Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Iсцi да такога месца адна асалода! - падтрымала Аленка. - Анатоль праўду кажа: раней паломнiкi да святых месцаў пешшу хадзiлi.
...З левага боку вiднеўся на ўзгорку зялёны лес. Жоўтае поле пшанiцы звiнела налiтымi каласамi. Босыя ногi падарожнiкаў ступалi ў гарачы пясок, як у муку, пакiдаючы глыбокiя сляды. Па дарозе амаль не было транспарту.
- Некалi землi гэтыя належалi праваслаўнаму вяльможу, падскарбiю Аляксандру Солтану. Было гэта ў 1470 годзе, пры Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, пачаў аповяд Антось. - Пастухi пасвiлi статак i ўбачылi яркае святло, якое лiлося праз галiны дзiкай грушы, пад якою працякаў ручай. Падышлi i ўбачылi на дрэве iкону. Невялiчкую, з далоньку, iкону Божай Мацi. Прынеслi Солтану, але ён схаваў яе ў скрыню, а калi прыйшлi да яго госцi, то хацеў пахвалiцца, палез - а яе там няма! Праз нейкi час пастухi знайшлi iкону на той самай грушы. Тады Солтан пабудаваў храм у гонар з'яўлення цудатворнай iконы. Ля храма з'явiлася вёска Жыровiчы. Землi тут былi добрыя, "тлустыя", казалi. Каля дзесяцi гадоў знаходзiлася iкона ў храме, але ўзнiк пажар, i драўляны храм згарэў. Нiхто на папялiшчы не знайшоў iконы. Прайшоў час, i сялянскiя дзецi, якiя iшлi са школы, заўважылi на гары, дзе раней стаяў храм: сядзiць на каменi ў прамянiстым святле незвычайнай прыгажосцi панi i трымае ў руках iкону тую. Дзецi пабеглi па настаўнiка, а калi вярнулiся - на каменi гарэла свечка i ляжала тая самая iкона. Цяпер той камень знаходзiцца ў адной з цэркваў Жыровiцкага манастыра. Там i цудатворная iкона. Цудадзейнае тое месца - бываеш там, i цягне зноў i зноў...
Мiкола са здзiўленнем пазiраў на сябра.
- Ты быў там?
- Некалькi разоў, - усмiхнуўся Антось. - Заўсёды перад экзаменамi, i вочы лячыў, ваду браў у цудатворнай крынiцы. Мне Аленка параiла.
- А мне здаецца, што гэта казка, - сказаў Мiкола i павярнуўся да Сцяпана. - А як ты думаеш?
Той пацiснуў плячыма. "Чаму ён нiколi не выказвае сваiх поглядаў? падумала Iрэна. - "Хто мудры - той заўсёды маўчыць"? Цi "Маўчыць той, каму няма чаго сказаць, бо галава пустая"? Загадкавы хлопец. А загадкавае прыцягвае".
II
Палаткi раскiнулi на ўскрайку сяла на прыгожым поплаве, сярод зялёнай травы i маленькiх стракатых кветак. Хараство i цiшыня панавалi навокал. Аленка лягла на траву, i ёй здалося, што зямля дыхае. Яна глядзела ў бок манастыра, i здавалася ёй, што вярнулася яна дадому - такая мiлая была ёй гэтая мясцiна! У Жыровiчах, акрамя бабулькi, жыве яе стрыечная сястра Таццянка, у яе такi слаўны хлапчук - Алесiк! Вельмi любiць яго Аленка. I яна, папярэдзiўшы Анатоля, заспяшалася да Таццянкi. I як жа здзiвiлася, калi ўбачыла там сваю мацi. Расчырванелая, падпiтая Соф'я сядзела з Алесiкам на канапе.
- Алесiк кажа, што цябе не любiць! - заявiла яна, выцiраючы далонню вусны, нахiлiлася да малога. - Праўда, сынок? Скажы ёй!
Хлопчык засаромеўся, схаваўся за яе спiну.
- Глупства вы, цётка, кажаце! - сказала Таццянка i павяла Аленку на кухню, каб пачаставаць.
Загаварылi пра вучобу, жыццё. На парозе з'явiлася Соф'я.
- Чуеш! - звярнулася да Аленкi. - Я й кажу яму, каго ты больш любiш: мяне, што табе ўсё купляю, цi Аленку, якая нiчога табе не купляе? Дык ён кажа: цябе! Цябе, цётачка! - зарагатала Соф'я.
Аблiзала вусны i дадала:
- Дачушка, налi квасу!
- Якога табе квасу? - не зразумела Аленка.
- Ды не ты! - махнула рукою Соф'я. - Ты - свякрусiна дачка, бабкi сваёй любiмай, i таткi свайго, калекi! А мая - вось! - яна абняла Таццянку. - Маю дачушку ўзялi замуж, а цябе нiхто не бярэ!
I яна навалiлася на Таццянку, абняла, зацмокала ў твар.
- Ай, цётка Соф'я! - вырывалася Таццянка. - Чаму вы Аленку не любiце?
- Няхай яе мая свякруха любiць! Я iх радню ненавiджу! Свякруха прыбягала, плакала: ой, ой, сястрычка мая памерла! Ха-ха-ха! Хутка й сама памрэ!
- Што, бабка Нiчыпарыха памерла? - са слязьмi вымавiла Аленка. - Чаму ты мне не сказала?
- Бо я ад радасцi п'ю i танцую! - засмяялася Соф'я. - Увесь ваш род загублю пад корань, бо жыццё маё загубiлi, гады!
I Соф'я загаласiла. Аленка выбегла з хаты i пайшла да сваёй бабулькi.
- Уздыхаеш, бедная! - абняла Аленку бабка. - Доўга яна яшчэ тваю кроў пiць будзе...
Сухенькая, сярэдняга росту, бабка была акуратнай i ладнай гаспадыняй, хоць апошнi час i не мела ўжо сiлы ўпраўляцца ў хаце, на агародзе i ў хляве. Трымала некалькi курэй ды аднаго парсюка. Прыходзiла Таццянка, дапамагала. Адзетая бабка сёння ў карычневую спаднiцу, паўзверх якой завязаны белы фартух, у сiнюю трыкатажную кофту, на галаве белая хусцiнка.
- Я табе грабеньчык у Баранавiчах купiла! - падала гасцiнец Аленка. - А дзе твая кошачка?
- Бегае, - усмiхнулася бабка i абняла Аленку. - А матка твая ж бiла яе, кошачку маю, як я жыла з вамi, - бабка выцерла рукою вочы, - i мяне не раз у галаву таўкла. Калi ж ужо табе, Аленачка, Бог шчасця дась? Малiся, донечка мая, малiся! Можа, падась Бог табе знак свой.
Бабка дастала з шуфлядкi свой малiтоўнiк i падала Аленцы.
- Вазьмi з сабою ў паход, спатрэбiцца.
Аленка падзякавала.
...Белыя фiранкi на вокнах, праз iх вiдаць кавалачак неба. Вышыты ручнiк на покуцi.
- Гэта ж я яго вышывала! - усмiхнулася Аленка. - А памятаеш, як да нас бабкi прыходзiлi на вячоркi? Гiсторыi розныя расказвалi. Бабка Вера чытала Мележа, "Людзi на балоце". Бабка Каця варыла трактарыстам абед i хвалiлася, што ёй столькi курэй кожны раз варыць прывозяць, што яна так наелася! Бабка Яўстрацiха прыходзiла, настаўнiкава мацi. Яе ўжо няма. Бабкi Маланнi няма, у якой брат манахам у Кiева-Пячэрскай лаўры.
- I сястрычкi маёй няма, - заплакала бабка. - Ты так любiла яе!..
Аленка абняла бабку.
- Усiх ты памятаеш, донечка, - прашаптала тая. - Каго няма, i тых добрым словам успомнiш. Хутка i я да iх пайду...
- Ну, што ты! - супакоiла яе Аленка. - Пажывi яшчэ. З кiм жа я застануся?
- З Богам, дзiцятка, з Богам, - закiвала галавою бабка. - Адзiн ён у нас з табою заступнiк...
- Усiм па цукерачцы да гарбаты! - гаманiла Галя, завiхаючыся ля вогнiшча. - Вось гэтая цукерка - апошняя, i я аддам яе Анатолю з Iрэнай, у iх сямейная палатка, няхай i цукерка будзе адна на дваiх!
I ўсунула яму ў руку карамельку.
- Так! Ужо рэўнасць пачынаецца? - павысiў голас Анатоль. - Гэта апошнi паход для цябе! Не бяру нават на турзлёты! Тваё месца - на кухнi!
- Ды не равi ты! - крыкнула на яго Iрэна. - Галя, давай мяняцца месцамi!
Яна забрала свой заплечнiк i спальнiк i панесла ў другую палатку.
- Галя, забiрай, калi ласка, свой спальнiк i нясi ў Толеву палатку! сказала настойлiвым тонам Iрэна. - Анатоль, ты няправiльна сябе паводзiш, трэба паважаць будучую жонку, шанаваць яе!
- Я павiнен клапацiцца пра ўсю групу! - адрэзаў той. - Што гэта за кiраўнiк, якi мiлуецца ў палатцы з будучай жонкай!
- А з кiм ён павiнен мiлавацца, з чужою нявестай?
- Нi з кiм! - крыкнуў Iрэне Анатоль. - Я з табою мiлаваўся, цi што, лялька ты размалёваная! Табе не ў паходы хадзiць, а на матрацы грэцца!
- Не смей абражаць Iрэну! - падышоў да яго Мiкола.
- Хлопцы, цiха! - супакоiў iх Антось. - Можа, Анатоль i праўду кажа: нельга кiраўнiку групы мiлавацца з будучай жонкай цi нявестай, а трэба дбаць пра ўсю групу. Вось Анатоль i выбраў нейтральнага чалавека суседам да сябе ў палатку - Iрэну. Яна ж - нiчыя нявеста. Таму раўнаваць да яе, Галя, табе няма чаго! Ну хочаш, я пайду спаць да Анатоля ў палатку? Я i Аленка! Згода? I нiкому не будзе крыўдна i цесна ў палатцы. Ну як, хлопцы?
Антось абвёў усiх позiркам. Сцяпан моўчкi, бы яго не датычыць, калупаў наском чаравiка трухлявы пень. Мiкола кiўнуў галавою. Анатоль уздыхнуў i прамовiў:
- Парадак! Канфлiкту няма!
...Над вуллямi кружылi кропкi-пчолкi, растапырыўшы крылцы, садзiлiся на кусты малiннiку, на белую квецень яблынь, акуратна пасаджаных у рады руплiвымi манашкамi. За садам, уздоўж возера, паважна хадзiў качур, кракаў, клiкаў качак да вады. Ускочыла ўгору рыбiна, схапiла мошку i знiкла ў возеры. Перавернуты човен прыткнуў смаляны бок да цаглянай агароджы манастырскага двара. Тут жа стаяла сучасная тэхнiка для апрацоўкi зямлi.
Аленка прайшлася ўздоўж агароджы, па вузкай упадзiне, пазiраючы ўгару на дрэўцы i кусты. Над iх верхавiнамi бялеў купал Багаяўленскай царквы. Узнялася наверх. Абышла царкву кругом. Пастаяла ля магiл архiрэяў i ля магiл без надпiсаў - толькi крыжыкi. Тут пахаваны браты i сёстры, манахi. Аленка падумала, што, мабыць, вельмi добра быць пахаванай вось тут, у манастыры. Нiхто не зруйнуе магiлу, не пабудуе на ёй дом. Цiшыня i ўтульнасць, спакой манастырскага жыцця i небыцця, вечнасцi.
Калi чалавек са спакоем i развагаю задумваецца пра смерць, значыць, ён пасталеў. Аленка прайшла паўз келлi, i ўпершыню ёй захацелася адзiноты i спакою.
Лучше кельи нет подруги
Средь монашеской среды.
Она лечит все недуги,
Избавляет от беды...
прашаптала Аленка словы вершаў невядомай манашкi. Верш гэты, як i ўсе артыкулы ў самадзейнай манастырскай газеце, быў без прозвiшча аўтара. А можа, яго складалi ўсе разам?
Знай одну только дорогу:
В храм и в келию свою,
Угождай с любовью к Богу,
Чтоб блаженствовать в Раю.
Аленка ўсмiхнулася, i такою нiкчэмнаю здалася ёй уся мiтусня ў свеце: бязглуздыя мары аб прывiдным каханнi, цяга да хутчэйшага замужжа, як быццам потым адкрыецца там для цябе рай, набыццё моднага адзення, салоны, пустыя размовы на фiласофскiя тэмы, спорт, палiтыка... Усё адна мiтусня... I ўсё гэта праходзiць з узростам: захапленнi, мары, каханне, вечным застаецца толькi Бог. I Любоў, але не тая, якую прыдумалi людзi, падмянiўшы сапраўднае бутафорыяй: мiлаванне-расстанне, слёзы-пацалункi, клятвы-здрады, а вось гэтая любоў, якая ў манастыры памiж людзьмi! Аленка ўспомнiла, як да яе звярталiся: "Сястрычка, сядай сюды, калi ласка!", "Сястрычка, у нас нельга апранацца так, даруй мне, грэшнай! Я табе зараз прынясу што-небудзь iншае", "Матушка, можа, вам цяжка?", "Братка, дапамажы, калi ласка". Усюды такая любоў, ветлiвасць, клопат аб iншых, што хочацца застацца тут назаўсёды. Учора Аленка стаяла ля плота ў манастырскiм садзе, а па той бок плота iшлi па вулiцы свецкiя хлопцы i лаялiся бруднымi словамi.
- Памяць (на белорусском языке) - Лидия Оробей - Русская классическая проза
- Процесс исключения (сборник) - Лидия Чуковская - Русская классическая проза
- Галя будет в понедельник - Иван Андреев - Драматургия / Русская классическая проза / Прочий юмор
- Сопромат. Сборник рассказов - Вячеслав Адамович Заренков - Русская классическая проза
- Данность жизни. Сборник рассказов - Вячеслав Адамович Заренков - Русская классическая проза
- Маё дзела цялячае (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Вераснёвыя ночы (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Пераправа (на белорусском языке) - Николай Лупсеков - Русская классическая проза
- Незагойная рана (на белорусском языке) - Василь Быков - Русская классическая проза
- Янка з Падлесся (на белорусском языке) - Сымон Хурсик - Русская классическая проза