Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Кава таксама не будзе патрэбна; гэта не тая асоба, чыю прытоеную ўсмешку я чула ў кожным кроку: той старэйшы; а гэтаму прынясi гарбаты, Гупэрц, - свежай, моцнай, але без цукру; гарбаты майму сыну Роберту, непахiснаму, выпрастанаму, якi заўсёды жыў таямнiцамi, i цяпер у ягоных грудзях жыве таямнiца; яны бiлi яго, панявечылi яму ўсю спiну, але ён не паддаўся, не выдаў сваёй таямнiцы, не выдаў Георга, майго стрыечнага брата, якi прыгатаваў яму чорны порах у "Аптэцы пад Гунамi"; павiснуўшы памiж дзвюма драбiнамi, ён спускаецца цяпер сюды, з перакладзiны на перакладзiну; лунае ў паветры, распасцёршы рукi, нiбы Iкар; спускаецца да ўвахода; ён не ўпадзе ў равок з кампостам, не разаб'ецца аб гранiт. Гарбаты, дарагi Гупэрц, - свежай i моцнай, з малаком, але без цукру; i цыгарэт, калi ласка, для майго архангела: ён прыносiць мне змрочныя весткi, якiя пахнуць крывёю, бунтам i помстаю: яны забiлi таго светлавалосага хлопца; ён бегаў сто метраў за 10,9; колькi разоў я яго бачыла, ён усё смяяўся; а бачыла я яго толькi тры разы; сваiмi зграбнымi рукамi ён направiў маленькi замочак у шкатулцы, у якой я захоўвала бiжутэрыю, чаго за сорак год не здолеў зрабiць нiводзiн майстар-слесар; ён адно дакрануўся да замочка - i ўсё было ў парадку; ён не быў архангел, а ўсяго толькi анёлак; хлопца звалi Фэрдзi, у яго былi светлыя валасы; неразумны, ён думаў, што можна, узброiўшыся адно хлопаўкаю, выходзiць на iх - тых, што пакаштавалi бычынага прычасця; ён не пiў нi гарбаты, нi вiна, нi пiва, нi кавы, каньяку, а проста падстаўляў рот пад струмень вады з крана i смяяўся; каб быў жывы, ён бы здабыў мне стрэльбу; альбо той, другi, цёмнавалосы анёлак, якому было забаронена смяяцца, брат Эдыт; яны звалi яго Шрэла, i ён быў з тых, каго нiколi не называюць па iмю, Фэрдзi б зрабiў гэта... ён бы заплацiў за мяне выкуп i выцягнуў бы мяне можа, з дапамогаю стрэльбы - з гэтага замка, у якiм я жыву нiбы заклятая; а так вось гэтае закляцце застаецца на мне; толькi па агромнiстых драбiнах можна выбрацца на свет Божы; вось мой сын спускаецца да мяне.
- Добры дзень, Роберт, ты ж вып'еш гарбаты? Hе сцiнайся, калi я цалую цябе ў шчаку; ты выглядаеш на саракагадовага мужчыну; сiвiзна на скронях, вузкiя нагавiцы i нябесна-блакiтная безрукаўка; цi не залiшне ўсё гэта кiдаецца ў вочы? Мажлiва, гэта i добра - хавацца пад маскаю пана сярэдняга веку; ты цяпер падобны да вялiкага начальнiка; усiм хацелася б пачуць, як ён кашляе, ды ён мае ў сабе занадта шмат вытанчанасцi, каб дазволiць сабе кашляць пры людзях; даруй мне за мой смех; якiя спрытныя цяпер цырульнiкi; твая сiвiзна нiбы сапраўдная, а гэтыя сляды на падбародку - зусiм як у чалавека, якi павiнен быў бы галiцца два разы на дзень, але робiць гэта толькi адзiн раз; спрытна зроблена; толькi чырвоны шнар застаўся такi самы, як i быў; па iм яны цябе, вядома, пазнаюць; цi няма i тут якога-кольвечы сродка?
Hе, табе не трэба палохацца: яны да мяне не дакраналiся; бiзун застаўся вiсець на сцяне; яны толькi спыталiся:
- Калi Вы бачылi яго апошнi раз?
I я сказала iм праўду:
- Ураннi, калi ён пайшоў на трамвайны прыпынак, каб ехаць у школу.
- Але ж у школу ён так i не прыйшоў?
Я маўчала.
- Цi не спрабаваў ён наладзiць з Вамi сувязь?
I я зноў сказала праўду:
- Hе, не спрабаваў.
Ты пакiнуў зашмат слядоў, Роберт; нейкая жанчына з тых баракаў, што каля кар'ера, прынесла мне кнiжку, падпiсаную тваiм прозвiшчам, i з адрасам: то быў Авiдзiй у шэра-зялёнай кардоннай вокладцы, запэцканай курыным памётам; за пяць кiламетраў адтуль знайшлi тваю хрэстаматыю, у якой не было аднаго лiста; яе прынесла мне касiрка з кiнатэатра; яна прыйшла ў бюро, назвалася клiенткай, i Ёзэф прывёў яе да мяне наверх.
Праз тыдзень яны зноў пыталiся ў мяне: "Цi быў у Вас з iм кантакт?", i я адказала: "Hе было". Пазней паявiўся яшчэ адзiн, Нэтлiнгер, якi шмат разоў карыстаўся маёй гасцiннасцю; ён сказаў: "Дзеля Вашага ж iнтарэсу скажыце праўду". Але ж я iм i казала праўду, ды цяпер ведала, што ты ўмыкнуў з iх рук.
Некалькi месяцаў нiчога новага, а потым прыйшла Эдыт i сказала:
- Я чакаю дзiця.
Я спужалася, калi яна прамовiла:
- Госпад блаславiў мяне.
Яе голас наганяў на мяне страх; даруй, але я нiколi не любiла сектантаў; дзяўчына была цяжарная i засталася зусiм адна: бацька арыштаваны, родны брат знiк, цябе не было - яны два тыднi пратрымалi яе ў вязнiцы i рабiлi допыты; яны не кранулi яе; як проста было паразганяць тых некалькiх авечак; толькi адна авечка засталася - Эдыт; я забрала яе да сябе. Дзецi, вашую неразумнасць, вядома, упадабаў пан бог, але, прынамсi, Вакеру вы павiнны былi забiць; баранi нас божа ад пакутнiкаў, якiя засталiся жыць; настаўнiк гiмнастыкi - палiцай-прэзiдэнт: гойсае на сваiм белым канi па горадзе i асабiста кiруе аблавамi на жабракоў; чаму хоць бы яго вы не забiлi, але чым - порахам у кардонным карабку? Хлопаўкамi нiкога не заб'еш, хлопча; вам трэба было спытацца пра гэта ў мяне: смерць зроблена з металу гiльза з медзi, свiнец, жалеза; смерць нясуць асколкi металу - яны свiшчуць i выюць, уначы спадаюць дажджом на дах, з грукатам б'юцца аб альтанку, лётаюць у паветры, нiбы дзiкiя птахi: "Дзiкiя гусi шумяць уначы"; яны кiдаюцца на авечак; Эдыт памерла; я перад тым дамаглася, каб яе абвясцiлi вар'яткай: тры медыцынскiя аўтарытэты напiсалi заключэнне сваiмi па-арыстакрацку нечытэльнымi почыркамi на белых лiстах са штампамi, што выклiкаюць павагу - гэта ўратавала яе, Эдыт. Даруй, што я смяюся; гэткая во авечка: у семнаццаць год нарадзiла першае дзiця, у дзевятнаццаць - другое, прытым заўсёды ад яе можна было пачуць словы накшталт: "Пан Бог зрабiў тое", "Пан Бог даў", "Пан Бог узяў", "Пан Бог...", "Пан Бог..." Яна не ведала, што пан Бог - наш брат: з братамi ты можаш смяяцца сабе колькi хочаш, з панамi не заўсёды; я не ведала, што дзiкiя гусi рвуць авечак, думаючы, што яны мiралюбныя траваежныя птушкi; Эдыт ляжала тут, i здавалася, што ажыў наш родавы герб - авечка, з грудзей у якой пырскае струмень крывi; але вакол яе не стаялi нi пакутнiкi, нi кардыналы, нi пустэльнiкi, нi рыцары, нi святыя, каб малiцца на яе; там стаяла я адна. Яна памерла; хлопча, паспрабуй усмiхнуцца; я спрабавала, ды ў мяне гэта не атрымлiвалася: асаблiва з Генрыхам; ён забаўляўся з табою, чапляў табе шаблю, насоўваў на галаву шалом, рабiў з цябе "француза", ды "руса", ды "iнглiшмэна"; гэты цiхманы хлопчык; i ён спяваў: "Мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн"; а калi ён памiраў, ён шапнуў мне той жахлiвы пароль, iмя свяшчэннага буйвала"Гiндэнбург". Ён хацеў вывучыць верш на памяць, быў такi ветлiвы i паслухмяны, а я парвала цыдулку з вершам на дробныя шматкi, выкiнула iх, i яны пасыпалiся, нiбы камякi снегу, на Модэстгасэ.
Пi, Роберт, гарбата стыне; вось цыгарэты; падыдзi сюды блiжэй: я мушу гаварыць зусiм цiха; нiхто не павiнен нас чуць, а перадусiм не павiнен нас чуць твой бацька; ён - дзiця, не ведае, колькi лiха ў гэтым свеце, як мала ў iм ёсць чыстых сэрцаў; а ён мае такое; цiха, нельга заплямiць гэткае чыстае сэрца; паслухай, ты можаш мяне вызвалiць: "мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн", i ты павiнен здабыць яго мне; з тэрасы, што на даху, я б магла яго ладна падстрэлiць; у нашай альтанцы трыста пяцьдзесят дзiрак; калi ён будзе наблiжацца на сваiм белым канi, заверне за рог вулiцы каля гатэля "Прынц Генрых", у мяне будзе досыць часу, каб добра пацэлiць; трэба глыбока ўдыхнуць паветра - я чытала пра гэта, - нацэлiцца i нацiснуць у патрэбны момант на курок; я выпрабавала гэта з Брунавым кiйком: калi ён заверне за рог, у мяне будзе дзве з паловай хвiлiны часу, але цi ўдасца мне таксама падстрэлiць i таго другога - я не ведаю; будзе сумятня, калi ён звалiцца з каня, i я не здолею другi раз спакойна ўдыхнуць паветра, навесцi i нацiснуць своечасова на курок; мне трэба толькi вырашыць, па кiм страляць: па настаўнiку гiмнастыкi цi па тым Нэтлiнгеры; ён еў мой хлеб, пiў маю гарбату, i бацька заўсёды называў яго "жвавым хлопцам". Паглядзi, якi жвавы гэты хлопец: iрваў авечак, лупцаваў цябе i Шрэлу бiзуном з калючага дроту; Фэрдзi заплацiў занадта дорага за гэты сцiплы вынiк - апёкi на назе настаўнiка гiмнастыкi, разбiтае люстэрка ў пярэднiм пакоi; не порах з кардонным карабком патрэбны, а порах з металам...
Выпi нарэшце сваю гарбату, хлопча; цi яна табе не смачная? Што, тытунь у цыгарэтах перасох? Выбачай, але я нiколi не разбiралася ў гэтых рэчах; ты добра выглядаеш, табе да твару знешнасць саракагадовага мужчыны з сiвымi скронямi, можна падумаць, што ты нарадзiўся натарыусам; мяне разбiрае смех, калi я сабе ўяўляю, што ты напраўду калi-небудзь будзеш гэтак выглядаць; якiя ўсё ж спрытныя цяпер цырульнiкi!
Hе будзь такi сур'ёзны: усё мiнецца, мы зноў пачнем ездзiць за горад, у Кiслiнген: бабуля i дзед, дзецi, унукi, увесь наш род; твой сын будзе спрабаваць лавiць рукамi стронгу; мы будзем есцi цудоўны манаскi хлеб, пiць iхняе вiно, слухаць вячэрняе набажэнства: "Rorate coeli decuper et nubes plurant justum"*; урачыстую перадкалядную службу; у гарах выпадзе снег, замерзнуць ручаi - выберы сабе пару года, хлопча, - каляды будуць найбольш даспадобы Эдыт; яна пахне калядамi: дзяўчына яшчэ не зразумела, што Госпад прыйшоў да нас як брат; манаскi спеў узрадуе яе адвентысцкае сэрца; i таксама ўзрадуе яе цёмны касцёл, пабудаваны калiсьцi тваiм бацькам; абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i ГёрлiнгерШтуль.
- Вокзал в Цимпрене - Генрих Бёлль - Проза
- Камiзэлька (на белорусском языке) - Болеслав Прус - Проза
- Нямкi (на белорусском языке) - Альбер Камю - Проза
- Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) - Франсуа Мориак - Проза
- Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк - Проза
- Панi Парыс (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Вечар (на белорусском языке) - Мопассан Де - Проза
- Герастрат (на белорусском языке) - Жан Сартр - Проза
- Оторванный от жизни - Клиффорд Уиттинггем Бирс - Проза
- Кролик успокоился - Джон Апдайк - Проза