Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Прабачце нас, - папрасiла Iрэна, развiталася i пацягнула за сабою Тамарку. - Пайшлi дадому, а то мацi сварыцца будзе!
- Ну i няхай! - заўпарцiлася Тамарка. - Пайшлi да ксяндза! Ён такi прыгожы!...
- Ды што ты надумала - па людзях хадзiць! - раззлавалася Iрэна. - Як з дзiкага лесу!
- А я адкуль?! Я i ёсць - з лесу! - засмяялася Тамарка i пабегла наўпрасткi да высокага катэджа ў канцы вёскi.
...Зямельны надзел быў такi маленькi, што, вiдаць, таму ксёндз i зрабiў гараж на першым паверсе, дакладней, пад хатай. Сама ж хата была невялiчкая, квадратная. Калi iсцi да яе, то з аднаго боку чапляешся нагою за кветнiк, а з другога да металiчнай сеткi, усярэдзiне якой гулялi качкi i куры.
- А дзе яны зiмою знаходзяцца? - кiўнула галавою Iрэна. - Можа, гэта ён хлеў будуе для iх?
Упрытык да хаты стаяў маленькi зруб.
- Не, гэта ён хатку для прыезджых будуе, - растлумачыла Тамарка, - неяк па-польску такая хатка называецца. Гэта калi хто прыедзе да iх у касцёл, паломнiкi якiя, дык каб пераначаваць было дзе. У кожным касцёле ёсць такая начлежка. Нават у Менску, мне бабы з касцёла расказвалi. Там, у касцёл Святога Роха, раз на месяц прыязджае моладзь каталiцкая, песнi пра Бога спяваюць, з розных гарадоў, вёсак, прыязджаюць, дык у касцёле i начуюць альбо ў вернiкаў...
- Ого, ды ты болей за мяне ведаеш! - здзiвiлася Iрэна. - А я неяк ехала ля гэтага касцёла ў аўтобусе, везла памiдоры, пачаставала адну бабульку, дык яна мне iконку Маткi Боскай падарыла, польскую...
За металiчнай сеткай бегала туды-сюды аўчарка, але на дзяўчат не брахала. З хаты выйшаў ксёндз. Ён быў не такi ўжо малады, як казала Тамарка, i не такi ўжо прыгожы, як падалося Iрэне, але прыветная ўсмешка асвятлiла твар.
- Як добра! Сёння ў мяне госцi! - зазначыў ён.
- Пахвалён бэндзе Езус Хрыстус! - выпалiла Тамарка.
- На векi вякоў! - адказаў ксёндз. - З чым прыйшлi, паненкi? пацiкавiўся.
- Проста так, - усмiхнулася Тамарка. - Гэта наша нявестка, дык я яе вырашыла пазнаёмiць з вамi.
- Ты ж на мяне сярдзiтая, - засмяяўся ксёндз, - да такога дрэннага ксяндза прывяла...
- Вядома, я на вас тады раззлавалася, - надзьмула вусны Тамарка, - вы насварылiся, што мне шаснаццаць год, а я нават на першай споведзi не была. Мяне мацi не вучыла. Я што ведала, тое i сказала вам, а вы мяне давучваць адправiлi! Тады я да бацюшкi пайшла, бо ўсё роўна, што каталiцкая вера, што праваслаўная, адно i тое ж, вы ж самi гэта казалi. А бацюшка спытаў iмя - i ўсё! I я паспавядалася i прычасцiлася там!..
Тамарка пакалупала пальцамi нагi жоўты пясок i дадала:
- Але я вас усё роўна больш люблю, хоць i праваслаўная...
Iрэна ўзняла вочы ўверх - што яшчэ выдасць Тамарка? I тузанула яе за касу.
- З вамi цiкава, - лагодна сказала Тамарка, - вы пра ўсё пытаецеся, што, як... Як мне жывецца, што турбуе... Вы - як мацi... Не, вы - як брат старэйшы, разумны... У мяне няма нiкога такога, нi мацi, якая б пытала ўсё, цiкавiлася мною, нi брата, якi б нешта раiў... Хоць i нельга гаварыць дрэнна пра другiх, але мае браты п'юць гарэлку, iм са мною нецiкава...
- Прыходзь у касцёл, - усмiхнуўся ксёндз. - У нядзелю ў нас злёт веруючай моладзi, пад агульным дэвiзам "мы спяваем да Бога". Прыходзьце, дзяўчаткi, паненкi... Калi ласка!
- Абавязкова! - падскочыла ад радасцi Тамарка.
- Дзякую, - ветлiва адказала Iрэна.
Яны развiталiся.
- Ён мне той раз кнiжку падарыў, каб да споведзi рыхтавалася, - шапнула Тамарка. - Я яе заўсёды пад падушку кладу. Ведаеш, мне яго так шкада. Ксяндзам жа нельга жанiцца. З iм жыла мацi, памерла. I бабулька яго памерла. Цяпер ён адзiн жыве, сабе гатуе... Таму ён так любiць, калi да яго прыходзяць госцi. Вось таму ён такi iнiцыятыўны - сходы, конкурсы, злёты розныя ўстрайвае, моладзь арганiзоўвае. Я яго так люблю, - прыцiснула рукi да грудзей Тамарка, як брата, як самага роднага чалавека, усёй душою люблю, як Бога. Толькi ты не думай, гэта не каханне, каханне - гэта брыдота, секс, каханне прыносiць пакуты. А гэта любоў боская, яна мне прыносiць радасць!
- Мы абавязкова прыйдзем яшчэ сюды! - абняла яе Iрэна. - А цяпер пайшлi да дзеда з бабай, паглядзiм на iх дачку-законнiцу. Ты казала, што яна ў Польшчы, у манастыры? Праходзiць там iспыт, пэўны тэрмiн...
- Божа! Дазволь мне таксама стаць законнiцай! - слёзы з'явiлiся на вачах Тамаркi. - Iрэначка! - абхапiла яна дзяўчыну. - Давай з'ездзiм у Полацак, у Ефрасiннеўскi манастыр, там жа твая сяброўка, Аленка, можа, i мяне туды возьмуць, я так не хачу вяртацца да мацi! Цi, можа, у Жыровiчы возьмуць?
- Цяпер ужо там мужчынскi манастыр i семiнарыя...
- Iрэначка! - заплакала Тамарка. - Каб ты ведала, як мне не хочацца iсцi дадому!
- А мне?!.
Дзяўчаты селi ў траву, абнялiся i пачалi плакаць.
Мiкола ўзяў аркуш i пачаў пiсаць:
- Незнаёмка! Я вылеплю цябе з белага мармуру,
Пастаўлю на сонечнае месца,
Каб на золку вiтаць цябе,
Як вiтаю ўсмешкаю сонца...
Ён не паспеў дапiсаць верш, як дзверы ў пакойчык рэзка расчынiлiся i нахабна ўварваўся невысокi мажны мужчына з лысiнай. Схапiў Мiколу загрудкi.
- Дык што гэта, га? - у твар прашыпеў ён. - Дачку маю ганьбiць надумаў?
I шпульнуў разгубленага хлопца на ложак. Калi той крыху аклямаўся, заўважыў Наташку ў сваёй дутай блакiтнай куртцы. Яна здзеклiва смяялася, гледзячы на яго.
- Ану ўставай! - зароў мужчына на Мiколу.
- Не чапай г..., смярдзець будзе! - працягнула з лянотай Наташка i плюхнулася ў крэсла. - Я табе, гад, месца ў iнтэрнаце выбiла i на працу ўладкавала! Кватэру, як аўтобуснiк-iльготнiк, хутка атрымаеш. Ды ты малiцца на мяне павiнен, смурод такi!
- Зараз жа збiрайся з Наташай у загс! - крыкнуў мужчына.
- Тата, навошта ён мне? - засмяялася Наташа. - З яго муж, як з г... куля! Мацi-адзiночцы больш iльготаў...
- Дык у вёсцы ж будуць смяяцца! - запярэчыў бацька.
- Колькi вам трэба? - спахапiўся Мiкола. - Я ўсё заплачу! Мiльён магу даць, у пазыкi залезу, толькi адчапiцеся ад мяне! Наташа, я не хачу на табе жанiцца, я не кахаю цябе! I на алiменты не падавай, прашу!
- Ай, круцiцца, як голы ў крапiве! - зарагатала яна. - Вось добрую iдэю падаў, малайчына! Значыць, у загс не пойдзем! Затое алiменты плацiць будзеш!
- Наташа! - узмалiўся ён, затым перадумаў i закрычаў: - Ану адсюль прэч, аферысты! Гэта не маё дзiця, не ад мяне!
Наташа адчынiла дзверы i паклiкала:
- Марыя Пятроўна, Алачка! Зайдзiце, калi ласка!
Калi тыя зайшлi, Мiкола пазнаў вахцёршу з Наташынага iнтэрната i яе суседку па пакоi.
- Гэта мае сведкi, - заключыла Наташа. - Але яшчэ не ўсё... Шмат хто пацвердзiць, што мы вялi сумесную гаспадарку, а ты асабiста купляў для дзiцяцi каляску!
- Шкура! - закрычаў на яе Мiкола.
- Дык ты хочаш плацiць алiменты? - Наташа падышла да яго ложка, на якiм Мiкола сядзеў, закрыўшы рукамi твар. - Калi не хочаш, то скажы... I мы табе прыдумаем нешта другое ўзамен... Муж з цябе дрэнны. Не плач, трэба ты мне, як бочка без абручоў! А вось раб з цябе б атрымаўся добры...
- Што? - не зразумеў Мiкола.
- Раб! - засмяялася Наташа. - Будзеш кожную зiму маiм бацькам дровы загатаўлiваць. А кожнае лета - сена касiць. Калi згодзен - пiшы распiску. Тады на алiменты падаваць не буду!
Мiкола задумаўся.
- Давай паперу, - махнуў рукою. - I каб духу твайго тут не было!
Напiсаў усё, што прадыктавала Наташа. Падаў ёй.
- Парадак у танкавых вайсках! - засмяялася Наташа. - Пайшлi, татка! Пайшлi, мае дарагiя сведкi! Перагаворы прайшлi на вышэйшым узроўнi.
Калi яны зачынiлi за сабою дзверы, Мiкола кiнуўся да аркуша i лiхаманкава пачаў запiсваць:
- О, незнаёмка! Анёл мой нябесны!
Маё адзiнае каханне!
Цябе чакаю ў сваiх песнях,
Прыйдзi, анёл мой, на свiтаннi!..
Перад абедам Галю выклiкала да сябе загадчыца бiблiятэкi.
- Што-небудзь здарылася, Надзея Пракопаўна? - спалохалася Галя.
- Не, - усмiхнулася тая. - Вельмi добрая для цябе навiна. Памятаеш, ты рабiла кнiгаабзор па паэтах Польшчы i ў нас была дэлегацыя з мястэчка Ломжа. Дык вось, пан Вацлаў хацеў бы, каб ты папрацавала ў iх бiблiятэцы. Яны адкрываюць музей беларускай творчасцi. У цябе такiя цудоўныя веды пра нашых паэтаў i пiсьменнiкаў!.. I наогул, ён сказаў, што ты вельмi дзелавiтая i разумная дзяўчына. У цябе - цудоўная будучыня, згаджайся!
Галя замялася, тады прамовiла:
- Надзея Пракопаўна, я замуж выходжу ў гэтую суботу. За Альберта...
- А божа ж ты мой! - уздыхнула тая. - За гэтага плаксу? Ён тут, да цябе, Арынцы мазгi пудрыў, пра нейкую Святланку мармытаў, казаў, што з-за яе з балкона прыгаў, вешаўся... Навошта табе такi шалёны?
- У яго няшчаснае каханне, - цiха сказала Галя. - Зараз ён у мяне ў пакойчыку ў iнтэрнаце жыве, суседка мая месца ўступiла нам. Ён мяне кахае... I я яго. Першы раз не атрымалася мне замуж выйсцi за Анатоля, дык хоць цяпер выйду.
- Галя, няўжо замуж - гэта галоўнае? - пачала ўшчуваць яе загадчыца. Думай пра кар'еру спачатку, паспееш яшчэ мiсак ды каструль намыцца ды бiтай пахадзiць...
- У нас будзе добрая сям'я, - прамовiла Галя. - Прабачце, я не паеду ў Ломжу...
I выйшла з кабiнета.
Пасля працы заспяшалася па крамах, каб парадаваць чым-небудзь смачным Альберта, калi сустрэла ў чарзе Антося. Худы, з вяснушкамi на носе, ён трымаў вялiкую сумку i разлiчваўся за хлеб. Галя хуценька скiравала за iм i дагнала на вулiцы.
- Памяць (на белорусском языке) - Лидия Оробей - Русская классическая проза
- Процесс исключения (сборник) - Лидия Чуковская - Русская классическая проза
- Галя будет в понедельник - Иван Андреев - Драматургия / Русская классическая проза / Прочий юмор
- Сопромат. Сборник рассказов - Вячеслав Адамович Заренков - Русская классическая проза
- Данность жизни. Сборник рассказов - Вячеслав Адамович Заренков - Русская классическая проза
- Маё дзела цялячае (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Вераснёвыя ночы (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Пераправа (на белорусском языке) - Николай Лупсеков - Русская классическая проза
- Незагойная рана (на белорусском языке) - Василь Быков - Русская классическая проза
- Янка з Падлесся (на белорусском языке) - Сымон Хурсик - Русская классическая проза