Рейтинговые книги
Читем онлайн Гадзiна памяцi (на белорусском языке) - Уэйд Миллер

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5

У кабiнет зайшла рэгiстратарка.

- Доктар, мiсiс Грыер адмовiлася ад прыёму, назначанага на чатыры гадзiны. Да яе нечакана з'явiлiся нейкiя госцi. Спадзяецца, што вы не будзеце супраць.

- Не, гэта мне выдатна падыходзiць, - адказаў я. - Ад апошняга пацыента ў мяне страшэнна разбалелася галава.

- Я прынясу вам аспiрыну, - сказала яна, адразу ж выказаўшы клопат. Я часта задумваўся над тым, чым кiравалася Лiнда, калi вырашыла працаваць у псiхiятра; яна ж такая прастадушная асоба. Прыгожанькая брунетка, яе пыхаючая здароўем жаноцкасць i жывёльная жыццяздольнасць часта ўражвалi мяне сваёй недарэчнасцю сярод неўрозаў i псiхозаў, якiмi я займаўся ў сваёй практыцы, нiбыта яна весела пырхала сярод мёртвых. Тым не менш яна была даволi кемлiвая i ведала справу i, хоць не мела спецыяльнага дыплома, выконвала многiя абавязкi медыцынскай сястры. - Мiж iншым, доктар, я падумала, што, раз сёння ў нас не будзе больш пацыентаў, цi нельга было б мне пайсцi крыху раней. Сёння юбiлей нашага вяселля, i таму мы з Эдзi планавалi павячэраць дзе-небудзь у горадзе i, можа, схадзiць на якi-небудзь канцэрт.

- Юбiлей? Няўжо прайшоў цэлы год?

- Не, толькi шэсць месяцаў, - захiхiкала Лiнда. - Можа, вам гэта здаецца глупствам - але мы па-ранейшаму страшэнна шчаслiвыя, што пажанiлiся.

- Не апраўдвайцеся за сваё шчасце, - сказаў я. - Шчаслiвых людзей так мала.

Я даволi часта думаў пра Джэкi, хоць зусiм не быў упэўнены, што калi-небудзь зноў яго ўбачу. Аднак ён з'явiўся ў чацвер у вызначаны час. Гэты раз ён быў пануры i не такi гаваркi, абмежаваўся прызнаннем, што па-ранейшаму краў "рэчы".

Ахоплены дэпрэсiяй, ён альбо забыўся пра свой жыццяпiс, альбо адмовiўся ад яго, бо тыя лiчаныя факты мiнулага, якiя ён паведамiў гэты раз, вельмi адрознiвалiся ад ранейшых, але здавалiся больш верагоднымi. Сапраўдным залатым самародкам, што мне ўдалося адсеяць, быў той факт, што Джэкi нейкi даволi непрацяглы час вучыўся ў тым самым унiверсiтэце, што i я, але я не змог выкарыстаць гэту агульную для нас падзею ў жыццi, каб знiтаваць цiкавiўшую мяне сувязь.

Джэкi кiнуў вучобу, бо яму зрабiлася сумна, да таго ж ён пачаў мармытаць нешта пра дзяўчат, што вучылiся разам з iм, але я не адразу зразумеў, пра што iдзе гаворка, а ён больш не вяртаўся да гэтай тэмы. Ён нешта гаварыў пра "швэдары i голыя ножкi", i я падумаў, што ўся праблема круцiцца вакол сексу, але ён не адрэагаваў i на гэтыя пытаннi. Не захацеў ён гаварыць i пра тыя сем гадоў жыцця пасля каледжа, прабурчаўшы, - навошта гаварыць пра гэта. Усё ў мiнулым. Альбо аднекваўся, ужываючы сваю любiмую форму адмаўляцца ад размовы: "Гэта не важна!" Ад кансультацыi ў мяне засталося тайнае пачуццё безнадзейнасцi, часткова ад таго, што на мяне перакiнуўся яго пануры настрой, але больш ад адчування, што справа зайшла ў тупiк.

Але на наступным тыднi Джэкi здзiвiў мяне, прынёсшы ў пакеце рэчы, якiя ён украў. Гэта перакрэслiла маю першую версiю наконт галоўнай прычыны яго хваробы. Гэтымi "рэчамi" аказалiся станiкi - большасць з iх фасонныя - з карункамi або яркiх колераў - i ён мiжволi падрабязна расказаў, калi i дзе ўзяў iх. Частка прынесенай бялiзны была знята з вяровак у розных канцах горада, але многiя рэчы былi новыя, нават з крамнымi цэтлiкамi.

- Чаму вы расказваеце мне аб гэтым сёння i адмаўлялiся зрабiць гэта раней? - спытаў я.

- Таму што я завязаў, - радасна адказаў Джэкi, усхвалявана ходзячы па пакоi i адмаўляючыся сесцi ў крэсла для пацыентаў. - Я не збiраюся больш iх красцi. Проста трэба паставiць перад сабой задачу праяўляць стрыманасць.

- Вы калi-небудзь задумвалiся над тым - нягледзячы на гэта адхiленне з крадзяжом, якое само па сабе не з'яўляецца значным, - што вы знаходзiцеся пад занадта моцным кантролем? Што, можа, вы хаваеце ад самога сябе штосьцi сапраўды важнае?

Ён павярнуўся ў мой бок з пакрыўджаным тварам.

- Вы не лiчыце, што я вылечуся?

- Вы можаце вылечыцца. Але гэта рэдка так лёгка здараецца, Джэкi.

- Вось убачыце, - паабяцаў ён сур'ёзна, нiбыта пяцiгадовы хлапчук. - Я прынёс гэта шмаццё з сабой, каб вы яго маглi аддаць тым, у каго я яго ўзяў.

Я згадзiўся, ведаючы, аднак, што гэту задачу здзейснiць немагчыма. Калi паспрабаваць вярнуць усю крадзеную бялiзну законным уладальнiкам, узнiкнуць пытаннi, на якiя я не змагу адказаць. Таму я проста ўцiснуў пакет у нiжнюю шуфляду шафы для дакумантаў, якая стаяла ў прыёмнай перад маiм кабiнетам, мяркуючы пазбавiцца ад яго ў больш зручны час.

Аднак Лiнда знайшла здабычу Джэкi раней, чым я ўзгадаў аб сваiм намеры. Калi аднойчы ранiцай я заходзiў у свой кабiнет, яна стаяла ў прыёмнай, заглядаючы здзiўлена ў пакет.

- Доктар, што, напрамiлы Бог, гэта за рэчы?

Я растлумачыў, паведамiўшы тое-сёе пра пацыента, але, зразумела, не называючы яго iмя. Яна засмяялася.

- Ну, цi не бязглуздзiца гэта? Красцi такое!

- Для вас, можа, i так, - сказаў я крыху раздражнёна. - Але магу вас запэўнiць, што ў яго гэта сур'ёзна i тут не да жартаў. Недзе ў iм, як у асобе, утварылася глыбокая i жахлiвая расколiна.

Джэкi нiколi больш не ўзгадваў пра станiкi, i, як я мог меркаваць, крадзяжы спынiлiся. Ён з гонарам гаварыў аб вынiках вынайдзенага iм самакантролю, але мне здавалася, што яго проста зацiкавiлi iншыя, больш злавесныя сферы. Хоць Джэкi па-ранейшаму адмаўляўся запоўнiць iнфармацыяй белую пляму ў яго жыццi працягласцю ў сем год, ён нечакана пачаў даволi шматслоўна расказваць пра жанчын, якiх ён ведае цi калiсьцi ведаў. Усе яны, паводле яго слоў, лезлi са скуры, каб звярнуць на сябе яго ўвагу.

Нарэшце, калi яго гiсторыi пачалi рабiцца яшчэ больш шматслоўнымi, а раманы - паўтарацца, я выказаў думку, што ён, вiдаць, захапiўся фантазiямi.

Джэкi ад душы рассмяяўся.

- Я ж вам казаў, што вы мне зайздросцiце. Толькi таму, што я атрымаў усё, што можна ўзяць ад жыцця. Вось, мяркуецца, што вы павiнны мяне лячыць, а вы нават не заўважаеце, наколькi сумны вы чалавек.

- Вы можаце не паверыць, - сказаў я спакойна, - але калiсьцi я таксама быў малады.

- Магу паспрачацца, што не зусiм так. Гатоў бiцца аб заклад, што вы заўсёды сядзелi, уткнуўшы нос у якую-небудзь кнiгу. Я не такi. Вось яшчэ да таго, як скончыў каледж... - I зноў пачалося апiсанне са смакам эратычнай i, вiдаць, прыдуманай прыгоды. З другога боку, можна было пагадзiцца з думкай, што Джэкi казаў праўду, бо быў ён i прыгожы, i дастаткова напорысты. Мяне заўсёды тачыла сумненне, калi я спрабаваў вызначыць, хто такi быў сапраўдны Джэкi.

Сярод патоку амурных успамiнаў нярэдка здаралiся моманты, калi ўдавалася даведацца, чым займаецца Джэкi цяпер. Мне стала вядома, што ён купiў бiнокль i бавiў шмат часу ў вялiкiм парку побач з маiм кабiнетам. Ён сачыў за людзьмi цi, як ён сказаў, "вывучаў iх".

- Нiчога дрэннага тут няма, - сказаў Джэкi, калi я спытаўся ў яго пра гэта. - Я раблюся больш адкрытым. Мушу жыць на свеце з такiмi ж чалавечымi стварэннямi, як сам, i таму павiнен пазнаёмiцца з iмi. - Ён раптам крыва ўсмiхнуўся. - Пазаўчора я назiраў за вашай Лiндай, калi яна сядзела на траве з папяровым пакетам i палуднавала. Думаю, што яна спецыяльна выставiла ногi, каб яны загарэлi. Вас, вiдаць, падбадзёрвае прысутнасць у кабiнеце на працягу цэлага дня стварэння з такой вось фiгуркай?

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 2 3 4 5
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гадзiна памяцi (на белорусском языке) - Уэйд Миллер бесплатно.
Похожие на Гадзiна памяцi (на белорусском языке) - Уэйд Миллер книги

Оставить комментарий