Рейтинговые книги
Читем онлайн Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 69

Калi планету Зямля пачалi наведваць экспедыцыi астранаўтаў з Далёкага Космасу, Старая Цывiлiзацыя вельмi хутка навучылася капiраваць iхнiя лятальныя апараты. Неўзабаве ў небе лёталi шматлiкiя "талеркi", "сподачкi", "верацёны", "дырыжаблi". Iх было як камароў у цёплы вечар. Касмiчныя прышэльцы збiлiся з панталыку, адшукваючы свае экiпажы мiж гусцейшага рою копiй. Зразумеўшы нарэшце, у чым справа, яны, гордыя сыны нябёсаў, пайшлi на паклон да СЦ, заключылi з ёй пагадненне. З цягам часу прышэльцы i плазмоiды настолькi пераплялiся мiж сабой, настолькi зблiзiлiся, што СЦ пачала лiчыць сваёй прарадзiмай планету Вар i пры дапамозе прышэльцаў, выкарыстоўваючы iхнiя касмiчныя караблi, стварыла там калонiю. Тады ж сiмвалам, своеасаблiвым гербам Старой Цывiлiзацыi зрабiўся пучок лiшайнiку на круглай каменнай плiце. Справа ў тым, што лiшайнiк з'яўляецца не чым iншым, як саюзам, сiмбiёзам грыба i водарасцi. Злiўшыся ў адно цэлае, яны ўжо не могуць iснаваць паасобку, бо адразу ж загiнуць. Так аб'ядналiся дзецi зямной i касмiчнай плазмы, так зрабiлiся яны амаль тытанамi, амаль багамi, i не было, здавалася, такой сiлы, якая б магла хоць злёгку хiстануць iхнi цяжкi, iхнi залаты i срэбны трон. Але выплыла з вады рыба, але спусцiлася з дрэва малпа, але iскрынка iнтэлекту ўспыхнула ў касматай галаве пiтэкантрапа, i валодаць планетай, а затым i космасам прыйшоў Чалавек Разумны. СЦ зразумела, што ў яе з'явiўся наймагутнейшы канкурэнт.

Вось аб чым, калi гаварыць у агульных рысах, даведалiся Радаслаў i Карл за нейкiя паўгадзiны ад Розуму Народа Ўсiх Сямi Колераў. Вядома, стрэсаператарам хацелася як найхутчэй вызначыць свой статус i сваю мiсiю. Хто яны? Ваеннапалонныя цi госцi? Чаго запатрабуе ад iх, звычайных радавых людзей, СЦ? Але iм далi зразумець, што галоўная размова адбудзецца заўтра. I адразу ж да iх вярнулася мова. Гакенхольц адразу ж заклекатаў, як вулкан Ключаўская Сопка.

- Вось i патрапiлi мы ў твой Менск, - сярдзiта накiнуўся ён на Радаслава. - А ты ж так залiваўся: ах, паляцiм хутчэй, ах, я пакажу табе, Карл, праспект Крывiчоў, вулiцу Льва Сапегi. Глядзi ж. Глядзi зараз на гэтых круглых i прамянiстых.

- I гляджу. Прытым з найвялiкшай цiкавасцю, - цвёрда сустрэў выбух Буслейка. - Думаю, што i табе гэта дужа карысна. Чаго ты крывiшся на мяне, як на мокрую шапку? Яшчэ будзеш унукам сваiм хвалiцца, як Радаслаў Буслейка цябе з плазмоiдамi пазнаёмiў.

- Хочаш, каб фiгу табе пад нос падсунуў? - аж пачарнеў ад гневу Карл. Трэба зазначыць, што людзi Эпохi Вялiкага Плюралiзму, слухаючы парады ўрачоў i падпарадкоўваючыся багатаму жыццёваму вопыту, часам давалi выйсце адмоўным эмоцыям, спускалi, як кажуць, лiшнюю пару.

- Не сярдуй, стары, - мiралюбна, нiбы хлапчука, паляпаў яго далонню па шчацэ Радаслаў.

- З табой звiхнешся, - зноў пачаў заводзiцца Гакенхольц, але ў гэты час Радаслаў схапiўся абедзьвюма рукамi за свой лоб ды так i застыў з прасветлена-засяроджаным тварам. Карл адразу ж прыцiх, бо зразумеў - да сябра "прыйшла мазгаграма". ("Што здарылася, Адзiны?" - усхвалявана загучаў у самай глыбiнi душы i мозга цёплы голас Радаслававай жонкi Нiны. "Усё ў норме, Нiнка-трысцiнка. Як ты?" - "I ўсё-ткi, што з табой здарылася?" "Знаходжуся з Карлам, я пра яго расказваў, у СЦ". - "У СЦ? Якi жах!" - "Не хвалюйся. Са мной усё добра". - "Беражы сябе, Адзiны! Беражы для мяне i для нашага сына, якi народзiцца праз чатыры месяцы i шэсць дзён". - "Дзякуй, Адзiная. Дзякуй".)

Радаслаў знясiлена апусцiў рукi, зiрнуў на Карла. Твар быў, як белы рачны пясок.

- Жонка? - спытаў Карл.

- Так. Нiнка-трысцiнка.

Нейкая хвiлiна, за якую ён прыняў мазгаграму i даў адказ на яе, каштавала вялiкай нервовай энергii. Ён адчуваў, як кружыцца галава.

У гэтым месцы патрабуецца тлумачэнне. Справа ў тым, што чалавецтва, няспынна шлiфуючы свой iнтэлект, вышукваючы глыбiнныя рэзервовыя сiлы арганiзма, навучылася намаганнем сiлы волi i любовi пасылаць на неабмежаваныя адлегласцi думкi - ад чалавека да чалавека, з мозгу ў мозг. Для такiх мазгаграм не патрэбны былi нi гукавыя або светлавыя хвалi, нi якiя-небудзь хiтрыя тэхнiчныя выкрунтасы. Ад людзей патрабавалася толькi адно - каханне. Збалелая i ўсхваляваная душа выпраменьвала энергiю, якая, нiбы ўспышка маланкi, ляцела праз сотнi кiламетраў, беспамылкова знаходзячы адрасат. Дзецi маглi прыняць мазгаграму ад мацi, але самi былi няздольны паслаць яе, бо няспелую i нямоцную мелi душу. Дарослыя таксама валодалi такiм дарам не ўсе. Ды некаторыя дужа i не бедавалi - калi што якое, званiлi на тэлеграф. I ў Вялiкую Эру Плюралiзму ў людзей, як i заўсёды, былi розныя, вельмi непадобныя душы.

Буслейка, усё яшчэ знаходзячыся пад салодкiм гiпнозам размовы з жонкай, сядзеў з прасветленым тварам, аж пакуль яго не тармаснуў за плячо Гакенхольц.

- Пойдзем. Усе плазмоiды ўжо знiклi. Застаўся адзiн, маленькi, i ён павядзе нас некуды на начлег.

- А хiба плазмоiды спяць?

- Гэтага я, як i ты, не ведаю. Але спаць трэба нам.

Яны выйшлi з ужо абсалютна пустой залы, пабрылi па нейкiх дужа вузкiх цёмных лабiрынтах. Маленькi шарык плыў наперадзе.

- Мяркуючы па ягоных памерах, гэта васьмi - дзесяцiгадовы хлапчук, сказаў Радаслаў. - Цiкава, як у плазмоiдаў устроены галаўны мозг? Ну, можа быць, i не галаўны, i не мозг, а той орган, якiм яны думаюць?

- Мозг мозгам, а мяне асабiста болын хвалюе, чым яны харчуюцца i як пераварваюць сваю ежу, - азваўся з цемры Карл.

- Не бойся. Пэўна ж не мясам, не каўбасой, а той жа электрычнасцю, плазмай. Падключыцца вось такi шарык да якой-небудзь энергаўстаноўкi, смактане пяць-шэсць ват i задаволены, i танцуе, - i паплыў шукаць сабе электрадзевачку.

- Яны бясполыя.

- У такiм разе, я iм не зайздрошчу. Сумна жывуць.

- Можа, сумна, а можа, i не, - па-фiласофску ўздыхнуў Гакенхольц. Гэта мы, найвялiкшыя з найвялiкшых эгаiстаў i сябелюбцаў, прывыклi ганарлiва лiчыць, што чалавек - пуп усяго, мера ўсiх мераў, вяршыня ўсiх вяршынь, зроблены па вобразу i падабенству божаму, што мы павiнны ўладарыць на Зямлi i ў Космасе. А чым, напрыклад, ластаўка горшая за нас? У ёй што - няма божай часцiнкi, божай iскры?

- Згодзен з табой.

Так iшлi яны, цiха перагаворваючыся, па таямнiчых лабiрынтах, i плыў наперадзе яркi шарык, i яны не ведалi, што чакае iх у кожную наступную хвiлiну.

Нарэшце дабралiся да месца начлегу. Радаслаў, агледзеўшыся па баках, здзiўлена ўсклiкнуў:

- Паслухай, дык гэта ж самая што нi ёсць сапраўдная манаская келля! Не хапае толькi распяцця на сцяне.

- Вельмi падобна, - сеў на каменны куб, якi замяняў крэсла, Карл. - I сцены такiя ж, i столь, i вузенькае акенца... Цi гэта пакiнуты i забыты людзьмi падземны манастыр, цi СЦ зрабiла дужа ўдалую копiю, мяркуючы, што iдэал, вянец чалавечага жытла - суровая манаская келля. Калi так, то СЦ даволi аскетычная асоба i я з ёй не сябрую.

На каменным стале гарэла вiтая свечка, ляжаў на белым абрусе хлеб, пасыпаны соллю, стаяў цёмна-чырвоны збан з нейкiм пiтвом.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 69
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко бесплатно.

Оставить комментарий