Рейтинговые книги
Читем онлайн Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке) - Лидия Адамович

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 45

- Ты, трамвайшчыца няшчасная! Смаркачы вытры, малалетка!

- Ды я з табою з аднаго года! Калi не будзеш болей са мною сустракацца, калi не прыйдзеш болей да мяне...

- Трэба ты мне, як сабаку пятая нага! Ды ў нас з табою розны iнтэлектуальны ўзровень: у мяне вышэйшая адукацыя, а ты - двоечнiца з калгаса! Прыехала сюды, курсы скончыла i гарадскою сябе лiчыш?

- Я хоць i двоечнiца з калгаса, а назаўсёды застануся ў горадзе! Iльготную кватэру атрымаю! А цябе запруць у вёску загадчыкам задрыпанага клуба, i будзеш там з даяркамi гуляць! З кiм ты там ажэнiшся? Ну, калi настаўнiца якая прыедзе пасля вучылiшча, бо пасля iнстытута альбо замужнiя, альбо не едуць зусiм, квас у горадзе застаюцца прадаваць! Iнтэлектуальную хочаш? Хрэн табе з маслам! Не хочаш мяне, iльготнай кватэры, тады iдзi прэч! Чуеш, прэч!

I выпхнула яго за дзверы.

Анатоль Хвашчэўскi сядзеў на педсавеце як на iголках. Спачатку разбiралi двоечнiкаў з яго групы, потым астатнiх гультаёў i прагульшчыкаў. Праца майстрам у ПТВ падабалася Анатолю, але яна забiрала шмат часу. Трэба было весцi справы ў турыстычным клубе вучылiшча, якi ён узначальваў, дый пра сябе не забываць - у яго па турызме толькi КМС, а хацелася б "майстра спорту". Хутка ён атрымае кватэру, а гэта ж столькi клопатаў! Не, трэба тэрмiнова жанiцца, тады б прыйшоў з працы, жонка налiла б баршчу, пад'еў - i на трэнiроўку. Як вольны час - у паход! А жонка няхай дома верцiцца, а то i ў вёску, да бацькоў, грады палоць, сала прывезцi... Галя падыходзiць яму за жонку, з беднай сям'i, значыць, не такая разбэшчаная будзе, як багатыя. I апранацца будзе, як прывыкла: дзве-тры сукенкi, i хопiць. А астатнiя грошы сэканомяць яму на паходы, на заплечнiкi, на спартовыя касцюмы...

Анатоль уздыхнуў з палёгкай - педсавет скончыўся. Глянуў на гадзiннiк спазняецца на сустрэчу з сябрам ажно на дваццаць хвiлiн!

... Сцяпан, высокi, плячысты, з зачасанымi ўгору валасамi i маленькiмi вусiкамi, убачыў Анатоля яшчэ здалёк i памахаў яму рукою.

- Прабач! - уздыхнуў Анатоль, пацiскаючы сябру руку. - Ну, як справы? Дыпломная пiшацца? I кiм жа ты будзеш, куды паедзеш пасля?

- Згодна дыплому - эканамiстам, але паеду на хутар, да бацькi, - адказаў Сцяпан. - Там у мяне двое братоў жанатых, сястра. Будзем фермерствам займацца! Добра, давай хутчэй да аўтобуса, а то Маруся ўсе вочы праглядзела ўжо, чакаючы нас!

- Жаночая справа - чакаць! - буркнуў Анатоль, працiскаючыся ў поўны аўтобус.

- Марусю бяром у паход? - цiха папытаўся Сцяпан, ставячы набiтую цяжкую сумку долу.

- Не, яна нам не падыходзiць, - сур'ёзна адказаў Анатоль. - Статус не той, разумееш? Я вяду групу, кiраўнiк паходу, адказны за ўсiх. А яна ва ўзросце, нiколi не хадзiла ў спартовыя паходы. Мы з ёй пазнаёмiлiся ў паходзе выхаднога дня... Вось грэчкi завязём, а яна нам палатку зашые, заплечнiкi адрамантуе...

- У якiм гэта яна ўзросце? - засмяяўся Сцяпан. - Табе ж дваццаць пяць, а ёй усяго трыццаць два!

- Усяго? - раззлаваўся Анатоль. - А дзяўчатам нашым па дваццаць два гады! Рознiца ў дзесяць год, разумееш?

Сцяпан хмыкнуў i адвярнуўся да акна.

- Ты мне не хмыкай! - незадаволена кiнуў Анатоль. - Мiкола Гайда нешта пыжыцца, прэтэндуе на лiдэрства. У мiнулым паходзе ўсё нешта мармытаў сабе пад нос. I ты туды ж? Калi так справа пойдзе, я паход не павяду! Альбо я - лiдэр i камандую ўсiмi, альбо паходу не будзе, не дам нi палатак, нi заплечнiкаў, не падпiшу пуцёўку!

- Хопiць, - супакоiў яго Сцяпан, - выходзь, прыехалi!

- Ой, хлопчыкi! Анатоль, Толечка! Сцяпан! - пляснула ў далонi ўзрадаваная Маруся.

Выглядала дзяўчына вельмi прывабна: доўгi пышны халат з глыбокiм выразам, чырвоныя манiсты, чарнявыя валасы, закручаныя чырвонай стужкай у "хвосцiк", вялiкiя чорныя вочы нагадвалi цыганку. Мяккiя вусны расплылiся ва ўсмешцы:

- Толечка, я твой эдельвейс, якi ты мне з паходу прынёс, засушыла. Ён у мяне як скарб, самы вялiкi скарб!

Яна запрасiла хлопцаў садзiцца, а сама пабегла на кухню прыхапiць тое-сёе на стол. Прынесла смажаную курыцу, паставiла пляшку лiкёру i зноў жа хуценька некуды пабегла. Пачуўся гул кавамолкi, Маруся з'явiлася праз хвiлiну з падносам, на якiм стаялi тры кубачкi духмянай кавы.

- Усё, будзем частавацца! - смеючыся, выдыхнула Маруся. - Гэта я ад радасцi так замiтусiлася. Для цябе, Толечка! А ён жа, Сцяпанка, нават у кiно мяне не запросiць, нягоднiк! Пасварыся на яго, Сцяпан, добра! - засмяялася яна, ружавашчокая, з ямачкамi на шчоках, вясёлая, танюткаю рукою разлiла па келiхах чырвоны, як кроў, лiкёр...

- Ну, вып'ем за Марусю, - прапанаваў Анатоль, - Новы год не прыйшлося нам з ёю сустрэць, справы, сама разумееш... Ну, за ўсё харошае, каб у гэтым годзе табе пашанцавала замуж выйсцi!

- Дык я ж толькi за цябе збiраюся! - усмiхнулася Маруся, падносячы келiх да вуснаў.

- Мы тут да цябе па справе прыйшлi, - мармытнуў Анатоль, адкусваючы кавалак мяса з курынай ножкi. - Ты мне летась добрыя шкарпэткi ў паход звязала, але вось яны парвалiся...

- Звяжу новыя, - засмяялася Маруся. - Чула, ты летам у паход групу вядзеш па Беларусi, краязнаўчы паход...

- Ужо расказаў? Памяло! - зыркнуў вачыма на Сцяпана Анатоль. - Я ж сказаў, раз i назаўсёды: Марусi нельга ў спартовыя паходы!

- Ну чаму ж? - запярэчыла тая. - Я на турзлёты ад свайго "Менскбудпраекта" езджу! А тут паход у вас першай складанасцi, для навiчкоў! Чаму ты не хочаш мяне браць?

- Усё! - стукнуў кулаком па стале Анатоль. - Размова пра паходы скончана, Маруся, - сказаў больш лагодна, - ты ж наша выручалачка! Ты ж заўсёды дапамагаеш i цяпер, калi ласка, дапамажы...

Ён падняўся з-за стала, выняў з сумкi палатку i два заплечнiкi, умольна глянуў у вочы Марусi i прашаптаў:

- Калi ласка...

- Добра, - уздыхнула Маруся, - зашыю...

I Анатоль узрадавана пачаў выкладваць Марусi пачастункi: грэчку, кнiгi, якiя купляў ёй у час вандровак...

Сцяпан моўчкi пазiраў на абаiх, адной рукою абапёршыся на поручань канапы, другую - паклаў на спiнку.

- Ты што, можа, яшчэ i бялiзну яму мыеш? - папытаўся ў Марусi.

- I мыю, i грошы яго захоўваю, - уздыхнула Маруся, - а ён прыбяжыць на хвiлiну, кiне мне свой поўны заплечнiк: "Зашый-памый" i зноў у свой iнтэрнат, быццам яму там мёдам намазана.

- А чаму б вам не пажанiцца? - засмяяўся Сцяпан.

- Я лепшую гаспадыню, чым Маруся, не знайду, - прамармытаў Анатоль. - Але ёсць адна прычана, па якой я не магу з ёй ажанiцца. Яна гэта ведае...

Анатоль падняўся, чмокнуў Марусю ў шчаку.

- Ну што, Сцяпан, паедзем? - уздыхнуў ён. - Справы, Маруся, прабач... Дзякую за ўсё! Трэба ж яшчэ на трэнiроўку паспець. Да Мiколы заехаць...

- Добра, - усмiхнулася Маруся, - бывай! Калi заглянеш?

Анатоль пацiснуў плячыма.

- Ну й мудак ты! - кiнуў Сцяпан, калi яны выйшлi ад Марусi. - Такая дзяўчына, а ты яшчэ носам круцiш!

- Рознiца ва ўзросце, разумееш? - заклапочана закiваў галавою Анатоль. На цэлых сем год...

- Ды якая там рознiца? У цябе вунь залысiны на галаве, а яна як кветачка!

- А табе што, спадабалася? - устрывожыўся Анатоль. - Ты глядзi ў мяне! Маруся - мая сяброўка! А наконт залысiн - глупства, жанчына ўсё роўна хутчэй старэе... Дый у сексуальным плане будуць праблемы, калi жонка старэйшая... Да таго ж яна ўжо не дзяўчына, а я хачу менавiта дзяўчыну. Здраджваць не будзе, разумееш? Яна акрамя мяне не будзе нiкога ведаць i будзе лiчыць, што лепш нi з кiм не будзе...

- Значыць, ты ўсё ж - сексуальна заклапочаны, - усмiхнуўся Сцяпан. Ведаеш, мне нiколi ў галаву не прыходзiлi такiя глупствы!

- Радзiць у такiм узросце цяжка... - працягнуў Анатоль.

- Табе радзiць? Чаго ты панiкуеш? - раззлаваўся Сцяпан. - Ну, жанiся тады на маладой дурнiцы, на Гальцы сваёй iнфантыльнай! Вось яна табе падыходзiць якраз як карове сядло!

II

Белыя фiранкi за зялёнымi шторамi. Пятае акно на чацвёртым паверсе. Пацямнелае ад мокрага снегу дрэва, за якiм схавалася Аленка. З трывогаю i асалодаю глядзiць на Мiколава акно дзяўчына. Там гарыць святло. Аленка ведае, што сёння ў Мiколы сабралiся хлопцы, каб абмеркаваць летнi паход. Пабегла разам з Анатолем яе сяброўка Галя - вастраносая, тоненькая, падобная на мышку, крыху закамплексаваная, сарамлiвая вясковая дзяўчына. Анатоль забег сёння па Галю, пачаставаў Аленку цукеркамi, а яна ўсё завiвала на плойку валасы, але тыя ўпарта клалiся роўнымi пасмамi на плечы, на белую кофтачку з карункавым каўнерыкам. Дзяўчына апранула сваю старую карычневую спаднiцу, высокiя боцiкi з амаль сцёртымi абцасамi i вырашыла пайсцi да Мiколы сама. Яна спадзявалася, што ў такiм убраннi спадабаецца яму.

... Неяк летам Аленка сустрэла Мiколу на вулiцу. Яна была апранута ў паркалёвую выцвiлую сукенку. У яе не было грошай на новую... Мiкола ветлiва прывiтаўся з дзяўчынай, але побач iсцi пасаромеўся. З таго часу Аленка эканомiла грошы, каб набыць нешта моднае, i вось купiла гэтую кофтачку...

Мокры снег бязлiтасна мачыў бялявы, перафарбаваны чубчык Аленкi. Нарэшце, набраўшыся смеласцi, яна пераступiла парог iнтэрната, здала вахцёру дакументы i паднялася на чацвёрты паверх.

...Такая родная, знаёмая лiчба: 405! Сэрца закалацiлася - вось-вось вырвецца з грудзей! Дрыготкiмi пальчыкамi пастукала ў дзверы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 45
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке) - Лидия Адамович бесплатно.
Похожие на Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке) - Лидия Адамович книги

Оставить комментарий