Рейтинговые книги
Читем онлайн Былое, але не думы - Алесь Марціновіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 41

Яна мне настолькі падабалася, што я нават думкі не мог дапусціць, каб сустракацца з кім-небудзь з дзяўчат. Нават калі захады рабіліся з іхняга боку. У прыватнасці, на мяне звярнула ўвагу афіцыянтка драгічынскага рэстарана Галя, куды, скажу шчыра, са Славам мы наведваліся часта. Дайшло да таго, што калі ў нас не было грошай (а калі яны ў нас тады былі?) мы пазычалі ў яе пяць рублёў, за якія на той час можна было ў рэстаране не толькі выпіць, а і закусіць, і садзіліся за стол іншай афіцыянткі, бо я не хацеў быць залежным ад той, якой падабаўся.

Неяк Слава кажа:

— Слухай, а чаму б табе з Галяй не схадзіць у кіно?

— Табе хочацца, то і схадзі, — незадаволена адказаў я. — Хочаш, каб пра гэта Валя даведалася?

— Няўжо не заўважаеш, што ты для яе нуль? — маючы на ўвазе Валю, Слава са шкадаваннем паглядзеў на мяне.

— Гэта ўжо не твая справа, — са злосцю адказаў я. — А з Галяй у кіно ніколі не пайду.

— Ды не крыўдуй, у мяне цікавая ідэя з’явілася, — па-змоўніцку падміргнуў мне Слава.

— У цябе нават ідэі бываюць? — падкалоў яго я.

Ніяк не зрэагаваўшы на маю іронію, ён выклаў сваю задумку на адным дыханні:

— Ты ідзеш з Галяй у кіно...

— Я ж сказаў табе, — абарваў я Пратасевіча, — не па-й-ду!

— Даслухай да канца.

Мяне ўзяла цікаўнасць, што ж гэта такое ён прапануе.

— Так і быць, — кажу, — слухаю.

— Ты ідзеш з Галяй у кіно, а яна ў знак удзячнасці частуе нас у рэстаране. Самае галоўнае ў тым, што ты быццам пра гэта нічога не ведаеш.

Пратасевіч разлічваў, што пасля гэтага я адразу згаджуся з прапанаваным ім варыянтам. Аднак памыліўся.

— Не пайду я з ёю ў кіно, — паўтарыў я. — А ў рэстаран і так сходзім.

— У рэстаране без грошай няма чаго рабіць, — Славу цягнула на філасофію. — То, можа, у цябе яны з’явіліся? — недвухсэнсоўна ўсміхнуўся ён і як бы падагульніў свае развагі: — Слухайся мяне і ўсё будзе ў парадку.

— Што яшчэ за «парадак»? — здзекліва запытаўся я.

— Ты спачатку дай згоду, што пойдзеш з ёю ў кіно. А потым нейкае выйсце знойдзем.

Я задумаўся. А і сапраўды, чаму б і не згадзіцца. Колькі можна пазычаць у Галі па пяць рублёў, якія потым усё адно трэба аддаваць. А тут можна выпіць на дурніцу. Але, калі здавацца, маючы на ўвазе наведванне кінатэатра, то з «песняй».

— Так і быць: згодзен, — падвёў вынік сваім развагам я.

— Нарэшце, — з палёгкай уздыхнуў Слава. — Нельга, каб адразу згадзіцца.

— Пачакай радавацца. Згодзен толькі пры ўмове...

— Што за ўмова яшчэ такая? — мой сябра насцярожыўся, чакаючы нейкага падвоху.

— На стале павінна стаяць бутэлька каньяку, — я зрабіў паўзу. — Іначай не згодзен.

— Чаго гэта я раптам павінен ставіць табе каньяк, — здзівіўся Слава. — У мяне што, грошы лішнія?

— Ды не ты, а Г аля, — супакоіў я Пратасевіча.

— Так бы адразу і сказаў. Паставіць, не сумнявайся, — ён адказаў так упэўнена, быццам усё ўжо загадзя абгаворана.

— У такім разе — французскі. Так і перадай ёй.

— Будзе французскі, — упэўненасць не пакідала Славу.

Сапраўды, Галя падала нам на стол французскі каньяк. Паставіла такую закусь, якой дагэтуль мы і не бачылі. Сама ж гаспадыня гэтай урачыстасці завіхалася ля нас, нібыта мы былі ў Драгічыне самыя шаноўныя госці і менавіта для нас у рэстаране ладзіўся прыём. Канечне ж, галоўная ўвага была скіравана на мяне. Толькі ні Галіна ўважлівасць, пачцівасць, ні яе ўсмешкі ў мой бок, не радавалі мяне. Калі ж думаў пра тое, што давядзецца вечарам ісці з ёю ў кіно, адразу станавілася не па сабе. А тут яшчэ Слава падліў масла ў агонь.

— Ён жа і білеты загадзя ўзяў, — паведаміў ён, даючы зразумець, што ўсё ідзе належным чынам.

— Канечне, пацвердзіў я, — выцягваючы з кішэні два квіткі.

Твар Галі засвяціўся радасцю. Яна хуценька пайшла ў буфет і прынесла нам яшчэ з паўбутэлькі каньяку. Больш і не трэба было, бо мы і так адчувалі сябе ўжо на добрым падпітку. Але гэта ніяк не магло паўплываць на маю пільнасць. Наадварот, я яшчэ больш упэўніўся ў тым, што ў кіно з ёю не пайду ні пры якой умове.

Затое, калі выходзілі з рэстарана, твар Славы ад радасці блішчэў, як начышчаны самавар — калі яшчэ ўдаецца так добра і культурна адпачыць. Прытым бясплатна. Мой жа твар, наадварот, станавіўся ўсё больш змрочным. Лёгка сказаць: не пайду! Аднак я ж быў звязаны абавязкам. Дакладней — паўтары бутэлькамі каньяку. Праўда, на двух, але ад гэтага сутнасць не мянялася. «Расплачвацца» трэба было мне. Прытым час непазбежнай расплаты набліжаўся. Значыць, заставалася толькі адно выйсце: дзейнічаць як мага больш рашуча.

Таму, калі мы адышлі ад рэстарана толькі некалькі метраў, я выняў з кішэні білеты.

— Пойдзеш ты, — заявіў я Славу.

— Ты гэта сур’ёзна? — запытаўся Пратасевіч, усё яшчэ ўпэўнены, што я перадумаю.

— Калі ты сябра мне, — я паставіў яму ўмову, — то пойдзеш сам з ёю. Зразумей мяне правільна.

Слава зразумеў мяне, бо быў сапраўдным сябрам. І штосьці прыдумаў наконт нечаканай маёй немагчымасці пайсці ў кінатэатр. Накшталт, што мне раптоўна блага стала. Не ведаю, ці паверыла Галя гэтаму. Але потым нічога ў мяне не пыталася. Я ж не бачыў неабходнасці штосьці тлумачыць ёй. Хоць, мабыць, яна і сапраўды была да мяне неабыякавай, бо аднойчы дала мне пара­ду, чаму трэба быць ветлівым з афіцыянткамі. Тады я зайшоў у рэстаран адзін. Магчыма, гэта было ў суботу ці нядзелю — Слава ж на выхадныя паехаў да сваіх бацькоў, якія жылі ў вёсцы Какорыца Драгічынскага раёна.

Не ведаю, з якой нагоды, але яна сказала:

— Запомні, з афіцыянткамі ніколі не спрачайся.

Зразумела, я здзівіўся, чаго гэта яна закранула такую тэму:

— Хіба я з табой спрачаюся?

— Я проста папярэджваю цябе.

— Папярэджваеш? — я здзівіўся яшчэ больш.

— Ведаеш, — працягвала Галя, — як мы помсцім, калі наведвальнік чымсьці не спадабаўся?

— Як? — тое, што прагучала з яе вуснаў успрынялася мною як штосьці неверагоднае. Няўжо і афіцыянткі могуць помсціць?

— Ды проста, — спакойна адказала яна. — Перад тым, як прынесці, скажам, боршч, возьмем і плюнем у талерку.

— Няўжо? — я ніяк не мог паверыць у пачутае.

— Не хвалюйся, цябе гэта не тычыцца, — супакоіла мяне Г аля. — Але на ўсялякі выпадак ведай.

Тады гэтаму «на ўсялякі выпадак» я не надаў асаблівага значэння. Дый пазней, калі каму-небудзь расказваў пра такое прызнанне адной з афіцыянтак, яе апошніх слоў не згадваў. Цяпер жа, пішучы гэтыя радкі, мне раптоўна стала не па сабе. Магчыма, тады і яна, пакрыўджаная тым, што я не пайшоў у кіно, гэткім чынам адпомсціла мне, як і яе сяброўкі помсцілі тым, хто ім чымсьці не падабаўся. Магла ж і неаднойчы зрабіць. Пры гэтым міла ўсміхаючыся. Ды што цяпер пра гэта турбавацца.

Чаго не губляў, таго не знойдзеш

Калі ехаў па размеркаванні ў Драгічын, быў упэўнены, што адпрацую толькі небходныя два гады. Сумненне з’явілася толькі тады, калі ўбачыў Валю. Ды адпрацаваў усяго адзінаццаць месяцаў. Водпуск праводзіў у бацькоў, але да канца яго не дабыў: ваенкамат выклікаў тэлеграмай. А потым былі два гады службы ў Забайкальскай ваеннай акрузе лейтэнантам.

Забыў ужо, ці сказаў я Валі «да пабачэння». Хутчэй за ўсё так і не развіталіся мы, бо прызвалі мяне ў канцы жніўня, а гэта ж час водпуску не ў аднаго мяне. А што ўспамінаў яе часта, то праўда. Нават, даведаўшыся ад Славы, што яна нарэшце паступіла ў Брэсцкі педінстытут, паслаў пісьмо. Адказу не атрымаў. Магчыма, і не дайшло яно, бо дакладнага адраса я не ведаў. Хоць у гэта цяжка верыцца, усё ж пошта ў нас працуе добра. Нават некаторыя пісьмы «на деревню, дедушке» даходзяць.

Калі ж атрымаў доўгачаканы водпуск, то пунктам прыбыцця назваў Брэст. Выбраў яго невыпадкова. Звычайна да водпуску дабаўлялася колькасць дзён, якія знаходзішся ў дарозе. Каб выйграць у часе, адпускнікі ляцелі самалётам. Я, для прыкладу, да Мінска. А тут яшчэ дабаўляўся дзень на паездку ў Брэст. Але, зразумела, я выбраў яго і таму, што мне ўсё ж хацелася пабачыць Валю. Праўда, яе так і не пабачыў.

Прыехаў я ў Брэст не адразу, а толькі пасля таго, як адпачыў некалькі дзён у сваіх бацькоў. Дый то пасля гэтага спачатку завітаў у Стоўбцы да сябра Федзі Бандаровіча, які працаў у раённай газеце, а цяпер з’яўляецца намеснікам рэдактара. Сустрэчу адзначылі, як і трэба. Дый як жа іначай: маладыя, здаровыя, доўга не бачыліся. Толькі позна вечарам сеў я аўтобус, што ішоў у Брэст. Праспаў усю дарогу, лежачы на заднім сядзенні. Балазе аўтобус быў амаль пусты.

Зразумела, што па прыездзе ў Брэст выгляд меў далёка не лепшы. Тым не менш адшукаў інтэрнат педінстытута, нават зайшоў у ягоную сталоўку. Калі снедаў, бачыў, як прабягаюць адна за адной студэнткі, спяшаючыся на заняткі.

Нават падалося, што ў іхнім гурце прамільгнула і Валя. Але ніякага жадання высветліць ці сапраўды гэта яна, не было. Як і таго, каб папытацца ў вахцёра, ці жыве яна ў гэтым інтэрнаце. А тым больш ісці ў дэканат высвятляць, у якой аўдыторыі ідуць заняткі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 41
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Былое, але не думы - Алесь Марціновіч бесплатно.

Оставить комментарий