя. Ён гэта ведаў i таму, памаўчаўшы, пачаў гаварыць:
- Усяго трое засталося вас. Ты, Рохк, i ты, Бурк, i ты, Фырк, усе разам, як толькi я назаўсёды закрыю вочы, хутчэй iдзiце адсюль. За чаратамi ёсць сухая зямля. Iдзiце туды i там убачыце блiскучы белы пясок. Ён лечыць раны. Гыра i ваўкоў болып няма. Вам iх не трэба баяцца. Бойцеся Жалезных Людзей. Дзе нi ўбачыце, уцякайце, хавайцеся ў балоце.
Вiнг адчуў, што памiрае, i загаварыў хутчэй:
- Даўным-даўно, калi ўсiм навокал яшчэ валодалi Каменныя Нажы, адзiн з дзiкоў, Чвак, паверыў Каменным Нажам. З балота, са свайго сховiшча ён пайшоў да iх, жыў побач з iмi. Каменныя Нажы былi хiтрыя. Яны давалi Чваку самую смачную траву, калi ён ляжаў, наеўшыся, яны часалi яму жывот. А потым забiлi Чвака. Каменных Нажоў ужо няма. Iх, як калiсьцi яны Чвака, знiшчылi Жалезныя Людзi. Паслухайце ж мяне, старога Вiнга. Нiколi не выходзьце з балота. Жывiце i памiрайце тут. А зараз падыдзiце да мяне. Як нашы прадзеды, дакранемся на развiтанне адзiн да аднаго лычамi.
Яны дакранулiся да Вiнга лычамi i пайшлi праз чараты да сухой зямлi. Не азiраючыся, яны чулi, як гаворыць Вiнг:
- Вазьмi мяне, Вялiкае Балота. Хачу вярнуцца ў зялёныя лугi, да бацькi майго, да дзеда майго.
За чаратамi яны ўбачылi сухую зямлю i на ёй блiскучы белы пясок. Яны павалiлiся ў гэты пясок i пачалi качацца па iм. Фырку, нiбы агнём, апякала рану на спiне. Ён вiшчаў, курчыўся ад болю, але яшчэ мацней уцiскаўся ў пясок, блiскучы, белы i салёны.
Раны зажылi хутка. I зноў пачалося звычнае жыццё. Толькi цяпер дзiкоў было ўсяго трое, i яны зрабiлiся яшчэ больш асцярожнымi. Шукаць ежу выходзiлi ноччу, а днём вылежвалiся ў чаратах. Фырк прыслухоўваўся да наваколля, i трывога сцiскала сэрца. Сваiм вострым слыхам ён лавiў нейкiя незразумелыя гукi. Гукi гэтыя з кожным днём усё наблiжалiся, ахоплiвалi чараты з усiх бакоў.
- Сюды iдуць Жалезныя Людзi, - разгублена сказаў Рохк, якi пасля гiбелi Вiнга быў у iх за важака. - Жалезныя Людзi iдуць i ўдзень, i ўначы таму, што не ведаюць.што такое сон. Хутка яны прыйдуць сюды.
Дзiкi паглядзелi на чорна-зялёнае неба, на чырвоныя i аранжавыя зоркi, i iм захацелася, каб iхнiя чараты перанеслiся раптам на неба, туды, дзе няма Жалезных Людзей. Але неба - радзiма птушак, а дзiк спрадвеку можа жыць толькi ў балоце. I яны шчыльней уплiшчылiся ў цёмную ваду i затаiлi дыханне.
I вось да чаратоў, да схованкi дабралiся Жалезныя Людзi. Страшна было глядзець на iх. Яны былi зроблены з блiскучага металу, што сляпiў вочы. Рукi i ногi доўгiя, прымацаваныя да тулава меднымi спружынамi. На грудзях у Жалезных Людзей, як злыя чырвоныя агеньчыкi, гарэлi электрычныя лiхтарыкi. Часам гэтыя лiхтарыкi пачыналi тухнуць, ледзьве свяцiлiся, i тады Жалезныя Людзi спынялiся, бралi нешта з металiчных скрыначак, якiя былi прыкручаны ў кожнага да правага калена, i сыпалi ў дзiрачку, што была прабiта ў жалезных галовах замест роту. Праз колькi часу лiхтарыкi зноў ярка ўспыхвалi, i Жалезныя Людзi iшлi ўперад. У правай руцэ кожны трымаў доўгi чорны прут. Усё, да чаго дакраналiся гэтыя пруты, адразу ж знiкала, быццам яго i не было. Жалезныя Людзi iшлi павольна таму, што сваiмi прутамi iм трэба было дакранацца да кожнага дрэва, кожнага кусцiка i чарацiнкi. Следам за першым ланцугом Жалезных Людзей рухаўся другi. З вялiкiх насосаў-помпаў яны залiвалi голую зямлю гарачым бетонам. Жалезныя Людзi з трэцяга ланцуга, што замыкаў гэта няўмольнае шэсце, былi абуты ў вялiзныя, тоўстыя, жалезныя чаравiкi.
Iмi яны старанна ўтоптвалi бетон, i той рабiўся гладкi, як стол.
Дзiкi ў сваiм сховiшчы перасталi нават дыхаць. А Жалезныя Людзi падыходзiлi ўсё блiжэй. Яны iшлi моўчкi, без адзiнага слова. Толькi было чутно, як у апошнiм, трэцiм,ланцугу цяжка грукаюць жалезныя чаравiкi аб бетон: тук... тук...
Першы не вытрымаў Бурк. Ён выскачыў з-пад кучы звялага вецця i рынуўся на Жалезных Людзей, пагрозлiва нахiлiўшы вострыя iклы. Але што мог зрабiць дзiк, нават самы моцны, самы агрэсiўны i адважны? Бурк падбег да Жалезнага Чалавека, i Фырк з Рохкам убачылi, што ён таму ўсяго толькi па калена. Жалезны Чалавек нават нi крышачку не пахiснуўся ад магутнага тараннага ўдару. Чорным прутом ён лёгенька дакрануўся да Бурка, i Бурк знiк. Толькi засталiся сляды ад ягоных капытоў.
Фырк з Рохкам моўчкi перазiрнулiся. "Ты малодшы, - аднымi вачамi сказаў Рохк. - Табе яшчэ трэба жыць, бо нельга балоту без дзiкоў. А я - важак. I я пайду ўслед за Буркам. Як вучыў нас Вiнг".
Рохк ускочыў з зямлi, але не кiнуўся, як Бурк, на Жалезных Людзей. Ён пачаў асцярожна кружыцца на адным месцы, стараючыся знайсцi хоць якую-небудзь шчылiнку, дзе можна б было выслiзнуць з гэтага страшнага кола.
Жалезныя Людзi тым часам падыходзiлi ўсё блiжэй. Пярэднiя чорнымi прутамi знiшчалi ўсё жывое, сярэднiя залiвалi зямлю гарачым бетонам, якi аж дымiўся, а самыя апошнiя старанна ўтоптвалi бетон. Яны не здзiвiлiся, убачыўшы перад сабой яшчэ аднаго дзiка. Яны не ўмелi здзiўляцца.
Рохк з адчаем круцiўся на адным месцы. I тут ён заўважыў, што ўсе Жалезныя Людзi злучаны мiж сабой тоненькiм дроцiкам. Да правага калена кожнага жалезнага страшыдлы была прыкручана металiчная скрыначка. Усе гэтыя скрыначкi i злучаў амаль непрыкметны дроцiк. Жалезныя Людзi былi падобны на вялiзных блiскучых рыбiн, якiх начапiў нехта на адну нiзку. Вось лямпачка на грудзях у Жалезнага Чалавека пачала тухнуць. Ён нахiлiў галаву, доўгай нязграбнай рукой палез у скрыначку, каб узяць белых шарыкаў, якiя былi насыпаны там. На нейкае iмгненне ён выпусцiў Рохка з поля зроку. I Рохк рынуўся ў яго каля ног, разарваўшы дроцiк, выскачыў за першы ланцуг Жалезных Людзей. Ён бы пабег i далей, але капыты правалiлiся, загрузлi ў гарачым бетоне. Дарэмна, напружваючы ўсе сiлы, спрабаваў Рохк вырвацца з гэтай страшнай пасткi. Яго ўсё глыбей засмоктвала ў бетон. Вось ён ужо ў бетоне па каленi, па жывот, вось толькi вiдны лыч i хвосцiк... Падышлi Жалезныя Людзi ў вялiзных чаравiках з тоўстымi падэшвамi. Яны ўтапталi, утрамбавалi бетон, i нiчога не засталося ад беднага Рохка.
Але недарэмна загiнуў Рохк. Жалезны Чалавек, у якога ён парваў дроцiк, нiяк не мог скрануцца з месца. Ён быццам аслеп, бязладна тыкаў перад сабой чорным прутом. Вось ён няўклюдна крутнуўся i сваiм прутом зачапiў плячо суседа. Раз! - i суседа не стала. Нешта, вiдаць, парушылася ў, здавалася б, неадольным ланцугу. Жалезныя Людзi пачалi знiшчаць адзiн аднаго. За некалькi хвiлiн усе яны разам са сваiмi чорнымi прутамi знiклi. Толькi iхнiя скрыначкi з белымi шарыкамi засталiся ляжаць у балоце ды з чорнай, нiбы смаляной вады з шыпеннем узвiвалiся срабрыстыя пухiры.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});- Матчын голас (на белорусском языке) - Василий Бережной - Научная Фантастика
- Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) - Герберт Уэллс - Научная Фантастика
- Нiчога новага, альбо Што забiла сабаку (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери - Научная Фантастика
- Масть путешественника или Допрыгался - Арсен Шмат - Научная Фантастика
- Холст, свернутый в трубку - Андрей Плеханов - Научная Фантастика
- Форма жизни - Андрей Ливадный - Научная Фантастика
- Гадзiна памяцi (на белорусском языке) - Уэйд Миллер - Научная Фантастика
- Ферма (на белорусском языке) - Джордж Оруэлл - Научная Фантастика
- Роберцiк (на белорусском языке) - Дзинтра Шулце - Научная Фантастика
- Настаўнiк (на белорусском языке) - Владимир Шитик - Научная Фантастика